Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Гомельскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33БК000157
Дата ўключэння: 16/05/2022
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 13.05.2022 № 04-01-02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2022 № 28
Шыфр (у Інвентары): НКС-20220818/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Установа "Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці". Адрас: вул. Кірова, 49, г. Гомель, 246022;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Гомельскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

кручанікі, марцыпаны, сечанікі, клёцкі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары Гомельскай вобласці: Акцябрскі раён – жыхары аг. Ламавічы, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Залаты ўзрост» філіяла «Ламавіцкі сельскі дом народнай творчасці» ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна»; Брагінскі раён – жыхары аг. Мікулічы, удзельнікі сямейнага клуба «Мікуляначка» філіяла «Мікуліцкі сельскі клуб» ДУ «Брагінскі раённы дом культуры»; жыхары в. Крыўча, удзельнікі жаночага клуба «Надзея» філіяла «Крыўчанскі сельскі дом культуры» ДУ «Брагінскі раённы дом культуры»; жыхары в. Рыжкаў, удзельнікі аб’яднання «Наша кухня» філіяла «Рыжкоўскі сельскі клуб» ДУ «Брагінскі раённы дом культуры»; жыхары в. Сцежарнае, удзельнікі клубных фарміраванняў філіяла «Сцежарэнскі сельскі клуб» ДУ «Брагінскі раённы дом культуры»; Буда-Кашалёўскі раён – жыхары г.п. Уваравічы, в. Новая Гусявіца, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Не старэюць душой ветэраны» філіяла «Гусявіцкі сельскі дом культуры» ДУК «Буда-Кашалёўскі цэнтральны раённы дом культуры»; Гомельскі раён – жыхары в. Гадзічава, в. Маркавічы, аг. Цярэшкавічы, удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Хозяюшка» філіяла «Цярэшкавіцкі дом культуры» ДУ «Цэнтр культуры Гомельскага раёна»; Добрушскі раён – жыхары аг. Івакі; Ельскі раён – жыхары г. Ельска, аг. Млынок, в. Княжабор’е, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Незабыўная спадчына» філіяла «Млыноцкі культурна-спартыўны цэнтр» ДУК «Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва і метадычнай работы»; Жлобінскі раён – жыхары в. Дворышча, в. Рэкта, аг. Лукскі, в. Скепня, в. Пірэвічы; Жыткавіцкі раён – жыхары аг. Азяраны, в. Чэрнічы, в. Пагост, удзельнікі аб’яднання для тых, каму за 50 «Мечта» філіяла «Азяранскі маладзёжны цэнтр культуры» ДУК «Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва»; Калінкавіцкі раён – жыхары аг. Казловічы, в. Старыя Навасёлкі, в. Давыдавічы, в. Кошчычы; Кармянскі раён – жыхары аг. Баравая Буда, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Гаспадыня» філіяла «Баравабудскі сельскі дом культуры» ДУК «Кармянскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу»; Лельчыцкі раён – жыхары аг. Ліпляны; Лоеўскі раён – жыхары в. Крупейкі, удзельнікі клуба «Сяброўкі» філіяла «Крупейскі сельскі клуб» ДУК «Гарадскі цэнтр культуры г.п. Лоеў»; Мазырскі раён – жыхары в. Мялешкавічы, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Дзеруны» філіяла «Мялешкавіцкі сельскі клуб» ДУК «Мазырскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»; Нараўлянскі раён – жыхары аг. Вербавічы, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Кулінарныя сакрэты» філіяла «Вербавіцкі сельскі дом культуры» ДУК «Нараўлянскі раённы дом культуры»; Рагачоўскі раён – жыхары в. Стрэнькі, аг. Дварэц

Арэал распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Кастрычніцкі раён » Акцябрскі;   Гомельская вобласць » Брагінскі раён » Брагін;   Гомельская вобласць » Буда-Кашалёўскі раён » Буда-Кашалёва;   Гомельская вобласць » Добрушскі раён » Добруш;   Гомельская вобласць » Ельскі раён » Ельск;   Гомельская вобласць » Жлобінскі раён » Жлобін;   Гомельская вобласць » Жыткавіцкі раён » Жыткавічы;   Гомельская вобласць » Калінкавіцкі раён » Калінкавічы;   Гомельская вобласць » Кармянскі раён » Карма;   Гомельская вобласць » Лельчыцкі раён » Лельчыцы;   Гомельская вобласць » Лоеўскі раён » Лоеў;   Гомельская вобласць » Мазырскі раён » Мазыр;   Гомельская вобласць » Нараўлянскі раён » Нароўля;   Гомельская вобласць » Рагачоўскі раён » Рагачоў;   Гомельская вобласць » Гомельскі раён » Гомель;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыйныя стравы з таркаванай сырой бульбы – гэта комплекс святочных і паўсядзённых страў, сярод якіх дранікі, бульбяная бабка, кішка, калдуны, клёцкі і г.д.
Дранікі і бабка сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываецца бульба (рэгіянальнае – «картоплі»). Сутнасць іх традыцыйнага рэцэпту простая: чысцім, тром, выпякаем. Просты і набор асноўных прадуктаў: бульба, здор (свіны нутраны тлушч) ці гусіны тлушч альбо алей, соль. Час прыгатавання – нязначны, кулінарныя навыкі – не абавязковыя. Бульба патрэбна не маладая, а крухмалістая, якая адляжалася. Гатаваць такія стравы трэба хутка, каб бульба не паспела акісліцца і пацямнець.
Дранікі – беларуская назва бульбяных аладак, якая паходзіць ад слова «драць», што азначае церці, абдзіраць слаямі. Так адлюстроўваецца сутнасць кулінарнага працэсу, бо бульбу для дранікаў здрабнялі – дралі на завостранай дошцы – папярэдніцы сучаснай таркі. Некаторыя іншыя назвы таксама падкрэсліваюць працэс прыгатавання: аладкі драныя, дзеруны, дранка, драчонікі, драчы. У дранікаў мноства варыяцый, якія дасягаюцца як за кошт разнастайнасці дадатковых інгрэдыентаў, так і спосабу падрыхтоўкі бульбяной масы. Калдуны (лянівыя калдуны, варэнікі і інш.) – гэта дранікі з начыннем, разнастайнасць якога абмяжоўваецца толькі вынаходлівасцю кухара. У якасці дадатковых інгрэдыентаў могуць выступаць яйкі, крухмал, мука, цыбуля і іншая гародніна, малочныя і мясныя прадукты, грыбы, тоўчаная вараная бульба, крупы, цукар, спецыі і інш. Традыцыйна дранікі гатуюць на чыгуннай патэльні – пякуць у добра прагрэтай печы, на прыпечку ці спачатку смажаць на патэльні з абодвух бакоў, а потым запякаюць у чыгунку ў печы. Таксама адварваюць, гатуюць на адкрытым агні. З астылых дранікаў гатуюць іншыя стравы, для якіх, напрыклад, паліваюць дранікі зажаркай з сала і цыбулі і ставяць у чыгунку тушыцца ў печ.
Бабка па тэхналогіі прыгатавання блізкая да дранікаў, але яна запякаецца найчасцей у закрытым посудзе. Таксама ёсць варыянты – бабка, засквараная салам, мясам з цыбуляю, з крупамі, посная.
Картапляныя каўбасы, ці кішкі, рабілі толькі на вялікія святы (напрыклад, перад Калядамі), калі білі кабана.
Гарачыя дранікі, бабка падаюцца на стол як самастойныя стравы з маслам ці з халодным малаком і смятанай. Таксама з мясам, соусамі розных гатункаў, працёртымі ягадамі. Бульбяная кішка падаецца з агурочным ці памідорным расолам, квашанай капустай, кіслым альбо свежым малаком.
Вядучую ролю ў захаванні традыцыі выконваюць праз сваю дзейнасць аматарскія аб’яднанні, спецыялісты ўстаноў культуры: правядзенне і ўдзел у разнастайных культурна-масавых мерапрыемствах, выданне друкаванай прадукцыі, падтрымка разнастайных відаў фармальнай і нефармальнай адукацыі, папулярызацыя элемента праз сучасныя сродкі масавай камунікацыі, супрацоўніцтва з установамі адукацыі і інш.
Падтрымліваюць і развіваюць элемент у сферы турызму (напрыклад, аграсядзібы), грамадскага харчавання.
Кулінарныя традыцыі рэгіёна пастаянна прэзентуюцца на разнастайных фестывальна-конкурсных мерапрыемствах, святах, якія ладзяцца ў Гомельскай вобласці, краіне і за яе межамі.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў з таркаванай бульбы актыўна выкарыстоўваецца як у паўсядзённым сямейным побыце, так і ў сучаснай кулінарыі, на розных святах і кірмашах. У дзейнасці аграсядзіб, сферы грамадскага харчавання. Стравы з таркаванай бульбы, прыгатаваныя па даўнейшых мясцовых рэцэптах, становяцца мясцовымі гастранамічнымі брэндамі. Моладзь з задавальненнем гатуе такія стравы на прыродзе.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Для супольнасці веданне сваёй нацыянальнай культуры з’яўляецца кансалідуючым фактарам. Гэта спрыяе ўмацаванню сямейных сувязяў, выхаванню ў маладога пакалення паважлівых адносін да продкаў, іх традыцый, садзейнічае фарміраванню любові да малой радзімы. Старажылы расказваюць і паказваюць малодшым пакаленням спосабы прыгатавання святочных страў па рэцэптах продкаў. Гаспадыні імкнуцца зацікавіць дзяцей і ўнукаў праявамі сямейнай традыцыйнай культуры. Моладзь з задавальненнем гатуе на прыродзе, на мангалах (у тым ліку рэкрэацыйная функцыя). Дадзены элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці і таму мае ўжыткова-ўтылітарную функцыю, што спрыяе ўмацаванню ў свядомасці дзяцей і моладзі большай павагі да чалавека працы і яе вынікаў. Брэндзіраванне з улікам рэгіянальнай спецыфікі і каларыту такога папулярнага элемента традыцыйнай ежы, як стравы з таркаванай бульбы, паспрыяе далейшаму развіццю прывабнага турызму і ўстойліваму развіццю рэгіёну. Як раней, так і цяпер, стравы з таркаванай бульбы гатуюць да кожнага свята ці проста каб пачаставаць родных і гасцей рознымі смачнымі стравамі. Гэтыя стравы простыя і зручныя ў прыгатаванні. Яны гатуюцца хутка, проста, атрымліваюцца смачна, арыгінальна і падабаюцца ўсім. Усе прадукты да іх ёсць у кожнага чалавека дома, нават калі іх спатрэбіцца купляць, то гэта атрымліваецца зусім нядорага. Яшчэ яны вельмі сытныя, смачныя. Яны могуць быць і простым сняданкам, калі гарачыя, бо гатуюцца яны значна хутчэй, чым многія іншыя стравы. Гэта вельмі хуткія, сытныя і эканамічныя стравы. З імі можна шмат эксперыментаваць, смакавыя якасці ад гэтага мяняюцца толькі ў лепшы бок. Аматарскія аб’яднанні, у склад якіх уваходзяць і носьбіты народнай спадчыны, вывучаюць, выкарыстоўваюць і папулярызуюць кулінарныя традыцыі, дзеляцца сямейнымі рэцэптамі праз сваю культурную дзейнасць – правядзенне лакальных мерапрыемстваў, удзел у разнастайных масавых мерапрыемствах. Члены аматарскіх аб’яднанняў надаюць вялікую ўвагу захаванню і папулярызацыі традыцыйнай беларускай ежы, праводзяць майстар-класы для дзяцей і моладзі па падрыхтоўцы традыцыйнай беларускай ежы, у тым ліку дранікаў, бабкі, бульбянікаў, дранкі і інш.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Установы культуры вобласці, у тым ліку: установа «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці»; Акцябрскі раён – ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна»; Брагінскі раён – ДУ «Брагінскі раённы дом культуры» і яе філіялы: «Асарэвіцкі дом народнай творчасці», «Зарэчанскі сельскі клуб-бібліятэка», «Кавацкі сельскі клуб», «Кіраўскі сельскі клуб», «Красненскі цэнтр культуры і вольнага часу», «Крыўчанскі сельскі дом культуры», «Мікуліцкі сельскі клуб», «Рыжкоўскі сельскі клуб», «Сцежарэнскі сельскі клуб», «Углоўскі цэнтр культуры і вольнага часу»; Буда-Кашалёўскі раён – ДУК «Буда-Кашалёўскі цэнтральны раённы дом культуры» і яе філіялы: «Гусявіцкі сельскі дом культуры», «Гусявіцкі цэнтр ткацтва»; «Гусявіцкая сельская бібліятэка», «Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці»; Гомельскі раён – ДУ «Цэнтр культуры Гомельскага раёна» і яе філіял «Цярэшкавіцкі дом культуры»; Добрушскі раён – ДУ «Добрушскі раённы Палац культуры» і яе філіялы: «Кармянскі сельскі дом культуры», «Івакаўскі сельскі дом культуры»; Ельскі раён – ДУК «Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва і метадычнай работы» і яе філіял «Млыноцкі культурна-спартыўны цэнтр»; Жыткавіцкі раён – ДУК «Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва» і яе філіял «Азяранскі маладзёжны цэнтр культуры»; Калінкавіцкі раён – ДУК «Калінкавіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Калінкавіцкага раёна» і яе філіял «Казловіцкая сельская бібліятэка»; Кармянскі раён – ДУК «Кармянскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу» і яе філіялы: «Акцяброўскі цэнтр фальклору», «Барсукоўскі сельскі дом народных традыцый», «Каменскі сельскі дом культуры», «Хізаўскі сельскі дом культуры», «Лужкоўскі сельскі дом культуры», «Ворнаўскі сельскі дом культуры», «Дубавіцкі сельскі дом культуры», «Кароцькаўскі цэнтр культуры і вольнага часу», «Літвінавіцкі цэнтр культуры і вольнага часу», «Высокаўскі сельскі клуб-бібліятэка»; Лельчыцкі раён – ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»; Лоеўскі раён – ДУК «Гарадскі цэнтр культуры г.п. Лоеў» і яе філіялы: «Крупейскі сельскі клуб», «Страдубскі цэнтр культуры і вольнага часу»; Мазырскі раён – ДУК «Мазырскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» і яе філіял «Мялешкавіцкі сельскі клуб»; Нараўлянскі раён – ДУК «Нараўлянскі раённы дом культуры» і яе філіялы: «Вербавіцкі сельскі дом культуры», «Цэнтр фальклору»; ДУК «Нараўлянская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і яе філіял «Вербавіцкая сельская бібліятэка»; Рагачоўскі раён – ДУК «Рагачоўскі цэнтр культуры і народнай творчасці» і яе філіялы «Стрэнькаўскі сельскі дом культуры», «Дварэцкі сельскі дом культуры»; ДУА «Дварэцкі яслі-сад – сярэдняя школа імя В.В. Скрыганава»; ДУА «Рагачоўскі раённы цэнтр пазашкольнай работы». Аграсядзібы, у тым ліку: аграсядзіба «Естествознание», в. Хваенск, Жыткавіцкі раён, гаспадыня Цяслюк А.Ю. Грамадскае харчаванне, у тым ліку: г. Добруш – рэстаран-кафэ «Остров», кафэ-бар «Терем»; г.п. Карма – кафэ «Ніка». Абласныя і раённыя сродкі масавай камунікацыі

Паходжанне элемента:

Традыцыі прыгатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы адлюстроўваюць багатую, яркую, самабытную культурную спадчыну, звязаную з асаблівасцямі харчавання. Падобныя стравы як традыцыйная ежа раней з’яўляліся пераважна святочнымі, таму што для прыгатавання патрабавалася вялікая колькасць свінога тлушчу або алею, які раней быў у дэфіцыце. Па меркаванні большасці даследчыкаў, прыгатаванне страў з сырой таркаванай бульбы пашырылася ў беларускай народнай кулінарыі ў другой палове ХІХ ст. і ўключала такія стравы, як бабка, бульбяныя бліны, кішка і іншыя. Паводле некаторых гістарычных дадзеных дранікі лічацца стравай яўрэйскай кухні, дзе было прынята гародніну церці на тарку. Дранікі на цяперашні час лічацца адной з самых вядомых беларускіх нацыянальных страў. Але ў беларускай традыцыйнай кухні яны з’явіліся толькі ў другой палове XІX стагоддзя з нямецкай кухні пры пасрэдніцтве яўрэйскай, дзе яны вядомыя як латкес. Для яўрэйскай кухні ўвогуле было прынята гародніну церці на тарку. Першы вядомы ў Беларусі рэцэпт дранікаў пад назвай blіnkі kartoflane падаецца ў кнізе Іаана Шытлера «Кухар добра навучаны» (1830 г.). Дадзеная страва добра вядома ў нямецкім, чэшскім, украінскім, літоўскім асяроддзі і інш. Выпяканне дранікаў у выглядзе невялікіх бульбяных аладак з’яўляецца адным са спосабаў прыгатавання страў са здробненай на тарцы сырой бульбы, які шырока распаўсюдзіўся на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХХ ст. Бабка – традыцыйная беларуская народная страва. Таркаваную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю (ёсць і посныя варыянты) і іншымі спецыямі і запякаюць. Гатовую бабку падаюць з малаком або смятанай. У наш час вядома паўсюдна. Папулярная таксама ў літоўскай кухні пад назвай кугеліс. З’явілася на Блізкім Усходзе як святочная страва кугель на яўрэйскі Пэйсах. Гатавалася ў выглядзе запяканкі з дробненай гародніны з дадаткамі мукі і яек. Складнікамі зазвычай былі гарбузы, кабачкі, морква. У розных мясцінах маглі дадавацца кроп, цыбуля, часнок, шпінат, цукіні або цыбуля-парэй. У нашых краях рэцэпт перажыў значныя змены, найперш праз бульбу, якая стала асноўным складнікам кугелю. Мяркуецца, што на сталах беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў гэтая страва з’явілася ў канцы XІX стагоддзя. Літоўцы завуць яе паводле старой яўрэйскай назвы – кугеліс. Сёння стравы з таркаванай бульбы сталі гастранамічным брэндам Беларусі, дзякуючы разнастайнай рэцэптуры і кулінарнаму ўменню мясцовых гаспадынь. Самымі вядомымі стравамі лічацца дранікі, бабка, калдуны і бульбяныя аладкі, якія шырока практыкуюцца ў гарадскім і вясковым натуральным асяроддзі амаль штодня. Традыцыйныя рэцэпты прыйшлі да сучасных гаспадынь з сям’і, ад іх бабуль і мам. Сёння стравы з таркаванай бульбы папулярызуюць аматарскія аб’яднанні ўстаноў культуры, аграсядзібы, сфера грамадскага харчавання

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Дынамічнае развіццё сучаснай прамысловасці рэгіёну, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай інфраструктуры арганічна спалучаецца з насычаным культурным жыццём, беражлівымі адносінамі да накопленых стагоддзямі духоўных каштоўнасцей. Важны фактар захавання тэхналогіі прыгатавання мясцовых страў – практыкаванне традыцыйнага сельскагаспадарчага ўкладу жыцця большасцю жыхароў сельскіх населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Паўсюдна дранікі і іншыя стравы з бульбы гатуюць з сыравіны, якая вырошчваецца на прыватных надзелах зямлі. Амаль штодзённае масавае прыгатаванне дранікаў і бульбяных бліноў у вясковым асяроддзі спрыяе натуральнаму бытаванню і далейшаму развіццю элемента. Натуральнаму бытаванню і далейшаму развіццю элемента спрыяе частае масавае прыгатаванне страў з таркаванай бульбы ў гарадскім і вясковым асяроддзі. Сёння для прыгатавання страў з таркаванай бульбы, асабліва ў гарадскіх умовах, шырокадаступныя інгрэдыенты для рошчыны набываюць у розных пунктах гандлю. Бульбу закупляюць у сельскіх прамысловых комплексах і калгасах, фермерскіх гаспадарках, якія спецыялізуюцца на вырошчванні сучасных высакаякасных гатунках бульбы. У аг. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна знаходзіцца Чырвонабярэжскі дзяржаўны аграрны каледж, работа якога з дня заснавання і на працягу многіх гадоў накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў выключана для аграрнага сектара эканомікі нашай краіны. У г. Калінкавічы знаходзяцца УА «Палескі дзяржаўны аграрны каледж ім. Міцкевіча», ДУА «Калінкавіцкі прафесіянальны аграрна-тэхнічны ліцэй». Іх навучэнцы і выкладчыкі працуюць над вывядзеннем новых гатункаў бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Беларуская, руская мовы, мясцовыя гаворкі

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Традыцыйныя стравы з сырой таркаванай сырой бульбы ў разнастайнасці рэцэптаў (гл. дадатак «Рэцэптуры прыгатавання страў з таркаванай бульбы жыхарамі Гомельскай вобласці»), і назваў (гл. п. 1.2 дадзенай формы). Набор асноўных прадуктаў просты: бульба, здор (свіны нутраны тлушч) ці гусіны тлушч (пазней – алей), соль. Бульба патрэбна не маладая, а крухмалістая, якая адляжалася. Натаркаваць маладую некрухмалістую бульбу, вядома, можна, але стравы не будуць мець належнага смаку. Дробная тарка дазваляе бульбяной масе дасягнуць кашападобнага стану. Таксама выкарыстоўваецца і буйная тарка. Калі бульбяная маса атрымалася занадта вадкай і не фармуецца, яе адціскаюць (напрыклад, праз палатняны мяшок, марлю) або сцэджваюць на сіта сок і даюць яму адстаяцца. Крухмал са дна посуду дабаўляюць у рошчыну. Каб бульбяная маса не цямнела і не губляла сваю лёгкасць, можна або церці бульбу па чарзе з лукам, або дадаць да бульбы пару лыжак смятаны. Калі ў бульбе мала крухмалу і маса развальваецца, у ролі «цэменту» можа выступіць яйка. У некаторых мясцовасцях лічаць, што мука можа зрабіць дранікі гумовымі і загубіць іх смак. У якасці дадатковых інгрэдыентаў могуць выступаць цыбуля (таркаваная ці дробна пакрышаная нажом), сырыя і адвараныя яйкі, крухмал, мука, смятана, кефір, тварог, сыр, мясны і рыбны фарш, печань, смажанае з цыбуляй сала, грыбы (свежыя альбо адвараныя сухія, пакрышаныя), морква і маркоўны сок, гарбуз, вараная тоўчаная бульба, крупы (грэчка, рыс, пшаніца, проса), цукар, часнок (тоўчаны ці дробна пакрышаны нажом), кроп (свежы ці сушаны), пастарнак, мак, чорны молаты перац, маянэз і інш. Традыцыйна дранікі гатуюць на чыгуннай патэльні. Іншым разам патэльню змазваюць толькі невялікім шматком сала, абкручаным ільняной тканінай («подмазкай») – атрымліваюцца «сухія бліны», якія з’яўляюцца дапаўненнем да іншых страў: яечні, мачанкі (верашчакі), халадніка і інш. Каб дранікі былі падсмажаныя і мяккія, патэльня накрываецца крышкай. Пякуць у добра прагрэтай печы, на прыпечку ці спачатку смажаць на патэльні з абодвух бакоў, а потым запякаюць у чыгунку ў печы. Таксама адварваюць, гатуюць на адкрытым агні. З астылых дранікаў гатуюць іншыя стравы, для якіх, напрыклад, паліваюць дранікі зажаркай з сала і цыбулі і ставяць у чыгунку тушыцца ў печ. Гарачыя дранікі, бабка падаюцца на стол як самастойныя стравы з маслам ці з халодным малаком і смятанай. Таксама з мясам, соусамі розных гатункаў, працёртымі ягадамі (напрыклад, лясныя журавіны). Дранікі заліваюцца аброццю (топленым свіным салам), зажаркай (шкваркі – шматок сала рэжацца на маленькія кавалачкі, дадаецца цыбуля і ўсё разам гатуецца да залацістага колеру) і гарачымі падаюцца на стол разам са смятанай. Варыянт – падача ў гліняных збанках. У іх дранікі выкладваюцца пластамі, адзін на аднаго. Паміж імі кладзецца начынне (грыбы, лук, сала, сыр і інш.), а зверху ўсё шчодра паліваецца смятанай. Бульбяная кішка падаецца з агурочным ці памідорным расолам, квашанай капустай, кіслым альбо свежым малаком. Для прыгатавання па-ранейшаму выкарыстоўваюцца традыцыйныя прылады: тарка (напрыклад, «бульбяная» і «бурачная»), чыгунная патэльня, вілачныя («вілашнік»), гаршчок, драўляная лыжка і інш. Ва ўмовах электрыфікацыі, газіфікацыі, разбурэння печаў, атрымання кватэр у шматкватэрных дамах жанчыны і мужчыны для прыгатавання ежы ўсё больш выкарыстоўваюць магчымасці газавых і электрычных духовак, электрапечаў, хуткаварак, самаварак і інш. На кухні ўсё часцей выкарыстоўваюцца сучасныя механічныя сродкі: для шмаравання бульбы – кухонны камбайн, для падрыхтоўкі мяснога і грыбнога начыння – мясарубка, замест чыгуннай патэльні – патэльня з сучасным хімічным пакрыццём, замест гаршка – каструля і г.д.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Тэхналогія пабудовы традыцыйнай печы, вырабу посуду, хатніх прылад. Традыцыйныя тэхналогіі вырошчвання бульбы, біцця кабана. Традыцыі прыгатавання і ўжывання разнастайных страў традыцыйнай кухні. Традыцыя святкавання Каляд – толькі на вялікія святы, калі білі кабана (напрыклад, перад Калядамі), гатавалі картапляныя каўбасы, ці кішкі.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Элемент перадаецца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне, пераймаецца ад старэйшых гаспадынь у сям’і. Захоўваюцца стараннямі як носьбітаў традыцыі, так і намаганнямі работнікаў сферы культуры. Аматарскія аб’яднанні, у склад якіх уваходзяць і носьбіты народнай спадчыны, вывучаюць, выкарыстоўваюць і папулярызуюць кулінарныя традыцыі, дзеляцца сямейнымі рэцэптамі праз сваю культурную дзейнасць – правядзенне лакальных мерапрыемстваў, удзел у разнастайных масавых мерапрыемствах. Элемент папулярызуецца і развіваецца праз дзейнасць аграсядзіб, сферы грамадскага харчавання.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Значнай пагрозы не існуе, паколькі элемент шырока практыкуецца ў гарадскім і вясковым натуральным асяроддзі пастаянна. Ёсць пэўныя складанасці: на культурна-масавых мерапрыемствах, дзе дэманструецца працэс прыгатавання мясцовых страў і арганізавана іх дэгустацыя, не заўсёды ў поўнай меры можна забяспечыць санітарна-эпідэміялагічныя нормы харчавання. Патрабуецца тактоўнае пераасэнсаванне залішняй камерцыялізацыі і своечасовае патэнтаванне ўнікальных мясцовых кулінарных традыцый. Ёсць рызыка падмены традыцыйных рэцэптаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, новаўвядзеннямі. Таму ўзнікае неабходнасць захаваць, апісаць і папулярызаваць рэцэпты прыгатавання традыцыйных страў, спрадвечных для рэгіёну.

Ключавыя словы

дранікі, бульбяныя бліны

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя