Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны
Вобласць:
Раён:
Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БК000156
Дата ўключэння: 16/05/2022
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 13.05.2022 № 04-01-02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2022 № 28
Шыфр (у Інвентары): НКС-20220818/01
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск; Выяўленне элементаў НКСНазва: Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары Віцебскай вобласці Арэал распаўсюджвання:
Кароткае апісанне элемента: Дранікі – папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць” – церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, пызы і г.д. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйная ежа Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў актыўна выкарыстоўваецца як у паўсядзённым сямейным побыце, так і ў сучаснай кулінарыі. У Браслаўскім раёне амаль кожная аграсядзіба, якіх дарэчы на Браслаўшчыне па дадзеных на 01.08.2021 г. 326, частуе сваіх гасцей асаблівым “браслаўскім дранікам”. “Браслаўскі дранік” пачынае станавіцца сваеасаблівай візітоўкай разам з “браслаўскімі рыбнымі клёцкамі”. Таксама на Браслаўшчыне атыўна захоўваецца традыцыя прыгатавання дранікаў удзельнікамі шматлікіх аматарскіх аб’яднанняў, якія дарэчы дзейнічаюць амаль ва ўсіх клубных установах раёна. Удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў не толькі дзеляцца сваімі рацэптамі, але і актыўна праводзяць майстар-класы па прыгатаванні мясцовых дранікаў на калодзе падчас разнастайных мерапрыемстваў. Народнае аматарскае аб’яднанне “Расіца” Бігосаўскага СДК Верхнядзвінскага раёна працуе з 1997 года. З тых часоў здабыта ў экспедыцыях шмат рацэптаў розных страў, у тым ліку і страў з бульбы. Гаспадыні з задавальненнем раскажуць і пакажуць спосабы прыгатавання дранікаў па рэцэптах носьбітаў Бігосаўшчыны ў памяшканні, якое стылізавана пад беларускую хатку 19 стагоддзя. Яе абстаноўка і водар прыгатаваных страў пераносіць наведвальнікоў у старадаўнія часы. На сённяшні час здабыта больш за 10 рэцэптаў найсмачнейшых дранікаў: “Дранікі з мясам”, “Дранікі заварныя”, “Дранікі з грыбамі”, “Дранікі з тварагом”, “Дранікі з сырам і кропам”, “Вялікі дранік ” і інш. Гэтыя стравы кожны сам можа прыгатаваць на майстар-класах. Такім чынам гаспадыні імкнуцца зацікавіць дзяцей і моладзь традыцыйнай культурай. У рэстаране “Світанак” г.Паставы можна сустрэць некалькі варыянтаў прыгатавання: мачанка с дранікамі, дранікі з мясам і новая цікавая страва “дранбургер”. Народны клуб нацыянальнй кухні, гульні і абраду “Традыцыя” Курапольскага СДК Пастаўскага раёна таксама можа парадаваць гасцей і жыхароў Пастаў рознымі варыянтамі прыгатавання дранікаў. Напрыклад: дранікі з мясам, “калдуны”, традыцыйныя дранікі, а таксама дранікі з тварагом. Для прыгатавання можна выкарыстоўваць не толькі традыцыйныя спосабы, але і цікавыя. Так, удзельнікі клуба нацыянальная кухні, гульні і абраду “Традыцыя” засвоілі навык прыгатавання дранікаў на калодзе. Такі спосаб не толькі выглядае незвычайна, але і дадае дранікам непаўторны смак. Гаспадары аграсядзібы “Кралова хата”, што ў вёсцы Забор’е Расонскага раёна, Яўгенія і Цімур Кроллы частуюць сваіх пастаяльцаў эксклюзіўнымі дранікамі пад назвай “вожыкі”. Вожыкі яны навучыліся гатаваць самі, іх прыгатаванне адлічваецца толькі тым, што бульбу для вожыкаў дзяруць на крупнай тарцы. І дранікі, сапраўды, атрымліваюцца падобнымі на вожыка. Асабліва гэтая страва падабаецца дзецям. Але гаспадары выпякаюць у печы і традыцыйныя дранікі, і камы з рознымі начынкамі для гасцей аграсядзібы. Таксама гаспадары з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі клуба беларускай кухні, гульні і фальклору “Заборская гасцёўня”, які ў лютым 2016 года прыняў ўдзел у перадачы “Смачна есці”, дзе удзельнікі клуба прадэманстравалі працэс прыгатавання традыцыйных для Заборшчыны страў “Пераклад” і “Вожыкі”. Дзякуючы ўласнай фермерскай гаспадарцы, да стала заўсёды падаюцца дранікі з экалагічна чыстых прадуктаў. Барыс Мікалаевіч Васюнькін 1964 г.н., які прыехаў на Расоншчыну з Расіі 5 год таму, жыве ў в.Забор’е Расонскага раёна, працуе у філіяле № 4 “Заборскі сельскі Дом культуры”. Вельмі любіць гатаваць. Самае любімая яго страва – “расійскія какоркі” (так у Расіі называюцца звычайныя дранікі). Традыцыі прыгатавання “расійскіх какорак” Б.М.Васюнькін перадае ўдзельнікам клуба “Заборская гасцёўня”. У вёсцы Матырына Ушацкага раёна існуе народны фальклорны калектыў ”Матырынская спадчына“, які акрамя адраджэння старадаўніх абрадаў займаецца захаваннем і папулярызацыяй традыцыйных абрадавых страў свайго рэгіёна. Народны клуб нацыянальнай кухні ”Прысмакі” таксама папулярызуе традыцыйныя стравы Ушацкага раёна, сярод якіх некалькі відаў прыгатавання традыцыйных драных бліноў і аладкаў. Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў на Віцебшчыне заснаваны на даўнейшых тэхналогіях, якія перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне і захоўваюцца стараннямі як носьбітаў традыцыі, так і намаганнямі работнікаў сферы культуры. Для супольнасці веданне сваёй нацыянальнай культуры з’яўляецца кансалідуючым фактарам. Гэта спрыяе ўмацаванню сямейных сувязяў, выхаванню ў маладога пакалення паважлівых адносін да продкаў, іх традыцый, садзейнічае фарміраванню любові да малой радзімы. Дадзены элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці і таму мае ўжыткова-ўтылітарную функцыю, што спрыяе ўмацаванню ў свядомасці дзяцей і моладзі большай павагі да чалавека працы і яе вынікаў. “Брэндзіраванне” такога папулярнага элемента традыцыйнай ежы як дранікі з улікам спецыфікі і каларыту Паазер’я і Падняпроўя паспрыяе далейшаму развіццю прывабнага турызму і ўстойліваму развіццю рэгіёна. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Браслаўскага раёна”; навукова-даследчая ўстанова культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” дзяржаўная ўстанова культуры “Верхнядзвінскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; дзяржаўная ўстанова культуры “Віцебскі раённы Цэнтр культуры і творчасці”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна” дзяржаўная установа культуры “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна” дзяржаўная ўстанова культуры “Лепельскі раённы Дом культуры” дзяржаўная ўстанова культуры “Лёзненская цэнтралізаваная клубная сістэма” дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна” дзяржаўная ўстанова культуры “Полацкі раённы Цэнтр культуры” дзяржаўная установа культуры “Расонскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўная установа культуры “Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўная установа культуры “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўная установа культуры “Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры” дзяржаўная установа культуры “Шумілінскі раённы Дом рамёстваў” Паходжанне элемента: Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласці” адлюстроўвае багатую, яскравую, самабытную народную спадчыну, звязаную з асаблівасцямі харчавання. Дранікі як традыцыйная ежа беларусаў раней з’яўлялася толькі святочнай стравай, таму што для прыгатавання патрабавалася вялікая колькасць свінога тлушчу альбо алею (расліннага масла), які раней быў у дэфіцыце. З нешматлікіх гістарычных звестак вядома, што першапачаткова дранікі лічыліся стравай яўрэйскай кухні, дзе было прынята агародніну церці на тарку. Першыя ўспаміны Яна Шыдлера, польскага кухара, аб драніках адносяцца да 1830 года, якія сцвярджаюць, што з’явіліся яны пад уплывам нямецкай кухні (kartoffelpuffer). Папулярныя еўрапейскія стравы – бульбяныя аладкі і бліны – можна сустрэць паўсюдна – ад Лацінскай Амерыкі да Паўночнай Еўропы. Кожныя з іх маюць свой смак і адметнасці ў рэцэптуры і прыгатаванні. У Еўропу бульбу завезлі з Амерыкі. Мяркуюць, што да нашых продкаў яна трапіла гадоў 300 таму назад з Галандыі. Не адразу прыжылася, затое цяпер яе лічаць другім хлебам. Бульба ўваходзіць у многія стравы нацыянальнай беларускай кухні. Падлічана, што сярэднестатыстычны беларус з'ядае каля паўкілаграма бульбы штодня. Сярод бульбяных рэцэптаў: дранікі, запяканкі, бабка, смажаная і тушаная бульба і інш. Невыпадкова беларусаў жартаўліва празвалі “бульбашамі”. Вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі” пісаў: “Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць – ад гэтай, печанай, і да “клёцак з душамі”, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі, і запечанай у гарачай печы…” Сёння дранікі як паўсядзённая страва стала гастранамічным брэндам Беларусі, дзякуючы разнастайнай рэцэптуры і кулінарнаму ўменню мясцовых гаспадынь. Таму на Віцебшчыне пасля “Клёцак з “душамі” самымі знакамітымі стравамі лічацца дранікі і бульбяныя аладкі, якія шырока практыкуюцца ў гарадскім і вясковым натуральным асяроддзі амаль штодня. Традыцыйныя рэцэпты прыйшлі да сучасных гаспадынь з сям’і, ад іх бабуль і матуль. Як разважае носьбіт традыцыі Балтруковіч Вяслава Пятроўна, 1952 г.н., з аг.Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна, “менавіта такія даступныя рэцэпты дранікаў з’явіліся як сімвал дбайных адносін да прадуктаў харчавання людзей, пражыўшых большую частку свайго жыцця ў цяжкіх умовах сусветных войн і пасляваеннага часу аднаўлення гаспадаркі. Самай даступнай ежай для шматдзетнай сям’і ў той час, калі яе бабуля Карніцкая Марыя Янаўна (1891-1958 гг.) з х.Янкоўшчына Браслаўскага раёна дапамагала гадаваць дачцэ Лаўнік Вандзе Баніфыцеўне (1922 – 1999 гг.) з в.Цілеўцы 5-х дзяцей свайго мужа ад першага шлюбу і 3-х сваіх дзяцей пасля яго раптоўнай смерці, была бульба. Таму стравы з бульбы занялі трывалае месца ў меню сям’і і застаюцца любімымі па сённяшні дзень”. Традыцыйня рэцэпты прыгатавання перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Як кажуць носьбіты традыцыі з Пастаўскага раёна Ядзевіч Алена Нікадзімаўна, 1928 г.н., Мелянцей Ангеліна Дзяменцьеўна, 1947 г.н., Пачкоўская Баляслава Іванаўна, 1949 г.н., Грэсько Тэрэса Браніславаўна, 1943 г.н. і Сімірыкова Апалінарыя Трафімаўна, 1946 г.н., асноўным ў рэцэпце прыгатавання традыцыйных дранікаў з’яўляецца даступны склад. Непаўторны смак дадаюць розныя варыянты прыгатавання з разнастайным начыннем. Са слоў носьбітаў Полацкага раёна (Вальмус Станіславы Сцяпанаўны, 1927-2019 гг., в.Блізніца, нарадзілася ў в.Роўнае поле Ушацкага раёна; Мажэйка Ядзвігі Сігізмундаўны 1905-1990 гг., в.Блізніца, нарадзілася ў в.Красная горка, Ушацкага раёна Віцебскай вобл.; Маісеенка Марыі Філіпаўны 1931 г.н., в.Мураўшчына, нарадзілася ў в.Сілігоры Полацкага раёна; Чобат Вольгі Станіславаўна 1970 г.н., в. Блізніца, нарадзілася ў в. Краснае мястэчка Ушацкага раёна) дзяронікі ніколі не пякліся на Каляды, Вялікдзень, Купалле і Дзяды, па-першае, за тое што самі дзяронікі не лічыліся святочнай стравай і за гэта на святочныя дні заўсёды пякліся мучныя бліны з той жа мачанкай, верашчакай, ці яешняй са смажанымі шкваркамі. Па-другое, драннё нельга прыгатаваць зарання, бо яно чарнела, а на само свята – драць, рэзаць, зашываць, пілаваць, ці якую яшчэ работу рабіць было забаронена, асабліва для тых, хто трымаў жывёліну. З гэтай нагоды людзі казалі: ”… калі будзеш на свята драць бліны, то жывёла (карова, каза, ці авечка) не будзе пакрывацца і будзе ўвесь год ялаўкай”. Цікава і тое, што на такія святы як Юр’я, Яблычны Спас, Багач наадварот пяклі дзяроныя бліны з яблыкамі, ці дзяроныя бліны ”мешанку“, якія ў нашай мясцовасці называлі ”сарока“. Гатаваліся так: у драннё дабаўлялі кавалачкамі парэзанае мяса ці сала, жарылі як простыя бліны. Былі дзяронікі і начыненыя, завуцца на Полаччыне “дзяронікі з мясам”, “калдуны”, “піражкі драныя”, ці “дубовікі”. Апошнія выпякаліся на дубовых лістах і начыняліся мясам, салам, грыбамі, каноплямі. Ужываліся ў страву такія бліны са смятанай, малаком, сарапеней ці са смажанымі ў печы ў чыгунку брусніцамі. Рэцэпт дзяронікаў з яблыкамі на Яблычны Спас: на вялікую патэльню накладалася драннё, як аладкі, і на кожную аладку па 2-3 кавалачкі яблыка, зверху пасыпалася сахарам. Выпякалі ў печы, падавалі з малаком. Калі гаспадыня ленавалася, або некалі было выпякаць аладкамі, тады гаспадыня выкладвала драннё на вялікую патэльню бліном, наверх накладала яблыкі і пасыпала сахарам. Такім чынам атрымліваўся драны пірог з яблыкамі. А на свята Багач, гаспадыня якая хацела пахваліцца добрай бульбай, абавязкова рабіла яшчэ і крухмал, а з драння, каб не прападала, тыя ж самыя дзяронікі (простыя, ці з начыннем). Асабліва ў гэты час дзяронікі распаўсюджанна было начыняць грыбамі, за тое што мяса ці сала было ўжо мала пад канец года, яго замянялі такім чынам грыбамі, або каноплямі (запісана ад Чобат Вольгі Станіславаўны, аг.Блізніца, Полацкі раён). Са слоў Суднік Л.С., жыхаркі Докшыцкага раёна: “Колькі сябе памятаю, заўжды з бульбы рабілі драчы, дранку, кішку. Бо бедна жылі, а бульбы садзілі многа. Так і прасцей было, і наогул, смачна”. На Расоншчыне самымі знакамітымі стравамі лічацца дранікі і бульбяныя аладкі, а таксама камы, якія шырока практыкуюцца ў гарадскім і вясковым натуральным асяроддзі амаль штодня. Традыцыйныя рэцэпты прыйшлі да сучасных гаспадынь з сям’і, ад іх бабуль і матуль. Як сцвярджае адна са старэйшых носьбітаў традыцыі Вараб’ёва Лілія Ягораўна 1934 г.н., з аг.Сакалішча Расонскага раёна: “… памятаю, што ў гады вайны маці гатавала для нас, дзяцей, бульбу, гэта была асноўная ежа, бо быў голад і многія спасаліся толькі бульбай, зрэдку маці гатавала дранікі і гэтыя дні былі для нас, дзяцей, сапраўдным святам”. Стан бытавання: Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Віцебская вобласць - унікальны аграрны рэгіён, які з года ў год збірае высокія ўраджаі сельскагаспадарчай прадукцыі. Немалаважна і тое, што ў в.Тулава Віцебскага раёна знаходзіцца Рэспубліканкае ўнітарнае прадпрыемства “Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, адной са спецыялізацый якога з’яўляецца вывядзенне новых гатункаў бульбы, якія актыўна культывіруюцца ў мясцовых сельгаспрадпрыемствах. Усё гэта спрыяе дастатковай колькасці разнастайнай, якаснай сыравіны – бульбы, якую вырошчваюць як сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, так фермерскія і прыватныя гаспадаркі, асобныя гаспадары. Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Віцебскай вобласці багатыя і разнастайныя. Дранікі гатуюць як самастойную страву, падаюць з маслам альбо смятанай. Часам дранікі маюць мясную і тварожную начынку і ўжываюцца са сметанковым маслам, смятанай, кефірам. Бульбяныя бліны служаць дапаўненнем да іншых страў: яечні, маканкі (зажаркі – шкваркі з цыбуляй і смятанай, смажаныя на жыру) і інш. Аднак нягледзячы на значныя змены ў гастранамічных прыхільнасцях сучаснага спажыўца, традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў застаюцца нязменнымі. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў. Паўночна-заходні дыялект беларускай мовы; змешанае маўленне беларускай, рускай, польскай і латгальскай моў. Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Бульба, цыбуля, алей, свіное сала і мяса, яйкі, соль, мука, тарка, патэльня, пліта і інш. Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Як сцвярджаюць старэйшыя носьбіты традыцый прыгатавання дранікаў, раней гэта была святочная страва, таму што для прыгатавання патрабавалася вялікая колькасць свінога тлушчу альбо алею (расліннага масла), які раней быў у дэфіцыце. Сёння гэта паўсядзённая страва, якую ўмее гатаваць кожная дбайная гаспадыня. Акрамя таго, на Віцебшчыне з дзёртай бульбы гатуюць клёцкі, бабку, бульбяную кішку, зразы і іншыя стравы. Падаюць да стала дранікі як самастойную страву, так і ў комплексе з іншымі стравамі – мачанкай, яешняй, падсоленай смятанай з тварагом, шкваркамі з цыбуляй, грыбамі, смятанай, кефірам, малаком. Для смаку могуць дадаваць кроп, зялёную цыбулю, льняное семя, чорны перац, часнок. Ужываюць дранікі і іншыя стравы з бульбы абавязкова гарачымі. Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: У сям’і, ад пакалення да пакалення, на рэгіянальных фестывалях і святах традыцыйнай культуры і мясцовай кухні, а таксама праз выданні і сродкі масавай інфармацыі. Так, спецыялістамі дзяржаўнай установы “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” сабраны багаты фота-відэаматэрыял, падрыхтаваны выданні старадаўніх рэцэптаў страў, у тым ліку дранікаў: “Хто з печкай сябруе, той смачныя стравы гатуе”, “Прыдзвінскія прысмакі”. Усе зацікаўленыя могуць атрымаць новую інфармацыю пра народныя традыцыі свайго краю на сайтах устаноў культуры Віцебскай вобласці і ў сацыяльных сетках. Спецыялістамі дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Браслаўскага раёна” сабраны багаты фота-відэаматэрыял, падрыхтавана выданне старадаўніх рэцэптаў страў, у тым ліку дранікаў: “Кулінарная спадчына Браслаўшчыны” (2019 г.). На базе сельскіх клубных устаноў Лепельскага раёна праводзяцца ўрокі традыцыйнай кухні для маладых сем’яў. Актыўны ўдзел у папулярызацыі гэтай і іншых традыйных страў Лепельшчыны прымае Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры, якая праводзіць урокі для дзяцей. Настаўнікамі на гэтых уроках выступаюць носьбіты фальклору і народных традыцый, якія дзеляцца рэцэптамі прыгатавання дранікаў і іншых традыцыйных страў. Дзеці і падлеткі праводзяць і даследніцкую дзейнасць, з вялікай цікавасцю вывучаюць традыцыйную народную кухню, запісваюць рэцэпты ад носьбітаў Лепельскага раёна. Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай праводзяцца фотавыставы, прысвечаныя традыцыйным стравам, такія як: выстава рэцэптаў прыгатавання дранікаў ”Дранікі ўчора, сёння, заўтра і заўжды“. Выпускаюцца буклеты, брашуры і іншая рэкламная прадукцыя. Сецыялістамі дзяржаўнай установы культуры “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна” сабраны фота і відэаматэрыялы, якія зафіксавалі носьбітаў традыцыйнай стравы і працэс прыгатавання. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” у межах рэалізацыі сумеснага беларуска-польскага праекта “Смакі Беларусі” дэманстравалі майстар-клас па прыгатаванню “дранікаў з мачанкай” для жыхароў польскага памежжа. У межах правядзення “Свята Густу” ў Латвіі (Латгальскі рэгіён) дэманстравалі працэс прыгатавання дранікаў на калодзе. Спецыялістамі дзяржаўнай установы культуры “Расонскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” аформлена папка “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, дзе разам з іншымі матэрыяламі, сабраны старадаўнія і сучасныя рэцэпты дранікаў: “дзеруны па-сакалішчанскі”, “вожыкі”, “шлеп на шлеп” і інш. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Значнай пагрозы не існуе, паколькі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны шырока практыкуецца ў гарадскім і вясковым натуральным асяроддзі штодзённа. Ёсць пэўныя складанасці: на культурна-масавых мерапрыемствах, дзе дэманструецца працэс прыгатавання мясцовых страў і арганізавана іх дэгустацыя, не ў поўнай меры можна забяспечыць санітарна-эпідэміялагічныя нормы харчавання. Патрабуецца тактоўнае пераасэнсаванне залішняй камерцыялізацыі і своечасовае патэнтаванне ўнікальных мясцовых кулінарных традыцый, у тым ліку прагатаванне дранікаў і бульбяных бліноў. Ключавыя словыдранікі, бульбяныя бліны Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА |

