Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны
Вобласць:
Раён:
Традыцыя выканання народнага танца “Кадрыля” ў Гродзенскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 43БЛ000186
Дата ўключэння: 09/04/2026
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 26.03.2026 № 04-01-02/3. Пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 09.04.2026 № 40, ад 06.05.2026 № 55
Шыфр (у Інвентары): НКС-20260728
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыя выканання народнага танца “Кадрыля” ў Гродзенскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Мясцовыя жыхары в. Валовікі, в. Чуркі, аг. Граўжышкі, аг. Кальчуны, аг. Гальшаны Ашмянскага раёна; г. Ашмяны; Творчыя калектывы філіялаў “Сельскі клуб аг. Кальчуны”, “Сельскі клуб аг. Граўжышкі”, “Сельскі клуб аг. Кракоўка” дзяржаўнай установы культуры “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”; Удзельнікі фальклорнага інструментальнага ансамбля “Граўжышкоўскія музыкі” філіяла “Сельскі клуб аг. Граўжышкі”, фальклорнай групы “Скарбніца” філіяла “Сельскі клуб аг. Кальчуны”, народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” філіяла “Сельскі клуб аг. Граўжышкі”, народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” філіяла “Сельскі клуб аг. Кракоўка” дзяржаўнай установы культуры “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”. Мясцовыя жыхары в. Грабава Зэльвенскага раёна, г.п. Зэльва; Творчы калектыў ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”; Творчы калектыў ДУК “Зэльвенскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”; Удзельнікі ўзорнага танцавальнага ансамбля “Зальвяначка” ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”; Удзельнікі народнага ансамбля народных інструментаў “Калаж” настаўнікаў ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”. Мясцовыя жыхары в. Тударава Карэліцкага раёна, г.п. Карэлічы; Творчы калектыў ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”; Удзельнікі фальклорнага танцавальнага калектыву “Спадчына” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”; Народны ансамбль народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” філіяла “Цырынскі Дом культуры” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”. Мясцовыя жыхары в. Масцішча Навагрудскага раёна, г. Навагрудак; Творчы калектыў ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; Народны ансамбль песні і танца “Свіцязь” ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Арэал распаўсюджвання:
Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» в. Валовікі; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» в. Граўжышкі; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» в. Чуркі; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» аг. Кальчуны; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» аг. Гальшаны; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» аг. Кракоўка; Гродзенская вобласць
» Ашмянскі раён
» г. Ашмяны; Гродзенская вобласць
» Зэльвенскі раён
» в. Грабава; Гродзенская вобласць
» Зэльвенскі раён
» г.п. Зэльва; Гродзенская вобласць
» Навагрудскі раён
» в. Масцішча; Гродзенская вобласць
» Навагрудскі раён
» г. Навагрудак; Гродзенская вобласць
» Карэліцкі раён
» в. Тударава; Гродзенская вобласць
» Карэліцкі раён
» г.п. Карэлічы;
Кароткае апісанне элемента: Традыцыя выканання кадрыляў на Гродзеншчыне – адметны элемент культурнай спадчыны рэгіёна, які спалучае ў сабе танцы і жывую музыку. У вобласці існавала і існуе вялікая колькасць мясцовых варыянтаў кадрылі. Дзве з іх (“Дэмбраўская кадрыля” Шчучынскага раёна і “Котчынская кадрыля” Мастоўскага раёна) занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Выканальніцкія мастацтвы » Танцы Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Камунікатыўная функцыя. Праз зносіны членаў супольнасці падчас практыкі кадрыляў на Гродзеншчыне адбываецца перадача пэўных ведаў і навыкаў з пакалення ў пакаленне, наладжваецца сувязь як між пакаленнямі, так і ўнутры супольнасці. Кансалідуючая функцыя. Практыка кадрылі аб’ядноўвае пэўную супольнасць вакол дакладнай ідэі. Традыцыя спрыяе захаванню і перадачы культурнага здабытку ад пакалення да пакалення, адчуванню еднасці ў супольнасці сродкамі агульнай спадчыны. Аксіялагічная функцыя. Практыка традыцыйнага танца ўносіць уклад у фарміраванне сістэмы каштоўнасцей і норм, неабходных для існавання як асобнай супольнасці, так і грамадства ў цэлым. Ідэнтыфікацыйная функцыя. У кадрылях адлюстроўваюцца асаблівасці культуры і гісторыі рэгіёна, якія спрыяюць самавызначэнню членаў супольнасці ў соцыуме. Выхаваўчая функцыя. Іграе асаблівую ролю ў сучасным гендэрным выхаванні моладзі, адлюстроўвае праз танцавальнае мастацтва культуру адносін паміж абодвума паламі. Адукацыйная функцыя. Практыка мясцовых кадрыляў як “жывы” архіў, які захоўвае і перадае наступным пакаленням сацыяльна значную інфармацыю пра гісторыю, вопыт і творчую дзейнасць супольнасці (грамадства), дазваляе моладзі асвойваць навыкі, якія могуць уплываць на выбар прафесійнай і іншых відаў дзейнасцей у будучым Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Упраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Сектар культуры Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Сектар культуры Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта Сектар культуры Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аддзел культуры Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Дзяржаўная ўстанова культуры “Ашмянскі раённы цэнтр культуры” Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў” Дзяржаўная ўстанова “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Дзяржаўная ўстанова культуры “Навагрудскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Паходжанне элемента: Паводле літаратурных крыніц, кадрыля – познетрадыцыйны асіміляваны танец, які ўтварыўся шляхам натуральнай асіміляцыі, вынікі якой найбольш адчувальна выявіліся ў сферах выканальніцтва і формы. Прыўнясенне характэрных змяненняў у лексіку і стыль выканання, укараненне звыклых традыцыйных танцаў у новыя формы (напрыклад, “Лявоніхі”) і іншыя пераасэнсаванні ў значнай ступені змянілі першапачатковае аблічча танца-прышэльца. Што тычыцца гістарычных вытокаў распаўсюджвання кадрыляў на Беларусі і ў прыватнасці ў Гродзенскай вобласці, то яны звязаныя з XIX-XX стст., калі сялянская моладзь шлюбнага ўзросту збіралася восеньскімі і зімовымі вечарамі ў адной хаце на так званыя вячоркі, якія ў той час былі адметнай з'явай побыту. Танцы, якія выконваліся падчас вячорак, служылі своеасаблівым сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання, а таксама важным момантам зносін паміж хлопцамі і дзяўчатамі, адным з сімвалічных этапаў збліжэння дзвюх асоб. Кадрылі, як і іншыя побытавыя танцы, былі сродкам выказвання павагі адзін да аднаго, пашаны да музыкантаў, якія “гралі кадрылі”, варыянтам псіхалагічнай разгрузкі, першым крокам да стварэння сем’яў, пачаткам перадшлюбных адносін, творчай праявай ладу, спагады і радасці ў вёсцы. Мясцовы танец “Валовіцкая кадрыля” выконваюць на Ашмяншчыне па сённяшні дзень падчас правядзення народных святаў, а таксама ў рамках культурных праектаў па папурярызацыі традыцыйнай культуры (напрыклад, “Тыдзень традыцыйнай культуры”). На працягу дзесяцігоддзяў старанна захоўвалі адметную мясцовую кадрылю жыхары вёскі Валовікі. Танцавалі яе і ў вёсках Гальшаны, Чуркі, Кальчуны, Граўжышкі, Шчапанавічы, Вайшнарышкі і інш. “Валовіцкая кадрыля” запісаная ў 1984 годзе Шурбак Марынай Паўлаўнай ад Жаландзеўскай Яўгеніі Аляксандраўны, Янкоўскай Ядвігі Станіславаўны, Цярэшка Івана Вікенцьевіча (акардыяніст), Збароўскай Ірыны Іванаўны, Каралевіча Віктара Іванавіча. Былы кіраўнік узорнага ансамбля песні “Званочкі” г. Ашмяны Федарэнка Вера Іванаўна у перыяд 1985-1990 гг. дала штуршок для захавання амаль знікаючай на той момант выканальніцкай традыцыі. Пад кіраўніцтвам Раманьковай Ганны Сцяпанаўны і Шурбак Марыны Паўлаўны, што ў свой час працавалі разам з Верай Іванаўнай у школе, удалося апісаць тэхніку выканання танца і перадаць яе фальклорным калектывам з Граўжышак і Кальчун у нязменным выглядзе, якія ў сваю чаргу сёння папулярызуюць танец на мерапрыемствах фальклорнага накірунку. Варта адзначыць, што жанчыны некалі стварылі і сцэнічны варыянт кадрылі, замяніўшы адзін з найбольш важных элементаў, які назвалі “шорканне нагамі”, на больш звыклы – “трыкрок”. Сцэнічны варыянт застаўся ў скарбонцы балетмайстраў, з ім доўгі час выступалі ўдзельнікі калектываў на розных сцэнах. Асабліва важна, што жанчыны змаглі перадаць выкананне традыцыйнай кадрылі фальклорнай групе “Скарбніца” з Кальчун у нязменным выглядзе (цяпер удзельнікі ва ўзросце, не выконваюць). Традыцыйная “Валовіцкая кадрыля” працягвае сваё жыццё цяпер дзякуючы ўдзельнікам фальклорна-інструментальнага калектыву “Граўжышкоўскія музыкі”, часткова ўдзельнікам народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” (у складзе і дзеці, і дарослыя), удзельнікам народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, якія захоўваюць і папулярызуюць выкананне танца. Танец “Грабаўская кадрыля” бытаваў у вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна ў пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя. Яго танцавалі на вячорках і вяселлях, перадаючы ўменні праз сям’ю і акружэнне. У 1972 годзе ў вёсцы Грабава быў створаны самадзейны танцавальны калектыў, які неаднаразова прымаў удзел у раённых і абласных аглядах мастацкай самадзейнасці. Кадрыля была перанята супрацоўнікамі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Зэльвенскага выканкама ў 1986 годзе ад наступных жыхароў вёскі Грабава Зэльвенскага раёна: Міхалькевіча Івана Паўлавіча, Сліж Марыі Васільеўны, Рудога Канстанціна Васільевіча, Мацкевіч Наталлі Іосіфаўны, Радкевіч Зінаіды Іванаўны. У 2006 годзе да дэтальнага вывучэння танца далучыўся харэограф раённага дома культуры Жукоўскі Цімафей Пятровіч, які па сённяшні дзень з’яўляецца яго транслятарам. Па ўспамінах жыхаркі в. Грабава Зэльвенскага раёна Сліж Марыі Васільеўны: “Пачалі танцаваць у клубе, мы яшчэ былі малыя, ад таго пакалення мы танцавалі. Як выйдзем танцаваць, аж клуб разлягаецца!.. А кадрыль была і “Пераход”, і “Хустачка”, і “Мышка”… А пары находзілі – адно з адным ішло. Кажда свайму хлопцу кідае хустачку. Калі чужы паймае, яна тады танцуе з чужым. Музыканты былі свае. У Грабава граў на гармоні Міхалькевіч Юзік”. У сярэдзіне XX стагоддзя жыхарка вёскі Тударава Шэўка Ксенія Нічыпараўна расказала даследчыкам, што добра памятае з дзяцінства, як дарослыя танцавалі кадрылю пад назвай “Круглая”, якой завяршалі мясцовыя вясковыя святы. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя кадрыля стала называцца “Тудараўская”, мае характэрныя адзнакі, своеасаблівую манеру выканання. Сёння пераемнікам і прадаўжальнікам мясцовых мастацкіх традыцый з’яўляецца фальклорны танцавальны калектыў “Спадчына” (мастацкі кіраўнік – Юлія Раманаўна Шахрай) ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” (заснаваны ў 1967 годзе). Кадрыля выконваецца людзьмі рознага ўзросту (ад 20 да 60 гадоў) з самых розных прафесійных сфер. Заснавальнік фальклорнага танцавальнага калектыву в. Тударава Карэліцкага раёна Васіль Уладзіміравіч Чартко ўзгадвае: “Аднойчы інспектар аддзела культуры мне падсказала, што ў вёсачцы Тударава ёсць цудоўная кадрылька…Пад’едзьце і паглядзіце! Гэты танец танцаваўся на вечарынках, не выносіўся на сцэнічаскі варыянт, а прама на вечарынках танцаваўся. Гэта цудоўная кадрыль стала візітнай картачкай нашага Карэліцкага раёна. І вось аднойчы ў Гродна праходзіў фестываль сельскай мастацкай самадзейнасці. На гэты фестываль прыглошваў міністр культуры Міхневіч Юрый Міхайлавіч. Ён сам адбіраў намяры для заключнага канцэрта сельскай мастацкай самадзйнасці. І вось на гэтым канцэрце наша кадрыль папала ў гэты спісак…” Дзякуючы Васілю Уладзіміравічу кадрыля была вынесена на сцэну і такім чынам захавалася да нашых дзён. “Масцішчанская кадрыля” ў Навагрудскім раёне запісана ў 1974 годзе ад жыхароў вёскі Масцішча (Ката Міхаіла Іванавіча і Валенцюкевіча Канстанціна Раманавіча), якія былі ўдзельнікамі творчага калектыву Масцішчанскага сельскага Дома культуры. Загадчык аддзела культурна-масавай работы і народнай творчасці ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Ліннік Сяргей Мікалаевіч пераняў уменні ад Грынько Соф’і Міхайлаўны, былога дырэктара Масцішчанскага сельскага Дома культуры яшчэ ў школьныя гады, калі быў удзельнікам танцавальнага гуртка. Сёння кадрыля папаўняе рэпертуар народнага ансамбля песні і танца “Свіцязь” ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. У склад калектыву ўваходзяць людзі розных узростаў і прафесій (навучэнцы школ, студэнты, настаўнікі, індывідуальныя прадпрымальнікі і інш.) Стан бытавання: развіццё ці распаўсюджванне Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Згуртаванасць вясковых супольнасцей, сяброўскія зносіны, атмасфера еднасці, імкненне да пражывання агульных станоўчых эмоцый – захаваныя з мінулых часоў праявы мясцовага менталітэту знайшлі адлюстраванне і ў традыцыі выканання кадрыляў на Гродзеншчыне. У цэлым, Гродзенская вобласць, размешчаная на захадзе Беларусі, мае багатую гісторыю і адметнае сацыяльна-эканамічнае развіццё, асабліва ў кантэксце вясковага жыцця. Вёскі Гродзенскай вобласці вызначаюцца сваёй культурнай спадчынай, традыцыямі і эканамічнымі асаблівасцямі. Нягледзячы на развіццё, сутыкаюцца з праблемамі: адток моладзі ў гарады, старэнне насельніцтва, абмежаваны доступ да медыцынскіх і адукацыйных паслуг. У гістарычным плане асаблівую цікавасць уяўляе сабой вёска Валовікі ў Ашмянскім раёне. Верагодна, вёска атрымала сваю назву дзякуючы ўладанню яе тэрыторыяй прадстаўнікамі ўплывовага ў свій час шляхецкага роду Валовічаў. Ашмянскі раён у цэлым мае багатую гісторыю, шматлікія гісторыка-культурныя каштоўнасці (Петрапаўлаўскі касцёл у в. Баруны; помнік прыроды рэспубліканскага значэння і адначасова элемент НКС вобласці – цудатворны Нявесцін камень; Гальшанскі замак і г.д.) і на сённяшні час з’яўляецца вельмі перспектыўнай турыстычнай дыстынацыяй. Назва Грабава ў Зэльвенскім раёне паходзіць, хутчэй за ўсё, ад слова “граб” – дрэва, якое, верагодна, было распаўсюджана ў месцы, дзе ўтварылася селішча. Увогуле, Зэльвенскі раён – самы маленькі ў Гродзенскай вобласці, але мае вялікі турыстычны патэнцыял: тут ёсць нямала помнікаў гісторыі і архітэктуры (самы вядомы з іх – 600-гадовая царква-крэпасць у Сынкавічах), шмат аграсядзібаў. Штогод у Зэльве з усё большым размахам праходзіць “Ганненскі кірмаш” – традыцыйнае мясцовае свята са шматвекавой гісторыяй: некалі купляць коней сюды прыязджалі з усёй Еўропы. Назва вёскі Тударава Карэліцкага раёна паходзіць ад літоўскага імя (vardas Tydaras) Тудара, першых балцкіх пасяленцаў. Карэліччына асацыіруецца ў вандроўнікаў пераважна з г.п. Мір і Мірскім замкам. Навагрудскі раён, які на паўднёвым усходзе мяжуе з Карэліцкім, славіцца культавымі будынкамі і гістарычнымі месцамі. На працягу стагоддзяў Навагрудак быў важным дзяржаўна-палітычным, рэлігійна-культурным цэнтрам. Сведкамі гісторыі Навагрудскага краю з'яўляюцца шматлікія помнікі археалогіі, гісторыі і архітэктуры: Навагрудскі і Любчанскі замкі, палацава-паркавы ансамбль Храптовічаў і інш. Невялікая вёска Масцішча Навагрудскага раёна, верагодна, атрымала сваю назву з-за свайго месцазнаходжання, звязанага з мастамі або наяўнасцю масцішчаў (рэшткаў мастоў) Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: 1. Касцюмы. Істотную ролю ў практыцы бытавання элемента “Традыцыя выканання народнага танца “Кадрыля” ў Гродзенскай вобласці” выконваюць такія матэрыяльныя аб’екты, як народныя касцюмы, якія апранаюць танцоры для выканання кадрыляў. Важна адзначыць, што пры стварэнні касцюмаў фальклорнага танцавальнага калектыву “Спадчына” Карэліцкага раёна выкарыстоўваліся аўтэнтычныя ўзоры традыцыйнага касцюма рэгіёна канца XIX – пачатку XX стагоддзя (адпаведныя арнамент і колеравая гама). У цэлым, у Карэліцкім раёне традыцыйны касцюм мясцовых жыхароў збіраўся літаральна “па нітачках” на падставе даследчай работы, звесткаў са зборніка беларускага мастацтвазнаўцы Міхаіла Раманюка і архіваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У вышытых элементах касцюмаў калектыву “Спадчына” пераважаюць чорныя і чырвоныя колеры, у аснове – натуральная тканіна. Жаночы касцюм складаецца з кашулі, камізэлькі, спадніцы, фартуха і хусткі; паўчаравікі на шнуроўцы з чорнай скуры на невысокім абцасе. Мужчынскі касцюм складаецца з кашулі з вышытым арнаментам чорнага і чырвонага колераў (навыпуск), нагавіцаў чорнага колеру, галаўнога ўбора (картуз – уласцівы XX ст.), абавязкова – пояса (даўжыня – да 2 метраў). Строй дапоўнены чорнымі скуранымі ботамі, нагавіцы запраўлены ўнутр. Цікавасць уяўляе сабой касцюм удзельнікаў узорнага танцавальнага ансамбля “Зальвяначка” ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”, які быў створаны з улікам інфармацыі праведзенага даследавання мясцовага традыцыйнага адзення. Вышытыя элементы на кашулях і фартухах, тканыя паясы былі зроблены мясцовымі майстрамі. Такім чынам, жаночы (дзявочы) касцюм: складаецца з кашулі з доўгім рукавом (на рукавах – пераважна чырвоныя і чорныя колеры, сустракаюцца і іншыя), упрыгожанай вышыўкай спераду. Мае неглыбокі разрэз пазухі і невысокі стаячы каўнерык, завязаны матузамі з нітак. Андарак чорнага колеру, белы фартух з вышыўкай, у косы ўплецены чырвоныя стужкі. Мужчынскі касцюм: сарочка белая, з доўгім рукавом, упрыгожаная геаметрычным узорам чырвонага і чорнага колеру. Каўнер, ніз сарочкі і манжэты – з вышыўкай. Дапаўненне касцюма – шырокі вытканы паяс. Штаны светлага колеру, ільняныя, увабраныя ў боты. 2. Музычныя інструменты. Выкананне кадрыляў пад жывую музыку заўсёды высока цанілася. Жывое музычнае суправаджэнне кадрыляў Гродзеншчыны стварае музычную прастору, характэрную для выканання побытавых танцаў: узмацняе эмоцыі, надае яму дынамічнасць, жвавасць і традыцыйны выгляд. Выкарыстоўваюцца беларускія народныя музычныя інструменты: гармонік, бубен, трашчоткі, цымбалы, скрыпка, баян, барабан Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: 1. Веды і навыкі па вырабе музычных інструментаў. 2. Навыкі ігры на музычных інструментах (гармонік, баян, скрыпка, цымбалы, барабан і інш.) 3. Выкананне традыцыйных найгрышаў у якасці жывога акампанемента. 4. Комплекс ведаў і уменняў па вырабе традыцыйных строяў (лакальныя асаблівасці адзення і аксесуараў) 5. Веды і навыкі па вышыўцы, ткацтве паясоў пры стварэнні рэгіянальнага традыцыйнага адзення (строя). 6. Элементы народнай гульні (у “Грабаўскай кадрылі”) 7. Выкананне іншых традыцыйных побытавых танцаў, характэрных для Гродзенскай вобласці і ўсёй краіны ў цэлым Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Адзначаюцца як традыцыйныя, так і сучасныя мадэлі пераемнасці традыцыі выканання кадрыляў у Гродзенскай вобласці: 1) у сям’і, ад пакалення да пакалення (“ад бацькі да сына”). Так, напрыклад, практыка выканання “Грабаўскай кадрылі” ў сям’і Ц.П.Жукоўскага, кіраўніка ўзорнага танцавальнага ансамбля “Зальвяначка” ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”, транслюецца праз некалькі пакаленняў. Кадрылю танцавалі ў сям’і бабулі Цімафея Пятровіча – Зінаіды Іосіфаўны Радкевіч (таксама ў сям’і яго нявесткі традыцыю перанялі ад бабулі Сліж Марыі Васільеўны). Сёння Ц.П.Жукоўскі сам лічыць сябе носьбітам традыцыі, перадае ўменні ўдзельнікам харэаграфічнага калектыву, у складзе якога – яго сын Жукоўскі Глеб Цімафеевіч 28.01.2009 г.н.. Цікава адзначыць, што Ліннік Сяргей Мікалаевіч, носьбіт традыцыі выканання “Масцішчанскай кадрылі” Навагрудскага раёна, далучыў да практыкі свайго роднага брата – Лінніка Анатолія Мікалаевіча, і яны разам у народным ансамблі песні і танца “Свіцязь” ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” працягваюць традыцыю; 2) у рамках дзейнасці калектываў аматарскай творчасці пры ўстановах культуры і адукацыі, у якіх адбываецца перадача ведаў і навыкаў па выкананні кадрылі ад тых, хто імі валодае, напрыклад, кіраўнік калектыву, а таксама па мадэлі “ад старэйшага да малодшага пакалення”; 3) на сённяшні дзень фарміруецца новая мадэль перадачы ведаў і навыкаў па выкананні кадрыляў – майстар-класы. Звычайна майстар-класы праводзяцца нерэгулярна, з гэтай прычыны ўстойліва засвоіць непасрэдна выкананне кадрылі практычна немагчыма. Гэта форма больш прыдатная для папулярызацыі традыцыйнага танца. Аднак у г.п. Зэльва майстар-класы па выкананні мясцовай кадрылі праводзяцца рэгулярна і сістэмна – і ў выніку практычна кожны трэці жыхар раёна можа выкананаць “Грабаўскую кадрылю” Пагрозы для існавання і перадачы элемента: 1. Глабалізацыйныя ўплывы: уплыў замежных культур можа прывесці да таго, што мясцовыя танцы будуць з цягам часу забывацца або заменяцца на больш папулярныя міжнародныя стылі. 2. Тэхналагічныя змены: развіццё тэхналогій і змены ў спосабах атрымання і спажывання мастацтва (напрыклад, анлайн-танцы, відэа) могуць зменшыць цікавасць да традыцыйных формаў танцаў. Імклівае развіццё камп’ютарызацыі і штучнага інтэлекту ў некаторых выпадках адмаўляе працяг перадачы нематэрыяльных каштоўнасцей і векавых духоўных здабыткаў, якія захаваліся з мінулых часоў. 3. Сацыяльныя змены: змены ў грамадскіх каштоўнасцях і перавагах могуць паўплываць на цікавасць моладзі да побытавых танцаў. Апошнім часам адчуваецца зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва ў сельскай мясцовасці, што ўскладняе працэс трансляцыі і перадачы народнай традыцыі. 4. Канкурэнцыя з іншымі формамі забаў (відэагульні, кіно, сацыяльныя сеткі) змяншае цікавасць да традыцыйнай танцавальнай культуры Ключавыя словыКадрыля, калена, фігура Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА |

