Выцінанка – гэта ажурны сілуэт, які атрымоўваецца ў выніку выразання з белай, чорнай альбо каляровай паперы на аснове розных відаў сіметрыі, пасля чаго ствараюцца ўзорыстыя дэкаратыўныя вырабы.
Традыцыйная выцінанка – папяровая выразка зробленая без папярэдняй прамалёўкі выразаных контураў з аднаго суцэльнага ліста паперы, асноўнае прызначэнне якой – утылітарнае і дэкаратыўнае.
Тэхналогія стварэння беларускай выцінанкі грунтуецца на асаблівасцях матэрыялу: ліст тонкай паперы можна скласці ў любым кірунку і выразаць нажніцамі або нажом ўзор, які будзе ў дакладнасці паўтораны столькі разоў, колькі разоў быў складзены ліст. Чым танчэйшая папера, тым больш згібаў можна зрабіць. Стварэнне ўзору ў выразках - галоўны элемент працы, таму малюнку надаецца асаблівая ўвага. Узор залежыць, перш за ўсё, ад прызначэння вырабаў.
На Берасцейшчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі выцінанка мела свае адметныя рысы, але для іх усіх характэрныя наступныя агульныя асаблівасці:
-геаметрычнасць узораў;
-выкарыстанне своеасаблівага набору знакаў-архетыпаў, якія захаваліся яшчэ з паганскіх часоў у народным мастацтве;
-дэкаратыўнасць вобразаў.
У аснове тэхналагічнага вырабу выцінанкі ляжаць пэўныя сімвалы. Сімволіка ўзораў беларускай выцінанкі з'яўляецца традыцыйнай для арнаментаў розных відаў народнай творчасці (ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве і інш.).
Ёсць сімвалы, якія з'яўляюцца абавязковымі атрыбутамі тых ці іншых святаў. Такім, напрыклад, з'яўляецца сонца і яйка, як абавязковы атрыбут Вялікадня, зорка, як сімвал Каляд і г.д.
З паганскай міфалогіяй старажытных народаў відавочна звязаны зааморфныя і раслінныя матывы выцінанак. У большасці выпадкаў іх называюць проста “птушкі” і “дрэва жыцця”. Па сілуэце яны нагадваюць пеўняў, галубоў, сустракаюцца таксама і паўліны.
Варта адзначыць, што большасць матываў выцінанак пазней сталі геаметрычнымі і кветкавымі. Гэтую з'яву можна растлумачыць наступным чынам: выцінанкі атрымалі распаўсюд у той час, калі ў народным мастацтве сімвалізм сыходзіў на другі план, саступаючы месца ўпрыгожвальніцтву. Таму ў выцінанцы, як яркім узоры дэкаратыўнага мастацтва, дадзеная тэндэнцыя адлюстравалася асабліва выразна (як і ў вышыўцы, роспісу па тканіне і г.д.). Асабліва моцны ўплыў на развіццё выцінанкі аказаў гарадскі ўклад жыцця ў канцы XIX стагоддзя, у моду ўвайшлі матывы размаляваных фабрычных тканін, шпалер, ўзоры з альбомаў для рукадзелля і т.п
Найбуйнейшае адраджэнне выцінанкі на Берасцейшчыне пачалося ў пачатку 2000-х гадоў, калі, ужо тады, знакаміты берасцейскі майстар выцінанкі Вяль Святлана правяла шэраг майстар-классаў для работнікаў культуры вобласці, пасля чаго сцены ўстаноў культуры пачалі прыгожа аздабляцца класічнымі народнымі сюжэтамі выцінанкі (дрэва жыцця, птушкі і інш.). Паралельна ў г.п. Ружаны майстар выцінанкі Юрый Малышэўскі ствараў шляхам выразання скальпелем сюжэтныя папяровыя кампазіцыі на гістарычныя і жыццёвыя тэмы. Крыху пазней у Берасці развіваць выцінанку пачалі амаль адначасова дзве выбітныя майстрыхі Марына Марчук і Ніна Міхайлава, адна – перадавала майстэрства сярод студэнтаў, другая – навучэнцам сярэдняй школы. Вынікам гэтай працы сталі абласныя выставы выцінанкі і друкаванае выданне “Вялікодны вернісаж” (2010 г., выданне дадаецца).
Зараз ў вобласці грунтоўна займаюцца тэхнікай “выцінанка”, і перадачай яе малодшаму пакаленню каля 10 выбітных майстра.
Посцілка – узорыстатканы выраб дэкаратыўнага, утылітарнага, а ў мінулым і абрадавага прызначэння. Посцілкай засцілалі ложак, ёю накрываліся, вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты. Выраб посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору вядомы з кан. 19 ст., уяўляе сабой ткацтва палатна чорнага колеру, тканага палатняным перапляценнем (“у проста”), з накладаннем нітак для ўзору. Вызначаліся разнастайнасцю арнаментальных кампазіцый, каларытам.
Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору было распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але толькі ў Лепельскім раёне носьбіты змаглі перадаць свае веды майстрам Цэнтра рамёстваў, якія захоўваюць адметную традыцыю ткацтва. “Адзіялы накладаныя” – менавіта пад такой назвай посцілкі, выкананыя ў тэхніцы аднабаковага перабору, вядомы ў Лепельскім раёне. Выкарыстоўваюцца два варыянты такога перабору: “выкладаныя”, або “выкладанкі”, і “накладаныя”.
“Выкладанкам” уласцівы кампазіцыі з ярка выражанай сярэдзінай, бардзюрным абрамленнем і вузкімі шлячкамі з двух або чатырох бакоў. Нягледзячы на чорны фон, мастацка-дэкаратыўнае вырашэнне такіх твораў складае ўражанне лёгкасці і ажурнасці. Прастата кампазіцый, дзіцячая непасрэднасць у выбары арнаментальных матываў і іх стылізацыі, контурны абрыс буйных геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў, мазаічная гульня з рознакаляровымі элементамі дэкору, свабоднае, але ўраўнаважанае каларыстычнае вырашэнне з’яўляюцца яркімі адметнасцямі выкладаных дываноў Лепельшчыны. У такіх творах арнаментальныя матывы не паўтараюцца рапортна, а могуць мяняцца і свабодна кампанавацца майстрыхамі ў працэсе вырабу.
У адрозненне ад “выкладанага”, пры “накладаным” пераборы майстрыхі не імкнуцца строга паўтарыць каляровае вырашэнне аднолькавых матываў. Наадварот, рознакаляровыя ніткі закладваюцца досыць хаатычна, што парушае манатоннасць рапортнай кампазіцыі, надае ёй жывую дынамічнасць. У адрозненне ад “выкладанак”, пры вырабе “накладанак” арнаментальныя матывы паўтараюцца рапортна.
Майстрыхі Лепельшчыны для такога перабору робяць спецыяльную запраўку ў чатыры ніты, каб страчавыя ніткі можна было падымаць панажамі (для слупкоў запраўляюцца ніткі асновы ў няцотныя ніты (1,3), а страчавыя ніткі ў цотныя (2,4), але страчавыя ніткі могуць набірацца і на дошчачку). Адпаведна колькасці слупкоў, размежаваных страчавымі ніткамі, размяркоўваюць і выкладаюць элементы дэкору. Узорны ўток пракідваецца не праз усю шырыню тканіны, а толькі па асобных участках ніткамі рознага колеру. Колькасць узорных нітак, якія пракідваюцца ва ўток, павінна ўтварыць клетку. З клетак і ствараецца ўзор, які падбіраецца вольна. Для замацавання ўзорнага ўтку служаць страчавыя ніткі асновы, якія адначасова ўтвараюць фонавае палатно. Пры разваротах са сподняга боку ўзорныя ніткі ўтвараюць пяцелькі.
Самабытнасць ткацтва становіцца неад’емнай часткай сусветнай культуры. Глыбокая прыхільнасць народа звычаям і традыцыям сваіх продкаў вызначыла адну з найбольш яркіх адметных рыс сучаснай беларускай культуры – захаванасць яе каранёвага пласта і актуальнасць у наш час. Лепельскія ўзорныя посцілкі – гэта тая адметнасць, якая можа быць візітоўкай рэгіёна, брэндам. Сатканае на кроснах “накладанае адзіяла” можа дастойна ўпрыгожыць самы вытанчаны інтэр’ер, мець ужытак у побыце. А сам працэс вырабу – прывабным для турыстаў.
Абрад ”Розгары“ праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Важнейшыя кампаненты гэтага абраду: віццё вянка, провады вянка русалкі да могілак і фактычна ўшанаванне гэтага прыроднага духа. Бо русалка – гэта дух нівы, які сёлета напаўняе жыта сілаю, але сыходзіць час і мусіць быць праведзены да могілак.
Жыхары аграгарадка Лукомль з’яўляюцца адной супольнасцю не толькі па месцы жыхарства, але і супольнасцю, якая мае адметную традыцыйную культуру і прызнае гэты элемент як частку іх культурнай спадчыны. Жыхары таксама ганарацца тым, што паглядзець на абрад прыязджаюць прадстаўнікі прэсы, жыхары іншых вёсак і гарадоў. Фальклорны гурток, які захоўвае абрад, выязджае на відэаздымкі для тэлеперадач, удзельнічае ў раённых і абласных мерапрыемствах, каб больш людзей пазнаёміць з нематэрыяльнай спадчынай сваёй супольнасці.
Каштоўнасць абраду яшчэ ў тым, што ён звязаны з памяццю і павагай да сваіх продкаў, ад якіх перададзены наступнаму пакаленню для падтрымкі сваёй ідэнтычнасці, пачуцця самабытнасці.
Адметнасць абраду ”Розгары”:
1.1. з’яўляецца выразным фактарам фарміравання нацыянальнай і лакальнай ідэнтычнасці з падкрэсленым гонарам за сваю малую Радзіму і яе ўнікальную традыцыю;
1.2. выяўляе адметнасць у структуры беларускай традыцыі (вянок фактычна сімвалічна замяшчае самую русалку як сезоннага духа ўрадлівасці і разам з тым адноснага за сферы замагілля);
1.3. з’яўляюцца аўтэнтычнымі з пункту гледжання паходжання і рэалізацыі; і нават прынесенасць з суседняй вёскі не перашкаджае прызнанню яго мясцовым і аўтэнтычным;
1.4. уяўляюць сабой добры прыклад фарміравання эстэтычнага густу моладзі ва ўмовах панавання масавай культуры