Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрадавая дзея ”Мыццё барод“ сямейна-родавага абраду ”Радзіны“ (Хрэсьбіны) населеных пунктаў Полацкага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БЛ000126
Дата ўключэння: 27/12/2024
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 24.12.2024 № 04-01-02/9. Пастанова Міністэрства культуры ад 27.12.2024 № 188
Шыфр (у Інвентары): НКС-20250930

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрадавая дзея ”Мыццё барод“ сямейна-родавага абраду ”Радзіны“ (Хрэсьбіны) населеных пунктаў Полацкага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Мыць бароды

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Удзельнікі фальклорнага ансамбля ”Блізнянка“ філіяла ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“ дзяржаўнай установы культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ (населеныя пункты Полацкага раёна Віцебскай вобласці: аграгарадок Блізніца, в.Мураўшчына)

Арэал распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Полацкі раён » в. Мураўшчына;   Віцебская вобласць » Полацкі раён » аг. Блізніца;  

Кароткае апісанне элемента:

Сямейна-родавы абрад Хрэсьбіны – адна са старадаўніх сямейных урачыстасцяў, звязаных з нараджэннем дзіцяці, якая суправаджаецца шэрагам рытуальных дзеянняў, накіраваных на яго сацыяльнае зацвярджэнне ў супольнасці і надзяленне здароўем і добрай доляй.
Пасля народзін, бацькі хацелі пахрысціць дзіця як мага хутчэй, бо ў поле трэба хадзіць, работу рабіць, а нехрышчонае дзіця нельга на вуліцу насіць. У дзень хрышчэння бабка-павітуха выносіла нованароджанага і, аддаючы яго кумам, гаварыла: ”Даю Вам нехрышчонае, а прывязіце нам пасвяшчонае!“.
Вярнуўшыся пасля царквы, кумы аб’яўлялі імя нованароджанага дзіцяці, перадавалі яго бацькам, пры гэтым кум казаў: ”Прыміце дзіця вамі нараджонае, а намі пахрышчонае“, а кума: ”Даў Бог убачыць пад хрыстом, каб даў Бог убачыць і пад вянцом“. Бабка-павітуха забірала дзіця, а бацькі запрашалі кумоў і гасцей да святочнага хрэсьбіннага стала. Пачыналася хрэсьбіннае застолле, падчас якога шмат не выпівалі, а больш весяліліся: спявалі абрадавыя песні, танчылі, жартавалі з кумоў, праводзілі рытуальныя і абрадавыя дзеянні.
Абавязковым элементам хрэсьбін на Полаччыне быў збор грошай ”на мыла“ для нованароджанага, які ўвасобіўся ў арыгінальны рытуал ”Мыццё барод“. Збіранне грошай ”на мыла“ (на падарунак) – універсальная форма любой абменнай практыкі ў традыцыйнай культуры і самы зручны варыянт дапамогі маладой сям’і сёння. Адметнасць абрадавай дзеі заключаецца ў зборы грошай для малога не праз дзяленне кашы (як у большасці рэгіёнаў Беларусі), але яе сімвалічную плату за ”мыццё барод“.
Абрадавая дзея ”мыццё барод“ адбывалася бліжэй да канца хрэсьбіннага застолля, пасля воклічу кумы пра тое, што ”нарадзіўся маленькі, хоча мыцца бяленька, а каб яго пакупаць, трэба на мыла сабраць“.Адна або некалькі з найбольш ініцыятыўных ці гаваркіх жанчын (2-3 чалавека) хуценька бралі неабходны рэквізіт для правядзення ”мыцця барод“ (міску з вадой, жасцяную тарку альбо драўляную трэсачку, ці ножык каб ”брыць і галіць бароды“, адэкалон, бурак, памаду, драўляныя граблі ў якасці грэбня, памазок, зроблены з жытніх каласоў). Жачыны падыходзілі да кожнага з гасцей з песняй і прапанавалі памыць, пагаліць, навесці прыгажосць, каб і нованароджаны рос чысценькім, здаровенькім і прыгожым. Мужчынам таркай альбо драўлянай трэсачкай ”брылі\галілі бароды“, брызгалі адэкалонам, прычосывалі, а жанчынам – падфарбоўвалі вусны губной памадай, шчокі румянілі бураком альбо памадай, прыпудрывалі, бровы мазалі галавешкай. У якасці люстэрка скарыстоўвалася заслонка з печы альбо днішча з вядра. Некаторыя госці мусілі адкупіцца, прапанавалі даць больш грошай ”на мыла“, але большая частка з задавальненнем падстаўляла свае твары для гэтага рытуала. Такім чынам, жанчыны з песняй абыходзілі вакол хрэсьбіннага стала, пакуль усе прысутныя не пакладуць грошы ”на мыла“ для немаўляткі.
Сцэнкі ”брыцця/галення барод“ адбываліся з жартамі, весялосцю, без крыўд. Гэта азначала, што кожны госць даваў грошы ”на мыла“ з самымі добрымі намерамі, ад душы. Працягласць рытуальнай дзеі залежала ад колькасці гасцей і займала нейкі час.
Пасля таго, як ”бароды памылі і пагалілі“, кум казаў: ”Вось сабралі мы на мыла, каб хрэснічак наш мыўся бяленька, каб рос здаровенькі. Жадаем бацькам, каб было ўвесь час на стале, ў місцы, ў калысцы, каб дзетак напладзілі і нагадавалі“. Сабраныя грошы аддавалі маці, а яна гэтыя грошы клала маленькаму пад падушачку, “каб ня быў бедны”.
Пасля гэта бацька запрашаў пачаставацца і выпіць за здароўе кумоў, дзякаваў кумам, што не адмовіліся стаць хроснымі для іх дзіцяці (хаця кажуць у нас, што адмаўляцца нельга, гэта насупраць прыдавала павагі на вёсцы, што цябе бралі ў кумы). Прысутныя спявалі песні пра кумоў, жартавалі над імі. Пасля песень нехта казаў: – ”А давайце лепш патанчым, а то засядзеліся“. Хрэсьбіны працягваліся.  
Абрад ”мыцця барод“ адносіцца да рытуалаў сацыяльнага прызнання, галоўнай функцыяй якіх было зацвярджэнне сям’ёй, родам свайго новага члена. Калектыў, набываючы новага чалавечка, умацоўваўся як сацыяльнае аб’яднанне, а дзіця атрымлівала зададзеную традыцыямі яго продкаў жыццёвую праграму. Зыходзячы з таго, што немаўля асабліва “баіцца злога вока і любых нядобрых уплываў”, прастора вакол яго павінна быць па магчымасці чыстай, спрыяльнай, пазбаўленай бруду, “залішняй калматасці і неахайнасці”. Усе навакольныя мусяць адпавядаць патрабаванай для дзіцяткі якасці ”хадзіць бяленька“, для чаго і збіраліся грошы ”на мыла“.
У сучасны перыяд абрадавая дзея захоўваецца і праводзіцца народным фальклорным ансамблем ”Блізнянка“ філіяла ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“ дзяржаўнай установы культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ і яго кіраўніком Вольгай Станіславаўнай Чобат. Менавіта ад маці Вальмус Станіславы Сцяпанаўны (1927-2019 гг.) Вольга Чобат пераняла шмат песен, танцаў, гульняў, абрадаў, у тым ліку – як раней праводзілі хрэсьбіны з абрадавай дзеяй ”Мыццё барод“. Штогод Вольга Станіславаўна сама альбо разам з удзельнікамі свайго калектыву праводзіць абрадавую дзею ”Мыццё барод“ для родных, знаёмых, сваякоў, суседзяў, папулярызуе праз майстар-класы, паказальныя мерапрыемствы фальклорнага напрамку; дзеліцца напрацоўкамі з работнікамі ўстаноў культуры пры правядзенні семінараў-практыкумаў, семінараў-стажыровак раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Разам з аддзелам ЗАГС Полацкага райвыканкама праводзіць абрадавую дзею падчас урачыстай рэгістрацыі нованароджаных

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрады радзінна-хрэсьбіннага комплексу і яго складовая частка ”мыццё барод“ мае выразную лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры Полаччыны. Захаванне традыцый садзейнічае ўмацаванню ідэнтычнасці мясцовага насельніцтва. Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны мае важкую сацыяльную функцыю ўмацавання калектыўных і сямейных сувязей. Традыцыі ўяўляюць сабой арганічнае спалучэнне дахрысціянскіх і хрысціянскіх практык, што толькі падкрэслівае самабытнасць абраду і прыцягвае ўвагу аматараў беларускай культуры і фальклору.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Полацкага райвыканкама Дзяржаўная ўстанова культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ Філіял ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“ дзяржаўнай установы культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ Аддзел ЗАГС Полацкага райвыканкама Дзяржаўная ўстанова ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“

Паходжанне элемента:

У аснову пакладзены тэксты-ўспаміны старажылаў вёсак Вароніцкага сельскага Савета, Полацкага раёна, Віцебскай вобласці: Мажэйка Ядзвігі Сігізмундаўны (1905-1990 г.г., аг. Блізніца), Каўнурка Валянціны Міхайлаўны (1928-2013 г.г.), Сталыга Антаніны Рыгораўны (1924-2005 г.г.,) Маісеенка Марыі Філіпаўны (1931 г.н.), Лісовіч Наталлі Іванаўны (1934 – 2024 г.г.), Веры Андрэеўны Пугач (1941 г.н.), Мялешка Ніны Данілаўны (1938 г.н.) пражываючых на тэрыторыі населенных пунктаў Вароніцкага сельскага Савета (вёсках Мураўшчына, Варонічы, аграгарадок Блізніца) і Свірскай Алены Раманаўны (1940 г.н., пражывае ў вёсцы Касарэва Астроўшчынскага сельскага Савета Полацкага раёна) і інш. Частка з носьбітаў пайшла з жыцця, але іх успаміны засталіся. Са слоў носьбітаў пра абрад яны ведаюць хто з маладосці, хто з маленства. Раней Радзіны (Хрэсьбіны) імкнуліся адсвяткаваць у дзень хрышчэння дзіцяці ў царкве, пасля якога адбывалася святочнае застолле, якое заўсёды было надзвычай вясёлым святкаваннем. Асобнай часткай хрэсьбіннага застолля на Полаччыне была абрадавая дзея ”Мыццё барод“, якая сімвалізавала збор сродкаў ”на мыла“ для нованароджанага. Удзельнічалі ўсе госці, прысутныя на хрэсьбінах. Калі госці пасля некалькіх застолляў, крыху стаміўшыся, зноў садзіліся за стол, кума нагадвала гасцям, што купаць малога трэба, а грошы на мыла няма: ”У нас нарадзіўся маленькі, хоча мыцца бяленька, а каб яго пакупаць, трэба на мыла сабраць“. З успамінаў Лісовіч Наталлі Іванаўны (1934 г.н., аграгарадок Блізніца, Полацкі раён): ”Саберуцца на хрэьбіны, тады ўсе за стол садзяцца… Ну з-за стала павылазяць, тады яны ўжо што-небудзь прыдумаюць, танцаваць што-небудзь… А тады ўжо нямнога пройдзіць – нада ж бароды мыць“. Правесці абрадавую дзею запрашалі каго-небудзь з самых вясёлых, гаваркіх гасцей ці радні. Наталля Іванаўна казала, што ”бароды мыла“ і яе мама Хрысця, бо яна ”была вясёлая, і піяла, і танцавала“ і таму яе часта запрашалі на хрэсьбіны і вяселлі. Калі надыходзіў час ”мыць бароды“, мама Наталлі Іванаўны казала прысутным: - ”Вы сягоння ня мылісь, і ня брылісь…“ і ”брала вадзічку ў місачку, мыла кусочак, мылам етым па ліцу памажыць, паплюхаець-паплюхаець, а тады брала ножык… худшай етай стараной, тады брыла, брыла, брыла….“ - Ну цяпер, кажыць, капеечку за ета мне нада, я ж цябе, кажыць, красіва зробіла, ну ж мне, кажыць, должон заплаціць. Ну ёй дастаюць, хто там что дастаець ей, ужо в платок ложаць етыя грошы, а тады етыя грошы сабіралі і аддавалі радзіхе…“ Лісовіч Наталля Іванаўна ўказала на адметную вартасць абрадавай дзеі ”мыццё барод“ – гэта падабенства на ”вясельны марш”, таму што ”мыццё барод“ як і ”вясельны марш“ праходзіла таксама па крузе, вакол хрэсьбіннага стала, для кожнага прысутнага. Вера Андрэеўна Пугач (1941 г.н., аграгарадок Блізніца, Полацкі раён) прыпомніла 60-я гады мінулага стагоддзя: Сядзім мы ўсе за сталом, гуляем і тады выбіралі, дажа я помню, хадзілі ”бароды мылі“ і на ”бароды“ штота лажылі, абязацельна падаркі якія // А хто правадзіў? Радзіцелі, бабка? // Нет, нет…Госці, госці, выбіралі гасцей, радзіцелі да гэтага не касалісь... Толька з гасцей… // А как он говоріл? Сейчас буду ”мыць бароды“? // Там былі песні, ўжо ня помню, яны пелі каждаму сваё. Вот мы там сядзім парай, нам падпяваюць сваю песню, каторая для цябе касаецца, второму падходзяць - втарую песню пают… // А как сам абряд правадзілся?// Мылі, а мылі гэта ветачкамі ад жыта, пшаніцы. Дзелалі такімі небальшэнькімі і гэтым хлебам мазалі, ветачкамі ад хлеба // Місачку насілі с вадой ілі што? // Да, місачку, хто з вадой, а хто з етымі лісцямі, а хто з тарелачкай, што ложуць… Памазочак з пшаніцы ілі ячмені // А брылі, галілі чым? Ножычкам? // Нямножка так, проста пабрызгаюць етымі ветачкамі… Ну в обшчым, як абойдут всех, тады заадно ўжо выпівалі, і тады радзіцелей там прыглашалі, радзіцелям эты дзеньгі аддавалі // А галілі бароды только мужчынам? // Нет, усім падряд, і жэншчынам, яны нешта давалі, і ім песні піялі… Свірская Алена Раманаўна (1940 г.н., ураджэнка вёскі Гаёўка Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, пражывае ў вёсцы Касарэва Астроўшчынскага сельскага Савета Полацкага раёна) прыпомніла: - Садзяцца ўсе за стол. Ну што ж робіць? Нада сабіраць на мыла малому… На мыла…Нада пабрыць… Ну, садзяцца, там жа тагда ж многа было людзей!… О!.. Стока мужыкоў, за время ты ўсіх абойдзеш, стока!… А, а дзве бабкі б’юць, музыкі не было, заслонкі такія былі ад печы, дзве! І стаяць у дзве палкамі, палкамі такімі ілі калатовычкамі такімі, і ў гэты заслонкі б’юць удзвюх ззаду за гэтымі, а гэты брыюць і прыгаварываюць тады вот то … //А чэм оні брылі?// – Брылі таркай, бралі зеркала, чорную такую – днішча, чорнае, панімаеце вы, чорнае днішча ілі вядро… вядро… дно ад вядра і вядро можна ўзяць дажа. Глядзецца глядзіць, нічога ня відзіць… Брэюць яго там, падходзяць да яго там, да гэтага мужыка // А падходзят спередзі ілі ззадзу, ілі збоку?// Ззаду нада, дзевачка, вот так (паказвае) … Тут яны ззаду выбрываюць, а ён ідзець вот так…(паказвае) А яны тады вот так брыюць, адна брыець … // Эта вот этай цёркай?// Ага, цёркай …// А он в ведро смотріцца?// А яна брыіць, а вторая во дзяржыць вядро, вот такое вядро (паказвае) У дно ён глядзіць, глядзіць не можа разабрацца, вот так…// А пелі што-нібудзь, когда брылі?\\ Не, тока говарылі, што на мыла…на мыла дай… (звяртаецца) Первы ты Коля – ”Ах, ты Коля, Мікалай, вот ты не паскупіся нам, выкінь нам на мыла, хоць рубялёк нам дай, хоць рубль дай, хоць капейку нам дай“, - імя нада называць яго, вот так. Ну а гэта ідзець втарая с палаценцам, во, палаценца на шыі ў яе, яна яго, знаешь там пабрызгаець вадой гэта на яго, ліцо гэта выціраець ужо, выціраець яго… Падходзіць да следуюшчага, называець…//А… тоесць ані уже самі выбірают?// Да, самі выбіраюць…// А не то што хто-то: - ”Я! Я могу даць на мыла“. Вот так во. І пайшоў чалавек, ну там многа нада ж хадзіць… А тады пад паследняга, як ідзеш, а гэты кажыць: ”Ну мы далі вам на мыла, тры рублі даю на мыла, ну адзін із іх нам на піва, забіраем сабе на піва“. Гэта ты гаворыш: ”Даю цяпер вам тры рублі, два рублі на мыла, а рубль вам на піва“. Вот так…// Мялешка Ніна Данілаўна (1938 г.н., аграгарадок Блізніца, Полацкі раён) на пытанне ”Бароды чым мылі?“ адказала: – ”Памазочак дзелалі з каласкоў жытніх, звязывалі пучок і вот гэтым і мылі, хадзілі ”бароды мылі“… Місачка глыбокая, вада ў місачкі і памазочак еты ў руках насілі. Брілі мужыкоў, і тарка проста была, і пудрілі ўсё, ну як абычна такое ўсё бываець.// – Як у парікмахерскай? // Да // І тока мужыкоў? // Мужыкоў брілі і бароды ім мылі, і дзікалонілі, пырскалі вадзічкай…// А жэншчынам не мылі бароды? // Мылі бароды, як пайшоў абрад, так і мужыкоў і жэншчынам бароды мылі…// А хто мог эта дзелаць? Пріглашонный кто то, бабка ілі хазяева, ілі …?// Не, не самі хазяева, хто-та вот з радні старейшы: там бабушка ілі цётка вот, хадзілі, мылі і песні пелі… і за гэта хто рубль, хто капейку давалі…// Пры правядзенні навуковай экспертызы на падставе матэрыялаў Калекцыі фальклорных запісаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, архіва вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама друкаваных крыніц выяўлены значна шырэйшы арэал прапанаванага звычаю: шчыльна ён пакрываў тэрыторыю Ушацкага, Глыбоцкага, Чашніцкага, Міёрскага, Верхнядзвінскага, Лепельскага раёнаў з эпіцэнтрам менавіта на Полаччыне. Згодна з матэрыяламі акадэмічнага тома ”Радзіны. Абрад і песні“ (1998), рытуальнае ”галенне“ прысутных мужчын фіксавалася ў в. Прысынак Уздзенскага раёна (с. 183); у якасці люстэрка для галення скарыстоўвалася заслонка. У Нясвіжскім раёне ў канцы хрысцін бабка мыла ўсіх гасцей вадой з аўсом і выцірала ручніком. Цікава і тое, што ў энцыклапедыі ”Этнаграфія Беларусі“ за 1989 г. (выдавецтва ”Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі“) ў артыкуле ”Вясельныя гульні“ на старонцы 129 змешчана інфармацыя, ў якой згадваецца гульня вельмі падобная на ”мыццё барод“, а дакладана: ”Адна з вясельных гульняў звязана са старшым сватам (шаферам), якога абувалі ў лапці, ”брылі“ палкай або трэскай, рабілі для яго вянок і вешалі на шыю, апырсквалі адэкалонам або вадой. За гэта патрабавалі ”плату“ (звычайна грашыма), за якую прыданкі куплялі сабе цукеркі. У вясельнай гульні прымалі ўдзел не толькі ўкладальнікі, але і староннія гледачы”. У зборніку ”Беларуская народная творчасць“ - ”Вяселле“ (складальнік – інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР, выдавецтва ”Навука і тэхніка“, г.Мінск 1978 г., старонка 497) таксама згадваецца вяселле з вельмі падобнай вясельнай гульнёй ў вёсцы Берлеж Пухавіцкага раёна (запісаў А.С.Фядосік): ”Звычайна жарты пачынаюцца з першага свата (шафера). Яго абуваюць у лапці, ”брыюць“ палкаю або трэскаю. Робяць для яго вянок і вешаюць на шыю, пырскаюць адэкалонам, абліваюць вадой. Нарэшце патрабуюць выкуп (звычайна грошы, за якія потым прыданкі купляюць цукеркі). Сват скача, жартуе, а жанчыны скачуць ля яго, як хто зможа… “ Але на Полаччыне звестак пра абрадавую дзею ”Мыццё барод“ падчас вяселляў не маецца. Абрадавая дзея ”мыццё барод“ зафіксавана толькі падчас правядзення хрэсьбінаў

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Блі́зніца (раней Двор Варонічы) – аграгарадок у Полацкім раёне Віцебскай вобласці, каля 30 кіламетраў ад горада Полацка. Уваходзіць у склад Вароніцкага сельсавета. Славіцца сваёй працоўнай гісторыяй. Менавіта на яго тэрыторыі працавала адна з самых буйных, перспектыўных калектыўных гаспадарак Беларусі – калгас імя М.Ф.Сільніцкага, якой на працягу 50 гадоў (1958-2006) кіраваў Герой Сацыялістычнай працы Яўген Іванавіч Кімстач. Яўген Іванавіч быў галоўным ініцыятарам стварэння вялікага калгаснага хору з працаўнікоў гаспадаркі, які налічваў больш за 80 чалавек і з самага першага дня яго існавання быў яго актыўным удзельнікам. У гэтым кутку Полаччыны заўсёды пражывала шмат захавальнікаў неацэннага фальклорнага скарбу. На ўсё наваколле славіўся інструментальны гурт ”Дабрадзеі“ ў складзе самадзейных музыкаў: Чобата Уладзіміра Данілавіча з вёскі Тадуліна – скрыпка, Кармалыса Дзям’яна Фёдаравіча з вёскі Мураўшчына – дыятанічныя цымбалы, Талапіла Мікалая Іосіфавіча з Блізніцы – гармонік (баян). Скрыпка і цымбалы былі зроблены рукамі таленавітага музыкі, таленавітага майстра па апрацоўке дрэва Уладзіміра Данілавіча Чобата, які быў выдатнага росту, больш за 2 метры, меў вялікія працавітыя рукі і добры музыкальны слух. Таленавітым майстрам слыў і Кармалыс Дзям’ян Фёдаравіч – яго карзіны са шчапы разляталіся як тая самая шчапа. У сучасны перыяд культурнае абслугоўванне ажыццяўляюць: філіял ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“ дзяржаўнай установы культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“, біблятэка філіял № 19 ДУК ”Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма“, ДУА ”Дзіцячая школа мастацтваў Полацкага раёна“ - цэлы культурны комплекс, які размешчаны на цэнтральнай сядзібе аграгарадка Блізніца ў адметным будынку, пабудаваным у ХІХ стагоддзі на месцы былога панскага маёнтка рода Лісоўскіх, у цэнтры старадаўняга панскага парку. У часы савецкай улады ў гэтым будынку спачатку працавала ”малочная“. Так называлі жыхары маленькі завод па перагону малака, дзе награвалі малако, прывезенае з фермы, аддзялялі сліўкі і везлі іх у горад. Потым будынак выкарыстоўваўся як камуна, а пасля як ваенны шпіталь. Яшчэ пазней панскі дом перабудавалі ў інтэрнат для людзей з інваліднасцю. Ён існаваў да 80-х гадоў XX века. Некаторы час дом стаяў пусты. Потым тут зрабілі рамонт і размясцілі ўстановы культуры. Яркай адметасцю Сільніцкай бібліятэкі з’яўляецца этнаграфічная экспазіцыя ”Бабін кут“. Народная прыказка ”Бабіна дарога – ад печы да парога” лепш за ўсё адлюстроўвае ідэю экспазіцыі, у якой сабраны прадметы хатняга ўжытку, распавядаючыя аб нялёгкай працы вясковай жанчыны. Стваральнікам музея з’яўляецца Вольга Станіславаўна Чобат, кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля ”Блізнянка“ Сільніцкага сельскага Дома культуры, якая раней працавала бібліятэкарам, аб’ездзіла ўсе навакольныя вёскі, збірала народныя артэфакты і людзі ахвотна дзяліліся сямейнымі рэліквіямі. Экспазіцыя налічвае больш за 200 прадметаў: 300-гадовы ткацкі станок, маслабойкі, мяліцы, ночвы, ступы, розныя формачкі для абутку, лапці, калаўроты і нават вялікуя печ. Зацікавіла Вольгу фальклорам яе бабуля. Яе гісторыі Вольга слухала з вялікай цікавасцю і хутка прасякла любоўю да самабытнай культуры. Вольга Станіславаўна ўпэўнена: ”Важна людзям перадаць тое, што сам ведаеш, i каб людзi ведалi свaе каранi, каб людзi не забывалi нiколi пра iх, дзе б яны не знаходзiлiся, у якiм бы краю не былi“. Будучы кіраўніком народнага фальклорнага ансамбля Блізнянка, Вольга Станіславаўна ініцыяравала афармленне кабінета этнаграфіі Сільніцкага Дома культуры ў народным стылі. Тут у асяроддзі народных скарбаў, з абавязковым захаваннем мясцовых традыцый, удзельнікі ансамбля ”Блізнянка“ прапануюць наведвальнікам і гасцям установы этнаграфічны экскурс ”Тут кожны крок гісторыі часціца“, у праграме якога: знаёмства з прадзедаўскімі звычаямі, абрадамі, песнямі, танцамі, народнымі гульнямі, частаванне рэгіянальнымі аўтэнтычнымі стравамі – ”рыбнае шчаўе“ і ”таўчонікі з макам“. Ансамбль ”Блізнянка“ і кіраўнік праводзяць вялікую работу па зберажэнню нематэрыяльнай культурнай спадчыны, дзеляцца набытымі ведамі з калектывам пераемнікам – дзіцячым фальклорным калектывам ”Зярняты“. Вясковыя дзеці і моладзь, якія жывуць ва ўмовах жывога, актыўнага існавання развітой мясцовай традыцыйнай культуры, маюць усе ўмовы для таго, каб засвоіць яе натуральным шляхам, яна становіцца арганічнай часткай іх жыцця. Юныя ”зярняткі” штогод папаўняюць свой запас ведаў пра культурную спадчыну, што дае магчымасць часцей размаўляць на сваёй роднай мове, атрымліваюць глыбокія веды аб сваім родным краі.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Традыцыйнай атрыбутыкай абрадавай дзеі ”Мыццё барод“ з’яўляюцца: вялікія драўляныя начоўкі, ў якіх купалі дзіця, альбо міска з вадой. У начоўках з аднаго боку ляжалі падрыхтаваныя для абрадавай дзеі прадметы (трэсачка альбо тарка – каб галіць бароды, пэндзаль – каб памазаць бараду, адэкалон – каб асвяжыць госця, бурак – каб шчокі падрумяніць, морквіна – для прыгажосці жаночых вуснаў, пудра – каб можна было прыпудрыць жаночы твар, грэбень альбо граблі – каб наладзіць госцю прычоску), з другога – сурвэтка, на якую госці павінны былі пакласці грошы ”на мыла“ нованароджанаму.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Адметнасцямі абрадавай дзеі ”Мыццё барод“ з’яўляецца абрадавая песня ”Вы мужчынкі (жанчынкі) - муравінкі“. Песня спявалася кожнаму госцю асобна: \”Вы мужчынкі-муравінкі, піце нашы журавінкі, \ Нашы журавінкі салодкі, як у бару ягодкі\ А дзе ж яны саладжалі? У чатыры каленкі паляжалі,\ А пятая мушка шавялушка, шавяліла каля брушка\. А ты (напрыклад, Іван), сорам знай, ды намыла рубля дай,\ А не руб дык чырвонца, будзем гуляць да канца“ Іншыя элементы сямейна-родавага абраду Радзіны (Хрэсьбіны): Радзінныя, хрэсьбінныя і бяседныя песні, што выконваліся падчас сямейнага свята: ”А ў нас у садзе, ў садзе рабінкі, а ў нас сёння, ў нас сёння радзінкі“, ”А ў нас сягодня хвала табе Божа“, “Цераз рэчаньку“, ”Ой, спасіба кавалю”, ”Садавая яблынька, на бугорку стаяла“, ”А ў цёмным лесе сава кугіча“, ”Я ўчора ў піру была“, ”Чарачка мядовая па сталу хадзіла, па сталу хадзіла кума напаіла“, ”Ой, запражом мы кабылку сівую“, ”Залажыце, запражыце“, ”За лес сонца закаціла”. Побытавыя танцы: ”Нарэчанька“, ”Кракавяк“, ”Полька“, ”Каробачка“, ”Месяц“, ”Лысы“, ”Падэспань“, ”Абэрак“, ”Лявоніха“ і інш. Дасціпны народны гумар, прыгаворкі, зычэнні стваралі асобны настрой і весялосць: - Дарую вашаму дзіцятку пялёнкі, каб быў спрытны ды лоўкі; - Дарую пуд маку, каб быў без воднага браку; - Дарую панчохі, каб малы хуценька стаў на ногі; - А дарую коўны кошык канапель , каб дзіцятка любілі, як любяць цяпер; - Дарую адзеяльца, каб рос прыгожым мальцам; - А я дарую пуд проса, каб рос вельмі харошы. Пажаданні пры абрадавай дзеі ”Мыццё барод“: - Даю на мыла многа грошы, каб малы, быў музыкант харошы; - Даю на мыла кусочак, каб быў вясёлы ўнучочак; - Даю на мыла духмянае, каб ліцо было заўсёды румянае; - Даю на мыла рубля, каб была кучарава галава; - Даю на мыла дзесятку, каб шчасце і доля была ў дзіцятку; - Даю на мыла траяк, каб ногі не хадзілі абыяк; - Даю на мыла з высока, каб малы бачыў далёка; - Кладу на мыла на вялікі кусок, каб малы насіў прыгожы паясок; - Кладу на мыла пяцёрку, каб на вяселлі крычалі горка

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Вялікую ролю па зберажэнню лакальнай традыцыі выконвае сям’я Чобат Вольгі Станіславаўны, культарганізатара філіяла ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“. Непасрэдна ад сваёй бабулі, сваёй матулі Вальмус Станіславы Сцяпанаўны (1927-2019 г.н.) яна пераняла асноўныя звесткі аб традыцыях правядзення радзін (хрэсьбін) на Полаччыне. Абрадавую дзею ”Мыццё барод“ праводзіла яе маці, сёстры і зараз праводзіць яна сама для аднавяскоўцаў, родных, знаёмых, суседзяў. Нягледзячы на даволі малады ўрост, Вольга Станіславаўна з’яўляецца і пераемнікам, і носьбітам фальклору. З’яўляючыся кіраўніком народнага фальклорнага ансамбля ”Блізнянка“, разам з удзельнікамі калектыву абрадавую дзею ”Мыццё барод“ папулярызуе падчас фальклорных мерапрыемстваў, народных святаў, абрадаў, майстар-класаў, пры прыёме ганаровых гасцей, удзеле ў семінарах-практыкумах для кіраўнікоў фальклорных калектываў і інш.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Захавальнікі абрадавай дзеі ”Мыццё барод“ хоць людзі вясковыя, сціплыя, але ацэньваюць гэту абрадавую дзею як вельмі важную сямейна-родавую традыцыю. Таму важна іх падтрымаць у захаванні, каб з часам традыцыя не знікла. Сярод пагроз можна назваць: 1. Забыванне традыцый і ведаў. Сярод маладых людзей гэта асабліва відавочна. 2. Уплыў глабалізацыі можа прывесці да страты традыцый і замены іх сусветнай культурай. 3. Урбанізацыя. Памяншэнне насельніцтва вёсак вядзе да змяншэння патрэбы ў традыцыйных святах і да разбурэння сувязяў унутры вясковай грамады. 4. Нізкая нараджальнасць, асабліва ў вёсцы, што аб’ектыўна вядзе да забывання абраду.

Ключавыя словы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал бытавання абрадавай дзеі_Мыццё барод.jpg

Арэал бытавання абрадавай дзеі_Мыццё барод.jpg

2020-10-16-Мыццё_барод-Полацкі_веснік-Радзіны.jpg

2020-10-16-Мыццё_барод-Полацкі_веснік-Радзіны.jpg

Фотафіксацыя