Стравы з таркаванай бульбы не набылі свайго пэўнага месца ў абрадавым жыціі жыхароў паўднёвага захада Беларусі. Менавіта таму, што бульба атрымала распаўсюджанне нядаўна, адносна фарміравання вераванняў і традыцый беларускага этнаса. Але ж феномен такіх страў, у тым, што менавіта на тэрыторыі нашай краіны яны атрымалі найвялікшае масавае распаўсюджванне з неверагоднай колькасцю варыянтаў прыгатавання. У кожнай сям’і маецца шэраг рэцэптаў з таркаванай бульбы. Такія стравы сталі сапраўды брэндавым гастранамічным прадуктам і візітнай карткай краіны. І канешне самую вялікую колькасць варыянтаў прыгатавання маюць дранікі.
Як было ўжо схарактарызавана калегамі з Гродненскай вобласці – дранікі – папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць”, церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, галушкі, бульбяныя вожыкі, запражка і г.д..
На Берасцейшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: “полюбэныкі” (аг. Снітава Іванаўскага раёна); “дэруны”, “картопляныкы”, “аладкі” (в. Перхавічы Баранавіцкага раёна).
У класічным рацэпце дранікаў тры інгрэдыенты: бульба, надраная на тарцы, цыбуля і соль, і вось вакол гэтага простага рацэпта ўзнікаюць кулінарныя шэдэўры, створаныя з дапамогай ведаў, навакаў, густу і фантазіі гаспадынь.
Вось напрыклад, Чарапенька Галіна Іванаўна з в. Аранчыцы любіць гатаваць “Аладкі з ліскамі са смятанай”, а каб бліны былі хрумсткімі пячэ на свінным тлушчы, бо пры награванні тлушч мае больш высокую тэмпературу.
У в. Клятная і в. Чымерын Пінскага раёна, выпякаліся блінцы на “сніданне”, гэта было амаль што абавязковай святочнай стравай. На стале стаяла вялікая “лімэнёвая” міска з гарой картапляных блінцоў і да блінцоў прыгатаваная ціла сковорода “вэрэшчака” (у тэксце выкарыстоўваюцца дыялектныя словы). Са слоў Ніны Раманаўны Барышчук – “вэрэшчака” – смачная йіда, іі робылы з крохмала, яец, молока. Маты ў “лімэнёвую” мыску сыпала крохмал, выбывала яйца, добаўляла сіль, у конці добаўляла молоко і взбывала вілкою, ставыла ў піч запыкатыса. Крохмал маты так робыла: тэрла бульбу, сцыдьвала сок отдельно ў мысочку, крохмал, якый осядаў на дні мыскы промывала тры разы водою холодной. Промытый крохмал ложкою выбырала і ўпотрыбляла ў іду, чы шчэ куды. Картопляныі блінцы ілы з вэрэшчакою на свято “Коляды”, “Шчодрыкі”. Яшчэ адзіны варыянт вэрэшчакы – гэто зажаранэе сало, мясо і много цыбулі. Вэрэшчаку добаўляють і до другэі іды”. Вэрэшчака – ад слова вішчаць. У працэсе прыгатавання, пры награванні на патэльні страва пачынала выдаваць спіцыфічныя гукі, што напамінала віскатанне.
Прааналізаваўшы звесткі сабраныя з розных раёнаў Брэсцкай вобласці ад найстарэйшых носьбітаў, можна прыйсці да высновы, што дранікі ад бульбяных бліноў адрозніваюцца тым, што яны гатуюцца толькі з карняплодаў без мукі, крухмала, яек і іншых связуючых кампанентаў. Яны атрымліваюцца хрусткія і падрумяненыя. Можна дадаць лук і чорны перац; адрозненне бульбяных бліноў ад дранікаў – у тым, што бульбяныя бліны больш сакавітыя, тоўстыя, далікатныя і менш хрумсткія і падрумяненыя.
Стравы з таркаванай бульбы гатуюцца незалежна ад пары года або часу, гаспадыні гатуюць гэтыя стравы, як штодённа, так і на розныя жыццёвыя падзеі: вяселлі, імяніны, хрысціны і інш.
Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна – ўзор рэпрэзентацыі народнага музычна-інструментальнага выканальніцтва Гродзенскага Панямоння з тыповымі стылістычнымі характарыстыкамі. Народная музыка гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна фарміравалася ва ўзаемадзеянні з культурнымі плынямі суседніх рэгіёнаў і пад уплывам гістарычных падзей XX ст. Элемент складаецца з комплекса ўменняў і навыкаў ансамблевага выканальніцтва ў складзе капэлы традыцыйнай траістай музыкі (падбор музычнай партыі па слыху, дакладнае пачуццё рытму, свабоднае валоданне інструментам і музычнай імправізацыяй і інш.), музычна характэрнага мясцовага рэпертуару танцавальнай і абрадавай (вясельнай) музыкі, практыкі музычна-інструментальнага выканальніцтва ў мясцовай супольнасці.
На сенняшні дзень дакладна зафіксаваны даследчыкамі склад мясцовай музычна-інструментальнай капэлі, шырокавядомая ў рэгіёне і вельмі папулярнай у першай палове ХХ ст.: яна складалася з саліруючай скрыпкі, часам – узмоцненай кларнетам, акампануючага мелодыю гармоніка, акардыёна ці дуды, рытмізуючага музычную фактуру барабана. Элемент адносіцца да «мастацтва стабілізаваных капэль з налажаным міжпакаленным перайманнем». Для такіх капэляў характэрны: стабілізаванасць (сістэматычнае перыядычнае выканальніцтва на мясцовых вяселлях і танцавальных вячорках); абрадавасць (музыка на вяселлях) і танцавальнасць (музыка на танцавальных вячорках); міжпакаленнае перайманне, праяўленае ў сямейным гурце Ч.Жыха, а таксама змешаных (даросла-падлеткава-дзіцячых) калектывах Смаргонскага раёна.
Смаргонскія найгрышы ўключаюць цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных танцаў і некаторых песень.
Для музычнага рэпертуару інструментальнай традыцыі Смаргонскага раёна характэрны песенны склад мелодыі найгрышаў, паўторнасць і квартавыя хады ў невялікім дыяпазоне гучання мелодыі. просты рытмічны малюнак, выкарыстанне пераменнасці ладу (у асноўным з мінору ў мажор). разнастайнасць у тэмпавыя малюнках
У складзе пэўнага рэпертуарнага аб’ёму элемента вартыя ўвагі інструментальныя найгрышы, якія захаваліся на Смаргоншчыне:
цыкл вясельных маршаў: “Вясельны”, “Калі благаслаўлялі”, “Калі на каня сядалі”, “Як за стол садзіцца”, “Як усе госці ўселіся”, “Як дораць маладую”;
полькі “На кажухі”, “Полька-паспалітаўка”, “Чэшская”, “Шабасоўка”, “Петраградка” (“Таргашка”);
вальсы: “Вішанька” “Старынны вальс”; “Польскі вальс”; “Вальс Багдановіча”; “Златыя горы”, “Афіцыянтка”;
найгрыш “Велікодны”;
найгрышы да танцаў “Ліцвін”, “Нарэчанька”, “Кракавяк”, “Польскае танга”, “Польскі факстрот”, “Лявоніха”, “Обэрак”, “Куханэчак”, “Крэўскі мазурэк”, “Казачка” (“Казачок”), “Лысы”, “Магдаленка”, “Падыспан”;
найгрышы да песень: “Ой, ляцелі гусі з броду”, “Зялёны дубочак, шырокі лісточак”, “У полі тры дубы”, “Надзену я майку, майку галубую”, “Колькі ў небе зор” і інш.
Адметным прадстаўніком мясцовых музыкаў быў Уладзіслаў Іванавіч Будзько (1919-2016 гг.), унікальны музыка-самавук, які большую частку свайго жыцця граў са сваёй музычнай капэлай танцы і вяселлі па ўсёй акрузе. У 1990-я гады яго выканальніцкае майстэрства «з рукі на руку» пераняў мультыінструменталіст Чэслаў Альфонсавіч Жых, які зладзіў сямейную музычную капэлу і арганізаваў калектыў “Гулянок” з вучняў школы мастацтваў.
Сёння “Смаргонскія найгрышы” практыкуюцца на тэрыторыі г. Смаргонь і аг. Жодзішкі, дзе жывуць і працуюць носьбіты. Народная музыка Смаргоншчыны жыве і выконваецца па сённяшні дзень на вяселлях мясцовых жыхароў, а таксама на раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, танцавальных імпрэзах, фестывалях і конкурсах. Дзеці і моладзь засвойваюць музычную традыцыю шляхам выканальніцкага пераймання на розных інструментах праз навучанне ва ўзорным ансамблі народнай музыкі “Гулянок” ДУА “Смаргонская ДШМ імя М.К.Агінскага”, узорным фальклорным гурце “Нальшчаначка” ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа”, аматарскім калектыве супрацоўнікаў ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”. Традыцыя перадаецца ад спрактыкаваных музыкаў да маладых. Яны іграюць у складзе вышэйадзначаных аматарскіх калектываў, а таксама самастойна на святах і вечарынах для сваіх родзічаў, сяброў і знаёмых.
Захаванне традыцыйнай музыкі вітаецца жыхарамі Смаргоншчыны, якія ведаюць мясцовую музычна-інструментальную традыцыю і жадаюць, каб яна працягвалася
Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, распаўсюджанае на тэрыторыі Беларусі. На беларускіх землях яна з'явілася падчас станаўлення мясцовай папяровай вытворчасці ў XVI стагоддзі. Першапачаткова вырабы з паперы выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання царкоўных інтэр'ераў, абразоў. У XIX-пачатку XX стагоддзяў выцінанка стала традыцыйным заняткам. Яе выкарыстоўвалі ў царкоўных і свецкіх інтэр'ерах у якасці апраўлення вокнаў, дзвярэй, а таксама як абрусы і сурвэткі. У гэты ж час сталі папулярныя партрэтныя сілуэтныя выразанні і аб'ёмныя кампазіцыі з паперы — выявы птушак, ліхтароў, зорак асабліва падчас каляндарных святаў. У 1960-1970-я гады ў Беларусі адбылося адраджэнне выцінанкі, але ўжо на больш прафесійным узроўні. У абласных цэнтрах і рэгіёнах фарміруюцца аб'яднанні і школы майстроў, з'яўляюцца навуковыя даследаванні і публікацыі. На сённяшні дзень мастацтва выразання з паперы выкладаецца ў многіх установах адукацыі: мастацкіх школах, вучылішчах і універсітэтах. Пры гэтым выцінанка працягвае заставацца спосабам творчага самавыражэння. Рознымі шляхамі перадаюцца традыцыйныя веды і навыкі па выразанню з паперы з пакалення ў пакаленне. Для беларускай выцінанкі характэрныя каларыстычная стрыманасць, функцыянальнасць, кампазіцыйная строгасць. Стылістычна яна спалучаецца з іншымі відамі народнага мастацтва і сімволікай народнага арнаменту. Традыцыйна майстры выкарыстоўваюць розныя прыёмы выразання з паперы – ад простага выразання сіметрычных кампазіцый нажніцамі да злучэння складаных фігур з дапамогай нажніц і стамескі. На захадзе Беларусі выкарыстоўваецца традыцыйная тэхніка выразання па кардоне з дапамогай спецыяльнага разца і малатка. Сучасная беларуская выцінанка адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю жанраў і форм, кампазіцыйных рашэнняў. Але ў яе аснове ляжаць гістарычны вопыт, падыходы і метады, выпрацаваныя майстрамі з розных куткоў Беларусі.