Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны
Вобласць:
Раён:
Традыцыя шчадравання з Жарэбнай Кабылай у аграгарадку Лазавічы Клецкага раёна Мінскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 26/06/2025
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Пастанова Міністэрства культуры ад 26.06.2025 № 69
Шыфр (у Інвентары): НКС-20260127
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”. Адрас: вул. Гікалы, д. 4, г. Мінск; Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыя шчадравання з Жарэбнай Кабылай у аграгарадку Лазавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): “Шчодры”, “Шчадрэц” Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Супольнасць жыхароў аг. Лазавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці, сярод якіх ёсць вучні Лазавіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдння школа, удзельнікі гурткоў: ДПМ “Бураціна” і вакальнага гуртка “Праменьчыкі” Лазавіцкага сельскага дома культуры, якія засвойваюць тэхналогію вырабу каляднай зоркі і маскі Жарэбнай Кабылы. Арэал распаўсюджвання:
Мінская вобласць » Клецкі раён
» аг. Лазавічы;
Кароткае апісанне элемента: Традыцыя шчадравання з Жарэбнай Кабылай бытуе на тэрыторыі Клецкага раёна ў аг. Лазавічы ўжо больш за 30 гадоў і датуецца 20-мі гадамі ХХ-га стагоддзя носьбітамі вёсак Макраны, Кунцаўшчына, Лазавічы Клецкага раёна, якія гэтую традыцыю бачылі, ведалі са слоў старэйшага пакалення, а затым і самі ўдзельнічалі ў шчадраванні. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Абрады Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Камунікатыўная функцыя – з’яўляецца формай калектыўнай памяці, якая транслюе досвед усталявання сувязі з продкамі і з сучаснымі родзічамі, якія актыўна ўключаюцца ў традыцыю шчадравання з Жарэбнай Кабылай, адлюстроўвае эмацыянальную ацэнку гэтай практыкі мясцовай супольнасцю. Кансалідуючая функцыя – аб’ядноўвае мясцовыя супольнасці вакол агульнай дзейнасці; умацоўвае роднасныя сувязі ў практыцы перадачы традыцыі з пакалення ў пакаленне. Сацыялізуючая функцыя – падчас супольнай падрыхтоўкі і шчадравання, у якое ўключаюцца родзічы рознага ўзросту, адбываецца сацыялізацыя асобных індывідуумаў. Функцыя перадачы ведаў – захаванне разнастайных уменняў, навыкаў і звычаяў, песень і традыцый перадаецца маладому пакаленню. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: 1. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клецкага райвыканкама 2. ДУ «Клецкі раённы цэнтр культуры». 3. Лазавіцкі сельскі дом культуры. 4. Лазавіцкая сярэдння школа Клецкага раёна Паходжанне элемента: На працягу шматвекавой гісторыі кожная эпоха аказвала пэўны ўплыў на фарміраванне духоўнай культуры беларусаў. Каляндарна-абрадавая культура пачала складацца ў першабытна-абшчынным ладзе, з цягам часу развівалася і дапаўнялася новымі элементамі, што адлюстроўвалі ўяўленні людзей пра Сусвет, прыроднае асяроддзе, свой род і ўласнае месца і ролю ў ім. Усё гэта перадавалася ад продкаў да нашчадкаў і лічылася непарушальным. Сярод зімовых абрадаў і звычаяў, бадай, самыя яркія элементы ўвабралі ў сябе Каляды – комплекс святаў у гонар зімовага сонцавароту, звязаных з культам продкаў: Раство, Шчодры вечар, Вадохрышча. Перад кожным святам абавязкова наводзілі парадак у хаце і на падворку, мыліся ў лазні і рыхтавалі святочнае адзенне, спраўлялі тры сямейныя вячэры-куцці з традыцыйнымі абрадавымі стравамі. Куцця – памінальная страва, яна гатавалася для продкаў, чыёй падтрымкай хацелі заручыцца на новы год. Старэйшыя жанчыны ў сям’і перадавалі навыкі прыгатавання святочных страў маладзейшым, вучылі іх на асабістым прыкладзе. Гэта чысты абрус, пад які клалі сена, якое там ляжала ўсе Каляды - шчадравалася, а потым адносілася ў хлеў для скаціны. Гэта рытуальны сноп, які разам з куццёй ставілі ў Чырвоны кут, над якім вісеў саламяны павук. Першая і трэцяя куцця складалася з няцотнай колькасці посных страў, а сярэдняя – з 12 скаромных страў, на яе стараліся прыгатаваць вялікую колькасць мясных страў, гародніну, рытуальныя бліны. Кожная куцця – час варожбы на будучы ўраджай, асабістае шчасце, сямейнае жыццё, прыплод у гаспадарцы, дабрабыт. Варажылі ў асноўным дзеўкі і хлопцы, старэйшае пакаленне толькі перадавала ім звесткі пра тое, як самі варажылі ў маладосці. Кульмінацыяй свят быў Шчодры вечар або Багатая куцця. Лічылася, што багатае застолле будзе садзейнічаць дабрабыту, а шчодрыя падарункі ад гэтага застолля ўвасобяць ахвяру за добрыя зычэнні, якія абавязкова збудуцца. У гэтую навагоднюю ноч чакалі прыходу шчадроўнікаў, якія гэтыя падажанні выказвалі і сімвалічна дэманстравалі. У а.г. Лазавічы Клецкага раёна такім сімвалам была Жарэбная Кабыла, якую прыводзілі ў кожную хату з пажаданнем прыбытку ва ўсім, прыплоду ў гаспадарцы, здароўя і плоднасці сямейнікаў. Прычым, увесь абрад традыцыйна аформлены ў мастацкай форме і атрыбутах, ён яркі і запамінальны. Ад хаты да хаты шчадроўнікі едуць на распісной брычцы, з музыкай і песнямі, што надае абраду асаблівую святочнасць і казачнасць, традыцыйнасць. Прыход шчадроўнікаў быў чуваць ужо з вуліцы: на падворак яны заходзяць звычайна з вясёлай музыкай, песнямі, абвяшчаючы пра свой рух да хаты. Шлях шчадроўнікам асвятляе калядная васьміраговая зорка, унутры якой раней гарэла свечка, а зараз уключаюць электрычны фанарык. Пад вокнамі музыкі сціхаюць і рэй пачынае весці павадыр Кабылы – Дзед-Зазывала, які вядзе з гаспадарамі дыялогі і выказвае традыцыйныя зычэнні.Такім чынам, інструментальна-спеўны музычны стыль змяняецца вуснымі формамі. Абавязкова трэба папрасіць дазволу на шчадраванне. Атрымаўшы яго і запрашэнне зайсці ў хату, гурт з музыкай заходзіць, і адразу ж Дзед віншуе гаспадароў з Раством і Новым годам, жадае, каб у гэты Шчодры вечар збыліся ўсе іх мары і спадзяванні, прадстаўляе Жарэбную Кабылу, якая скача пад музыку. Музычны стыль змяняецца на спеўна-музычным – хлопцы спяваюць калядкі і шчадроўкі гаспадарам у музычна-інструментальным суправаджэнні. І зноў рацэі – пажаданні ўсёй сям’і дабрабыту, прыплоду скаціны, здароўя ўсім сямейнікам. Кабыла, якая скача, раптоўна падае, а Дзед просіць надарыць яе са святочнага шчодрага стала. Сцэнка “памірання” Кабылкі і яе ажыўленне з дапамогай падарункаў – традыцыйная, знаёмая гаспадарам, яна таксама суправаджаецца мелодыяй вясёлай полькі. Гаспадары перадаюць Механошу падрыхтаваныя падарункі, Кабыла падымаецца і зноў скача, а гурт, падзякаваўшы і зноў выказаўшы традыцыйныя зычэнні, пакідае хату з музыкай і песнямі. Такім чынам, абрад шчадравання ўключае ў сябе розныя стылі і жанры традыцыйнай культуры, якія змяняюцца ў традыцыйным парадку, адметным менавіта для гэтага абраду, які склаўся і захаваўся ў гэтай вёсцы. Абрад шчадравання з Жарэбнай Кабылай у жывой традыцыі (адноўлены згодна мясцовай традыцыі з 1991 года) і ўвогуле абрад з такой назвай выяўлены і апісаны ўпершыню дзякуючы Вользе Пілецкай і сябрам Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якія выявілі і апісалі гэтую традыцыю ў 2021 годзе. Сярод навукоўцаў самае падрабязнае апісанне традыцыйных масак зрабіла этнограф Таццяна Кухаронак у кнізе “Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў”. Часцей за ўсё Кабылу вадзіў Цыган, у Гомельскім павеце ён з Кабылай хадзіў у складзе масак Афіцэра і Барыні (стар.44 са спасылкай на “Беларускі зборнік”1912г. Е. Р. Раманава); у беларусаў Смаленскай губерні хлопец, пакрыты дзяругай, трымаў у руках кол з насаджанай на яго конскай галавой – маску называлі Кабыла (стар.44-45 са спасылкай на “Смаленскі этнаграфічны зборнік” Дабравольскага, 1903 г.); на Магілёўшчыне і Гомельшчыне Цыган ехаў на Кабыле вярхом па хаце і прасіў для яе ў гаспадара аўса (стар.45 са спасылкай на “Архіў Беларускага інстытута праблем культуры”); вадзілі Кабылу і на Палессі (стра.46). Таццяна Кухаронак апісвае традыцыю шчадравання ў розных рэгіёнах Беларусі (стар.56-70). Але сярод апісаных ёю масак Кабылы (стар.21-25) не зафіксавана Жарэбная Кабыла. Няма апісання традыцыі шчадравання ў Лазавічах або падобнай у іншых вёсках Клецкага ці іншых раёнах Міншчыны, а таксама і ў 5-м томе выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Цэнтральная Беларусь”. Стан бытавання: развіццё ці распаўсюджванне Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Кароткая характарыстыка гістарычных, прыродных, сацыяльна-эканамічных умоў і культурнага асяроддзя ў месцах бытавання нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Клецкі раён знаходзіцца ў складзе Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Клецк. Раён мяжуе з Ганцавіцкім і Ляхавіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, Нясвіжкім, Капыльскім і Салігорскім раёнамі Мінскай вобласці. Археалагічная гісторыя мясцін пачынаецца ў IV—V стст., калі на беразе Лані існавала неўмацаванае балцкае паселішча культуры штрыхаванай керамікі. У 2-й палове Х ст. на месцы сучаснага горада Клецка было неўмацаванае паселішча дрыгавічоў. Яно існавала і ў сярэдзіне XI ст. Упершыню Клецк згадваецца пад 1127 годам як сталіца ўдзельнага княства, калі князь Вячаслаў Яраславіч «ис Клечьска» браў удзел у паходзе кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю.У 1258 годзе Клецк спалены татарскімі войскамі Бурундая падчас паходу на Навагрудскую зямлю. У ХIV ст. Клецкае княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Клецк апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Случарэцкага павета. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое зрабілася вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 у Клецку збудавалі харальную сінагогу. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Клецк апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі ў Нясвіжскім павеце. Цягам 1924—1931 у Клецку працавала беларуская гімназія. У 1924—1939 гадах у горадзе дзейнічалі польскія памежныя падраздзяленні: батальён Корпуса аховы памежжа «Клецк», артылерыйская батарэя КАП «Клецк» і кавалерыйскі эскадрон «Клецк». У 1939 Клецк увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна. У Вялікую Айчынную вайну з 26 чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, 6 кастрычніка 1941 нацысты расстралялі каля чатырох тысяч яўрэяў. Аграгарадок Лазавічы ўваходзіць у склад Морацкага сельскага савета. Назва аграгарадка паходзіць ад слова “Лаза” – зараснік лазы, івы. “Лазамі” называлі цяжкапрахадзімыя сцежкі або перакінутае праз ручэй бярвяно для пераходу (напрыклад, існаваў выраз: “Кладкі там няма, адно што праз лаз пройдзяце”). Вёска Макраны Клецкага раёна Мінскай вобласці уваходзіць у склад Морацкага сельскага савета. Пасяленне ўтварылася на мокрым, нізкім, балоцістым месцы). Лазавічы з 1797 па 1921 год — гэта вёска і маёнтак у Пацейкаўскай воласці. У 1844 г. вёска і маёнтак належалі Яўхіму Сцяпуру. У маёнтку было два цяглавыя двары, якім належала 20 дзесяцін зямлі. У 20-30-я гады вёска ў Заастравецкай гміне, 173 двары, з іх 60 – хутары. У гэты час з вёскай Лазавічы злілася вёска Асташына. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў арганізаваны калгас. У Клецкім раёне Мінскай вобласці (а гэта гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральнай Беларусі) падобная традыцыя не фіксавалася. Адметныя асаблівасці шчадравання ў аг.Лазавічы і наваколля выяўляюцца толькі на гэтай тэрыторыі. На большасці тэрыторыі Беларусі ў абрадзе шчадравання асноўным персанажам з’яўляецца Каза – сімвал плоднасці, дабрабыту і ўрадлівасці, прыбытку ў сям’і. Як правіла, у Казы ёсць павадыр – Дзед. Баба пры гэтым засявае ў хаце і зычыць добрага ўраджаю. Дзед і Баба сімвалізуюць продкаў. Пры гэтым на Палессі часта водзяць і Каня ў розных іпастасях у складзе іншых калядных карнавальных персанажаў. У розных вёсках канструкцыя Каня можа адрознівацца. У Давыд-Гарадку, прыкладна, маска Каня дапаўняецца вершнікам. Пры гэтым канструкцыя можа быць як круглай, так і прамавугольнай. І толькі ў а.г. Лазавічы мы даведаліся, што круглую канструкцыю ўвасабляе Жарэбная Кабыла. Да таго ж, тут яна і з’яўляецца асноўным персанажам, іншых карнавалізаваных масак няма. Жарэбную Кабылу водзіць Дзед або Зазывала, які тлумачыць, што Кабыла хутка дасць прыплод, таму і гаспадарам жадаюць прыбытку ва ўсім. Адзенне Кабылы яркае, у жоўта-чырвоных колерах, а галава сшыта з мяккіх матэрыялаў, яе выраб патрабуе ад майстроў мастацкіх здольнасцяў. Яшчэ адна асаблівасць традыцыі шчадравання ў Лазавічах — гэта тое, што тут шчадруюць толькі хлопцы і мужчыны. І гэта вельмі рэдкая з’ява, якая захавалася ў сваёй адметнай форме толькі ў суседнім Капыльскім раёне ў а.г. Семежава, дзе шчадруюць “Цары”. Нельга абмінуць таксама традыцыю шчадравання з васьміраговай каляднай зоркай. Яна тут адметная, і мясцовыя жыхары асабліва радуюцца, што да іх у хату прыносяць гэты важнейшы калядны атрыбут. Сяргей Іванавіч Машко знайшоў арыгінал гэтай каляднай зоркі ў 90-я гады 20 стагоддзя, з якой зрабіў некалькі дакладных копій. Гэтая зорка сама па сабе мае мастацкую каштоўнасць і з’яўляецца важнейшым атрыбутам абраду. На Раство тут не ходзяць гурты, таму падчас шчадравання спяваюць і песні-калядкі. Пры гэтым канструкцыю каляднай зоркі прыводзяць у рух, пры якім круцяцца яе промні, надаючы Шчодраму вечару асаблівую ўрачыстасць і прыгажосць. Адметна тое, што Звяздар падчас руху прамянёў робіць калыхальныя рухі, імітуючы калыханне калыскі нованароджанага Хрыста. У 5-томным выданні “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, том 5, кніга 1, упамінаецца, што маска Каня на Каляды на Міншчыне фіксавалася амаль усюды, канкрэтна вобраз Жарэбнай кабылы не апісаны. Так, на стар. 59 апісана канструкцыя каня прамавульнай формы як рама-клетка, у якую залазіў адзін чалавек. А інфармант Алена Рубінава 1918 года нараджэння з в. Семежава апісвае такую ж канструкцыю Каня, якую стваралі двое чалавек. Прычым, Алена Рубінава заўважае, што плацілі менавіта Коніку. У адным выпадку заўважаецца, што ў в. Заастравечча хадзілі “Тры каралі”, аднак у наш час ніякіх слядоў гэтай каталіцкай традыцыі не засталося. Што да шчадравання з удзелам толькі хлопцаў і мужчын, то такая традыцыя ў выглядзе народнага тэатра як шчадраванне Цароў захавалася толькі ў Семежава Капыльскага раёна. А ўвогуле на Палессі даўней у некаторых вёсках хлопцы і мужыкі шчадравалі з маскамі (называлася “хадзіць у казлы”), а дзеўкі і жанчыны без масак хадзілі і спявалі пад вокнамі (іх называлі “шчадрухі”). Аднак нідзе такая традыцыя з падзелам на мужчынскія і жаночыя гурты ў наш час не захавалася. У Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці асноўным персанажам у абрадзе шчадравання таксама з’яўляецца Конь, але менавіта з вершнікам, які носіць на сабе маску Каня. Пры гэтым канструкцыя Коніка можа быць як прамавугольнай, так і на абручы, аднак пры гэтым маску не называюць Кабылай, тым больш жарэбнай. У гурце шчадроўнікаў Коніка з вершнікам суправаджаюць і іншыя маскі. Этнограф Таццяна Кухаронак у кнізе “Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў” (Мінск, 2001) адзначала, што на Гомельскім павеце ў абрадзе шчадравання з Казой цыган вадзіў Кабылу і прапаноўваў яе купіць. Часта ў гурце была таксама маска Афіцэра і Барыні. Былі выпадкі, калі Цыган ехаў на Кабыле вярхом па хаце падчас абраду. У Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці яшчэ ў 90-я гады 20 стагоддзя існаваў абрад з удзелам Цыгана, Цыганкі з дзіцем і 11 іх дачок (усяго 12 дзяцей). Спярша цыган стукаўся ў вакно і дэманстраваў маску Каня, а калі запрашалі ў хату, то пугай сек падлогу, а Цыганка з 12 дочкамі танцавала ў кругавым карагодзе, варажыла гаспадарам. У Слонімскай губерні была маска Кабылы, насаджаная на кол, які трымае хлопец, пакрыты дзяругай – яна ў абрадзе падае, як Каза, што патрабуе ахвяры, каб яна ажыла. Цыган пры гэтым патрабуе аўса. Што да традыцыі шчадравання з Канём у іншых народаў, то ў Індыі перад Раством калядуюць з чэрапам кабылы, насаджаным на кол. У чэхаў з Кабылай хадзілі на Раство, перад святам Трох Каралёў і падчас Масляніцы. Галава Кабылы была насаджана на кол, які трымаў хлопец, загорнуты ў белае палатно. Падобная маска была і ў Смаленскай губерні. Аднак трэба адзначыць, што нідзе ні ў Беларусі, ні за яе межамі маска Кабылы не сімвалізуе кабылу менавіта жарэбную, якая хутка дасць прыплод. Тое, што мясцовая архаічная традыцыя захавалася дайшла да нашага часу ў жывой форме, таксама з’яўляецца каштоўнасцю і сведчыць пра ўстойлівасць народных рэгіянальных традыцый, якія мясцовыя людзі зберагаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Удзельнікі абраду шчадравання з Жарэбнай Кабылай ходзяць у сваёй звычайнай вопратцы, сярод іх два хлопцы пераапранутыя ў Дзеда і жарэбную Кабылу. У аснове касцюма жарэбнай Кабылы драўляны круг, які пакрываецца тканінай, да якой мацуецца хвост, на галаве – сшытая маска Кабылы. Касцюм Дзеда складаецца з старога вясковага адзення: кажух, нагавіцы, валёнкі, шапка, барада і вусы з кудзелі. Важным атрыбутам з’яўлялася Звязда – сімвал нараджэння Ісуса Хрыста. Яна нагадвала васьміканечную Віфліемскую зорку. Выраблялася звязда з драўніны і паперы (драўлянае сіта ў цэнтры, ад яго ішлі прамяні, якіх было восем). І рабілі іх з арэшніку ці планачак квадратнага сячэння. Само сіта дзялілася на 8 роўных частак, у якіх рабілі 4 адтуліны для ўстаноўкі пруцікаў. Пруцікі ўстанаўлівалі, звязвалі іх канцы мяккім дроцікам і такім чынам атрымлівалася 8 прамянёў. З аднаго боку сіта рабілі “крыжыкі“ і замацоўвалі іх у цэнтры пры дапамозе цвікоў. Драўляны кол служыў для таго, каб было зручна насіць зорку. У верхняй частцы яго забівалі тоўсты і доўгі цвік. Ён служыў воссю для зоркі. На яго надзявалі зробленую канструкцыю, якая павінна была круціцца вакол восі. Каб канстукцыя не звальвалася, на астатнюю частку цвіка набівалі драўляны брусок, які не рухаўся разам з канструкцыяй. А яшчэ ён прызначаны для мацавання месца для свечкі (алюміневая трубка ўверсе бруска). Пярэдняя частка выраблялася з картону, дыяметрам на 1 см меньш за ўнутраны дыяметр сіта і прыбівалася да бруска па цэнтру. Канструкцыя зоркі абклейвалася каляровай гафрыраванай паперай, якая магла добра прапускаць святло. Калядную зорку насіў Звяздар. Механошы насілі палатняныя торбы для збору пачастункаў. Пачастункі былі з традыцыйнага каляднага меню, якімі адорвалі шчадроўнікаў. Удзельнікі абраду шчадравання наймаюць каня з брычкай, якім кіруе яго гаспадар. Брычка распісная, прыгожая, стварае казачны настрой і нагадвае пра тое, што традыцыя тут існуе здаўна. Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Важнейшымі элеметамі традыцыйнага шчадравання з Жарэбнай Кабылай з’яўляюццакалядныя і дакладна шчадроўныя песні - “Неба і зямля”, “А ўчора з вячора”, “Христос Спаситель”. Два калядныя святы – Раство і Новы Год - аб’ядноўваюцца ў гэтым абрадзе. Суправаджэнне абраду музыкамі (акардэон або баян, барабан) стварае ўрачыстую і святочную атмасферу, прыносіць радасць, таму іх удзел лічыцца абавязковым. Тэхналогія стварэння каляднай зоркі менавіта мясцовай канструкцыі лічыцца каштоўнай спадчынай жыхароў вёсак, дзе традыцыя існавала з даўніх часоў. Дахрысціянскія міфалагічныя ўяўленні і абрады продкаў змяніліся хрысціянскім веравызнаннем, але тое, што ідзе ад продкаў, стала часткай традыцыйнай культуры, людзі захоўваюць яе і лічаць традыцыі святкавання Каляд сваім свяшчэнным абавязкам. Вера ў тое, што з’яўленне ў хаце Жарэбнай Кабылы прынясе ў сям’ю прыбытак, прыплод скаціны і дабрабыт увогуле, звязаны з культам Каня, які з’яўляўся сімвалам сонечных багоў у дахрысціянскі час, з’яўляецца агульнаіндаеўрапейскай міфалагічнай асаблівасцю. Культ сонца можна бачыць і ў нашэнні каляднай васьміраговай зоркі, а культ агню – у змешчанай у яе сярэдзіне запаленай свечкі. Сама традыцыя шчадравання цесна звязана з культам продкаў, як і ўвесь перыяд Каляд Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Пераемнасць традыцый ажыццяўляецца ў сельскай супольнасці праз школу і мясцовы сельскі клуб, дзе існуе традыцыйны гурт удзельнікаў абраду. Кожны, каму цікава, можа да яго далучыцца, рыхтавацца, засвойваючы песні і ролі той ці іншай маскі, а затым удзельнічаць у абрадзе. Дыяхронная (традыцыйная) мадэль перадачы ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) унутры супольнасці, асобам, якія жывуць ў лакальнай культуры з дзяцінства і ад нараджэння ўспрымаюць усе формы дадзенай традыцыі і ўдзельнічаюць у іх у натуральным сацыяльным існаванні. Сінхронная мадэль праз трансляцыі элемента пасрэднікамі, якія мэтанакіравана займаюцца вывучэннем і стварэннем умоў для перадачы традыцыі: Машко С.І., Пілецкай В.А, раённыя СМІ - газета«Да новых перамог», на занятках гуртка «Бураціна» Лазавіцкага сельскага клуба пад кіраўніцтвам Машко С. І., а таксама на занятках ДУА «Лазавіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна» Пагрозы для існавання і перадачы элемента: У аг.Лазавічы назіраецца адток насельніцтва, асабліва маладых людзей, у гарады на вучобу або ў пошуках працы. Аднак некаторыя з іх 13-14 студзеня прыязджаюць у Лазавічы і бяруць удзел у абрадзе, але не заўсёды гэта магчыма з-за працоўных або сямейных абставінаў. Таму аноўная пагроза для пераемнасці традыцыі шчадраваня з Жарэбнай Кабылай – гэта неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. Другая пагроза – гэта падмена традыцыйнага сельскага абраду на нетрадыцыйныя формы з удзелам традыцыйных масак і атрыбутаў абраду з а.г. Лазавічы, што адбываецца апошнім часам, напрыклад, у раённым цэнтры Клецк. У традыцыю абыходаў уключаюцца маскі, якіх у гэтым рэгіёне не было. Экспедыцыйныя матэрыялы паказваюць, што ў Клецкім раёне акрамя абраду шчадравання з Жарэбнай Кабылай існавалі іншыя традыцыі (натуральная з’ява, калі этнічныя традыцыі не супадаюць з сучасным адміністрацыйным дзяленнем тэрыторый), таму можна выкарыстоўваць у райцэнтры на Каляды гэтыя формы пры ўмове, каб кожны створаны ў райцэнтры гурт увасабляў тую ці іншую мясцовую традыцыю, не змешваючы іх у адным гурце. Раённым культработнікам варта карыстацца экспедыцыйнымі этнаграфічнымі матэрыяламі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якія гэтая арганізацыя заўсёды пакідае ў раёне, а потым на гэтай аснове аднаўляць страчаную спадчыну Ключавыя словыПрыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА |

