Традыцыйная керамічная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, які звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, засяляўшых вярхоўе рэк Днепр і Заходняя Дзвіна. Па тэрыторыі праходзіў гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”. У познія часы праз дадзены рэгіён праходзілі водныя транзітныя шляхі,з сярэдзіны ХІХ – чыгуначныя дарогі, што абумовіла сувязь з гарадамі Расіі і Балтыі, блізасць традыцыйных формаў і вобразаў керамічных цацак, а таксама рапаўсюджванне па-за межамі лакальных цэнтраў. У гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна керамічная цацка адыгравае значную ролю, бо выступае сродкам захавання культурнай памяці, этнакультурнай ідэнтычнасці і сродкам выхавання дзяцей.
Ганчарны промысел на Аршаншчыне і Віцебшчыне развіваўся да 60-х гадоў ХХ стагодзя. У пачатку ХХ ст. керамічны посуд і цацкі прадавалі на кірмашах гарадоў, вывозілі ў суседнія гарады, Смаленск, Рыгу, Пецярбург. Як і посуд, цацкі абпалівалі ў тэхніцы дымлення, гартавання, а таксама дэкаравалі ангобам і глазуравалі. Напачатку ХХ ст. ў Дуброўне цацкі пачалі размалёўваць па нанесенай паперад белай аснове, у Бабінавічах, Віцебску, Бешанковічах і Полацку застаецца традыцыйны дэкор тэракоты белым ангобам і палівай. Калекцыі дубровенскай цацкі захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў Расіі (г. Санкт-Пецярбург), Дубровенскім краязнаўчым музеі, Дубровенскім раённым цэнтры народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці. Калекцыі археалагічных цацак г.Оршы, в. Бабінавічы Лёзненскага раёна, г. Віцебска і г. Полацка захоўваюцца у зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, Полацкім краязнаўчым музеі, Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны, а таксама ў прыватных калекцыях.
Захавалася 16 тыпаў (вобразаў) традыцыйнай дубровенскай цацкі. Найбольш архаічнымі з’яўляюцца гетэраморфная свістулька птушкі (існуе 3 варянты: птушка/гусь, птушка/певень; птушка/конь – спалучэнне галавы птушкі і тулава каня. Цацка “вершнік” мае 4 варыянты архаічнай формы: вершнік на кані; вершнік ў выглядзе абагуленай цыліндрычнай постаці на кані, вершнік на птушцы і вершнік на птушцы/кані. Свістулькі: “конік”, “баран”, “карова”, “сабака”, “жаўранак”, “качка”, “салавей” таксама маюць абагуленыя лаканічныя формы і належаць да вясковай традыцыі. Антрапаморфныя цацкі “баба з дзіцяці”, “дзед з унукам”, “лялька” (“дубровенка”), “лялька з немаўляці”,“гарманіст”, “хлопец”, “гаспадар з птушкай”, і сюжэтная цацка “пара” (кавалер і паня) не маюць свісткоў. Яны адносяцца да позняга этапу развіцця дробнай народнай пластыкі местачковага характару мяжы ХІХ-ХХ стст. Сваёй лакальнай назвай гэтыя цацкі абавязаны майстру Ганне Стэфаўне Марачовай (1887-1976), якая данесла да нас традыцыйныя вобразы і тэхналогію вырабу. Адраджэннем Дубровенскай цацкі займаюцца майстры Л.Ф.Чэрвінская, В.С.Аляксеева.
Аршанская цацка (7 вобразаў) адноўлена паводле археалагічных артэфактаў: фрагмента цацкі/гаршчэчка “салавей” (раскоп ХІІІ ст.), фрагментаў цацкі “конь/птушка”, конь – фрагмент “вершніка”, “баранчык”, а таксама паводле этнаграфічных цацак канца ХІХ-пачату ХХ ст. “козлік”, “дзяўчына у шляпе” з в.Берасценава Аршанскага раёна. Цацка “вершнік на птушцы” адноўлены паводле цацкі Н.А.Камінскай з в.Дрыбін, якая знаходзіцца недалёка ад Аршанскага раёна. Пошукам і рэканструкцыяй традыцыйнай глінянай цацкі займаецца Т.У.Шынкарова.
Бабінавіцкія цацкі (9 вобразаў), якія вырабляюцца на Лёзненшчыне, дэманструюць найбольш познія ўзоры развіцця ганчарнай традыцыі, якая трымалася да 1980-х гадоў. Вылучае бабінавіцкі паліваны посуд і цацкі ангобны роспіс, які рабіўся з дапамогай каровінага рогу з дзіркай на канцы. Ганчарны посуд і цацкі М.Ю.Арэхава (1928-1982) і І М.М.Траяноўскага (1927-1990) атрымалі прызнанне на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах народнай творчасці. Асабліва папулярнымі былі графіны, бочачкі-барылкі з мядзведзямі ў якасці пластычнага дэкору. Арына Рыжкова (1893-1945) ляпіла зааморфную свістульку: конікаў, птушак, свісцёлак са змеямі і птушкамі, гаршчочкі “салаўі”, якія напаўняліся вадой і імітавалі птушыныя гукі. М.Ю.Арэхаў і М.М.Траяноўскі надалі традыцыйнай свістульцы “вершнік” новую вобразнасць – пачалі ляпіць вайскоўцаў у пілотках, цыганоў і партызан з аўтаматамі за плячыма. Бабінавіцкія свістулькі адрозніваюцца наіўна-рэалістычным характарам вобраза, аднак формы засталіся традыцыйнымі: гэта вершнікі, птушкі на адной ножцы або без апоры, сычы з апорай на 2 нагі і хвост-свісток, свісцёлкі з вужамі, мядзведзямі, птушкамі. Усе згаданыя формы аднавіла і працягвае вырабляць І.А. Варона.
Да традыцыйных вобразаў сенненскай цацкі адносяцца 7 свістулек: конік (2 варыянта з апорай тулава на 3 і 4 кропкі), баран, сабака, парсюк, жаўранак і паўлін. Сененскія цацкі адрозніваюцца сваім архаічным выглядам, лаканічным выразным сілуэтам і спосабам заглажвання паверхні свістулек палатніком (тканінай) пасля яе лепкі. Жаўранак вылучаецца сціплай каронай-грабеньчыкам на галаве, паўлін мае каронку на галавае і крыху большую карону – хвост на тулаве. Арыгінальным з’яўляецца архаічны вобраз коніка на трох апорах тулава, а таксама вобраз свінкі са свістком у лычыку жывёлы. Дадзеныя вобразы ўласцівы для старажытнай сялянскай глінянай цацкі, звязаны з земляробчымі культамі славянаў. Сваёй мясцовай назвай гэтыя цацкі абавязаны апошняму носьбіту традыцыі, майстру Г.П. Глухараву (1932-1990), як нарадзіўся, жыў і працаваў ў вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Усе 7 вобразаў зараз прысутнічаюць ў асартыменце вырабаў Квашко У.І.
Узоры адноўленых гліняных цацак (6 вобразаў) Бешанковіцкага раёна адпавядаюць археалагічнай цаццы сярэдзіны 16 ст. і этнаграфічным цацкам, якія былі шырока распаўсюджаны у другой палове 19 – першай палове 20 ст. У параўнанні са свістулькамі ішых рэгіёнаў яны вылучаюцца сваім ангобным дэкорам у выглядзе кропак і маленькіх плям, нанесеных метадам распырскавання альбо выбелеваннем асобных дэталяў. Унікальная антрапаморфная свісцёлка-бразготка з берага р.Зах.Дзвіна аг.Ула Бешанковіцкага раёна датуецца сярэдзінай 16 ст. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі захоўваецца фрагмент падобнай цацкі 17 ст. – 5 традыцыйных цацак: “вершнік” і зааморфныя свісцёлкі канца 19 – пачатку 20 стст. (“баранчык”,”конік”, “конік з сядлом”, “вершнік”) знойдзены на сядзібах ганчароў у Бешанковічах. Гэтыя формы рэканструявала і шырока практыкуе кераміст Аўчыннікава А.І. На іх аснове зроблены стылізаваныя цацкі, якія пашыраюць тэматыку адпаведна літаратурным апісанням і ўспамінам старажылаў Бешанковіцкага раёна.
5 віцебскіх цацак (антрапаморфная цацка, вершнік, сабака, конь з сядлом, качка – 17 ст.) аднаўлены паводле археалагічных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопаў Ніжняга замку (арх. Т.Бубенька) і раёна Задунаўя (арх. В.Ляўко). Сярод іх унікальная цацка, якая атрымала умоўную назву “малец” (мясцовая гаворка). Яна адметная лаканічнай пластыкай сваёй постаці, абрысы якой набліжаны да формы пентаграмы. Паказальнай з’яўляецца свістулька “конь з сядлом”, які апіраецца на 2 пярэднія нагі, а тулава пераходзіць у свісток. Свістулька “вершнік” адноўлена паводле знойдзенага артэфакта ў 2018 годзе на беразе рэчкі Вымнянка ў гарадскім пасёлку Янавічы Віцебскага раёна. Тут ганчарнае рамяство існавала да 1940-1950-х гг., калі яшчэ працавала вядомая ганчарная дынастыя майстроў Разважных. Усе вытворчыя працэсы – ад нарыхтоўкі сыравіны да абпалу посуду – засноўваліся на сямейнай працы. Аднаўленнем віцебскіх традыцыйных цацак займаецца Сарбаш А.Л.
Полацкія цацкі (8 вобразаў) таксама адноўлены паводле музейных артэфактаў і археалагічных знаходак, апісанне якіх змешчана у каталогу “Цацкі” . Агульная колькасць знаходак – 93 адзінкі. Усе яны выяўлены на тэрыторыі Полацка: у цэнтральнай частцы горада, у Запалоцці і Задзвінні, тэрыторыі былога езуіцкага калегіума. Найбольш яркімі вобразамі з’яўляцца свістулькі “конік” у двух варыянтах: са спарынымі пярэднімі нагамі і на растаўленых нагах з выцягнутай дугой шыяй. Рэдкім узорам народнай смехавай культуры з’яўляецца цацка “камедыянт” Колькасць знаходак увесь час павялічваецца. У 2018 г. Верташонак А.С. знайшоў на тэрыторыі Верхняга замка свістульку-гаршочак “салавей” ХVІІ-ХІХ стст. Калекцыю адноўленых цацак складаюць: “вершнік”, “камедыянт” “баранчык”, ”конік”, “конік з сядлом”,”качка”, “салавей”, свісцёлка-дудачка з птушкай. Характэрнай асаблівасцю полацкіх цацак з’яўляецца ангобны роспіс, які мае канструктыўна-дэкаратыўны характар. Рэканструкцыяй полацкай цацкі займаецца Зяленская К.У.
ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” праводзіць адкрытыя абласныя святы глінянай цацкі “Салавейка” (2015, 2016, 2017, 2018, 2019) і шырока папулярызуе традыцыйныя народныя цацкі вобласці. У 2018 г. выдадзены альбом “Забава: народныя цацка і лялька Віцебшчыны” , дзе змешчаны ўзоры традыцыйнай глінянай цацкі Бешанковіцкага, Віцебскага, Дубровенскага і Сененскага раёнаў, а таксама інфармацыя пра творчасць майстроў.
Штогод у аграгарадку Маркава на першы дзень Вялікадня адбываецца ваджэнне “Велікоднага карагода “Лука””. Лука – гэта дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Жыхары аграгарадка ладзяць карагод каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы. (У дадзены момант месца правядзення абрада ўдакладняецца). Самая старэйшая жанчына Маркава Віктарава Марыя Пятроўна ў цэнтры карагода растаўляе “качаны”. Яны ўяляюць сабой асобныя групы дзяцей (ад трох да дзесяці). Вакол “качаноў” водзяць карагод адмысловым чынам. Вадзіць карагод першапачаткова дазвалялася толькі асобам жаночага полу. У цяперашні час да карагода далучаюцца мужчыны і дзеці. Удзельнікі карагода спяваюць песню “Ой, Лука, мая Лука”.
У ДУА “Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна” мясцовымі настаўнікамі вядзецца праца па перадачы традыцыі. Шмат маладых людзей удзельнічаюць у карагодзе на Вялікдзень.
“Велікодны карагод “Лука”” з’яўляецца ўстойлівым элементам лакальнай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Больш у раёне такая традыцыя нідзе не прадстаўлена.
Мясцовая супольнасць прызнае вартасць карагода і вызначае яго як частку сваёй культурнай спадчыны, якую неабходна перадаць будучаму пакаленню.
Тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду першапачаткова была шырока распаўсюджаная сярод жыхароў вёскі Рылавічы Іванаўскага раёна, а з 2000 года лягла ў аснову праграмы і вучэбнага плану дзяржаўнай установы адукацыі «Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці».
Выраб драўлянага бандарнага посуду ў в. Рылавічы – у яго спрадвечным, праўдзівым варыянце – унікальны тым, што для яго не трэба нічога штучнага.
Бондарамі ў в. Рылавічы спакон веку былі толькі мужчыны. Звязана гэта з тым, што рамяство патрабуе прымянення немалой фізічнай сілы. Дадзенай традыцыі прытрымліваюцца на сённяшні дзень і ва ўстанове адукацыі.
Рылавіцкія майстры з вялікай адказнасцю адносіліся да выбару пароды дрэва. Яе прымяненне, ў першую чаргу, залежала ад прызначэння бандарнага посуду. У сваёй практыцы майстры падбіралі і выкарыстоўвалі мясцовую пароду драўніны.
Ад выбару матэрыялу залежыць і трываласць бандарнага посуду. Пачынаючы нарыхтоўку клёпак для бочкі, майстар у першую чаргу звернецца да дубовай драўніны (8-гадовай сушкі) або лісцяныя пароды драўніны. Бочкі, зробленыя з драўніны гэтых парод, вытрымліваюць самыя неверагодныя нагрузкі, асабліва пры перавозцы ці перакатванні з месца на месца.
Мясцовая тэхналогія вырабу бандарнага посуду ажыццяўлялася па мерках заказчыка (сажань, аршын, плячо, далонь). Гэта было звязана з тым, што прадукт, які знаходзіцца ў такім посудзе, пачне рэзанаваць з арганізмам гэтага чалавека. Мясцовыя бондары лічылі, што гэта прынясе ўладальніку здароўе і радасць.
Выкарыстанне шаблонаў і лекал, адпаведных форме і памерам пэўнага бандарнага посуду не ўжывалася, гэта знайшло сваё адлюстраванне ў ідэнтычным драўляным посудзе.
Пры вырабе бандарнага посуду народныя майстры выкарыстоўваюць толькі традыцыйныя сталярныя, слясарныя і спецыяльныя бандарныя інструменты.
У сучасных умовах ва ўстанове адукацыі выкарыстоўваецца і станочное абсталяванне.