Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору Лепельскага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23АК000153
Дата ўключэння: 20/08/2019
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 11.08.2021 № 04-01-02/5. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.08.2019 № 54.
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210928

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору Лепельскага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Адзіялы накладаныя”, “накладанкі”, “выкладанкі”, “аднабаковы перабор”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Майстры Лепельскага Цэнтра рамёстваў і іх вучні, а таксама ткачыхі, якія жывуць ў г.Лепель і вёсках Лепельскага раёна – Ізабеліна, Стаі, Вялікія Пышнагоры, Малыя Пышнагоры, Поплаўкі, Дзяньгубы, Залессе, Юркоўшчына, Ворань Стайскага с\с, Камень Каменьскага с\с, Домжарыцы Домжарыцкага с\с.

Арэал распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Посцілка – узорыстатканы выраб дэкаратыўнага, утылітарнага, а ў мінулым і абрадавага прызначэння. Посцілкай засцілалі ложак, ёю накрываліся, вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты. Выраб посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору вядомы з кан. 19 ст., уяўляе сабой ткацтва палатна чорнага колеру, тканага палатняным перапляценнем (“у проста”), з накладаннем нітак для ўзору. Вызначаліся разнастайнасцю арнаментальных кампазіцый, каларытам.
Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору было распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але толькі ў Лепельскім раёне носьбіты змаглі перадаць свае веды майстрам Цэнтра рамёстваў, якія захоўваюць адметную традыцыю ткацтва. “Адзіялы накладаныя” – менавіта пад такой назвай посцілкі, выкананыя ў тэхніцы аднабаковага перабору,  вядомы ў Лепельскім раёне. Выкарыстоўваюцца два варыянты такога перабору: “выкладаныя”, або “выкладанкі”, і “накладаныя”.
“Выкладанкам” уласцівы кампазіцыі з ярка выражанай сярэдзінай, бардзюрным абрамленнем і вузкімі шлячкамі з двух або чатырох бакоў. Нягледзячы на чорны фон, мастацка-дэкаратыўнае вырашэнне такіх твораў складае ўражанне лёгкасці і ажурнасці. Прастата кампазіцый, дзіцячая непасрэднасць у выбары арнаментальных матываў і іх стылізацыі, контурны абрыс буйных геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў, мазаічная гульня з рознакаляровымі элементамі дэкору, свабоднае, але ўраўнаважанае каларыстычнае вырашэнне з’яўляюцца яркімі адметнасцямі выкладаных дываноў Лепельшчыны. У такіх творах арнаментальныя матывы не паўтараюцца рапортна, а могуць мяняцца і свабодна кампанавацца майстрыхамі ў працэсе вырабу.
У адрозненне ад “выкладанага”, пры “накладаным” пераборы майстрыхі не імкнуцца строга паўтарыць каляровае вырашэнне аднолькавых матываў. Наадварот, рознакаляровыя ніткі закладваюцца досыць хаатычна, што парушае манатоннасць рапортнай кампазіцыі, надае ёй жывую дынамічнасць. У адрозненне ад “выкладанак”,  пры вырабе “накладанак”  арнаментальныя матывы паўтараюцца рапортна.
Майстрыхі Лепельшчыны для такога перабору робяць спецыяльную запраўку ў чатыры ніты, каб страчавыя ніткі можна было падымаць панажамі (для слупкоў запраўляюцца ніткі асновы ў няцотныя ніты (1,3), а страчавыя ніткі ў цотныя (2,4), але страчавыя ніткі могуць  набірацца і на дошчачку). Адпаведна колькасці слупкоў, размежаваных страчавымі ніткамі, размяркоўваюць і выкладаюць элементы дэкору. Узорны ўток пракідваецца не праз усю шырыню тканіны, а толькі па асобных участках ніткамі рознага колеру. Колькасць узорных нітак, якія пракідваюцца ва ўток, павінна ўтварыць клетку. З клетак і ствараецца ўзор, які падбіраецца вольна. Для замацавання ўзорнага ўтку служаць страчавыя ніткі асновы, якія адначасова ўтвараюць фонавае палатно. Пры разваротах са сподняга боку ўзорныя ніткі ўтвараюць пяцелькі.
Самабытнасць ткацтва становіцца неад’емнай часткай сусветнай культуры. Глыбокая прыхільнасць народа звычаям і традыцыям сваіх продкаў вызначыла адну з найбольш яркіх адметных рыс сучаснай беларускай культуры – захаванасць яе каранёвага пласта і актуальнасць у наш час. Лепельскія ўзорныя посцілкі – гэта  тая адметнасць, якая можа быць візітоўкай рэгіёна, брэндам. Сатканае на кроснах “накладанае адзіяла” можа дастойна ўпрыгожыць самы вытанчаны інтэр’ер, мець ужытак у побыце. А сам працэс вырабу – прывабным для турыстаў.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Ткацтва

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Посцілкі ў тэхніцы аднабаковага перабору, вядомыя на тэрыторыі Лепельскага раёна пад рэгіянальнай назвай “адзіялы накладаныя”. Са слоў Тухта Галіны Рыгораўны (1933-2017 г.н.) жыхаркі в.Стаі, такую назву яны атрымалі за прастату выканання і прыгажосць колера, іх часцей выкарыстоўвалі дзеля таго, каб зрабіць прыгажэйшым хатні інтэр’ер. Шэраг геаметрычных узораў і арнаментаў дазваляў ткачыхі перанесці сваё жыццё на палатно. Вельмі часта жанчына, часам малаграматная, праз ткацтва расказвала пра свой лёс. Калі яна садзілася ткаць, то як мастак ці пісьменнік выбірала тэму твора, прадумвала кампазіцыю, вызначала галоўныя і дадатковыя вобразы. У кожнай вёсцы былі свае славутыя майстрыхі, якія ткалі адметныя ўзоры, а аднавяскоўцы паўтаралі іх затым. Са слоў Фокінай Галіны Савельеўны 1929 г.н.: “… пайшлі да Каці ў суседнюю вёску, разгледзілі ўзор, прыйшлі дадому і таксама такую з Волькай саткалі”. “Адзіялы накладаныя” сёння з’яўляюцца той разынкай, якая прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей Лепельскага раёна. Ручное ткацтва (як саматканыя рэчы, так і сам працэс) заўсёды прываблівала турыстаў. Калі ж тканыя вырабы будуць адпавядаць старадаўнім традыцыям рэгіёна, то яны будуць не толькі лепшымі, але і найпрыгажэйшымі рэчамі дэкаратыўна-мастацкага і ўтылітарнага прызначэння, якія ўвойдуць у побыт людзей. Гатовыя вырабы не пакідаюць нікога абыякавымі, заўсёды ўзнікае пытанне: “Як гэта робіцца?” Актуальным на сённяшні дзень з’яўляецца і правядзенне майстар-класаў, як адкрытых (падчас кірмашоў, фестываляў народнай творчасці розных узроўняў), так і закрытых, для больш вузкіх колаў: школьнікаў, груп турыстаў, асобных наведвальнікаў Лепельскага Цэнтра рамёстваў. Увагу людзей прыцягвае хараство ўзорных посцілак, прымяненне іх у сучасным альбо стылізаваным інтэр’еры. А працэс вырабу – нібы чароўнае пераўтварэнне капы нітак у кветкі, зорачкі, якія так і рассыпаюцца пад умелай рукой майстрыхі, прымушаючы людзей захапляцца майстэрствам, працавітасцю, розумам продкаў і больш паважна адносіцца да рэчаў, якія зроблены ўручную. Прымяненне посцілак магчыма падчас паказу розных абрадаў, напрыклад, “Жаніцьба Цярэшкі”, які ўжо з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь, альбо для вырабу сувеніраў да святаў. Таксама пры Лепельскім Цэнтры рамёстваў працуюць гурткі ткацтва на кроснах, дзе дзеці навучаюцца ткацтву пачынаючы з 10-гадовага ўзросту. Гэта з’яўляецца неад’емнай часткай знаёмства моладзі з багатай спадчынай ручнога ткацтва беларусаў і павінна спрыяць развіццю нацыянальнай самасвядомасці, пачуццю гонару за сваю Бацькаўшчыну і яе таленавіты народ, імкненню зберагчы скарбы беларускага народнага мастацтва як яркую старонку нацыянальнай культуры. Практычнае авалоданне некаторымі традыцыйнымі прыёмамі мастацкага ткацтва стане падмуркам, асновай для абуджэння творчых здольнасцей падлеткаў, развіцця іх фантазіі і мастацкага густу. Магчыма, для некаторых вучняў ткацтва стане сапраўдным захапленнем на ўсё жыццё і дапаможа зрабіць прафесійны выбар, звязаны з вытворчасцю прамысловага або мастацкага тэкстылю.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Перыяд нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі працягваецца. На сённяшні дзень актуальным з’яўляецца пытанне аб вяртанні ў грамадскую свядомасць і ўжытак лепшых традыцый народнага мастацтва і рамяства. Страціўшы свае ўтылітарныя функцыі, посцілкі сёння ўсе больш прыцягваюць да сябе ўвагу як твор мастацтва. Тэхналогія ткацтва “адзіяла накладанага” ў тэхніцы “аднабаковы перабор” карыстаецца вялікай цікавасцю сярод насельніцтва. У выставачнай зале Лепельскага Цэнтра рамёстваў можна пабачыць посцілкі, выкананыя ў гэтай тэхніцы, якія сабраны ў жыхароў падчас экспедыцый па Лепельскім раёне, а таксама посцілкі, якія адноўлены па тых рэштках, якія былі знойдзены. Трэба адзначыць, што ў калекцыі маецца посцілка вытканая на Брэшчыне, гэта з’яўляецца падцверджаннем таго, што даны від ткацтва існаваў у розных кутках Беларусі, але ўбачыць, тую тэхналогію ткацтва, якой валодалі нашы продкі можна менавіта ў “Лепельскім Цэнтры раместваў”. Цэнтр рамёстваў выконвае захавальную, дэманстратыўную і адукацыйную функцыі. Кожны наведвальнік можа не толькі даведацца пра асаблівасці ткацтва на Лепельшчыне, але і сам паспрабаваць сябе ў ролі ткача. Вельмі істотная функцыя культурнай памяці – гонар майстроў тым, што яны ўмеюць так ткаць, як і іх бабулі і прабабулі некалькі стагоддзяў назад; што ўдзельнічаюць у трансляцыі ведаў наступнаму пакаленню. У хуткім часе для ўсіх жадаючых дзверы адчыніць ткацкая майстэрня, дзе майстры па ткацтву будуць навучаць усіх жадаючых. Ні адно мерапрыемства горада і раёна не абыходзіцца без прадстаўлення скарбаў, назапашаных Цэнтрам рамёстваў за плённыя гады працы. Дзеля таго, каб захаваць свае вытокі, супрацоўнікі Лепельскага Цэнтра рамёстваў вывучаюць і занатоўваюць шматвекавы шлях культурнага жыцця Лепельшчыны, каб падтрымаць павагу да таленту сваіх землякоў, гонар за хараство справы сялянскіх рук. Толькі з крыніцы адвечнай сувязі нашых сучаснікаў са сваімі продкамі і магчыма атрымаць жыватворную вільгаць мастацкага таленту і невычэрпную сілу ўнікальнага духоўнага вопыту народа.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ДУК “Лепельскі Цэнтр рамёстваў” Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лепельскага райвыканкама ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”

Паходжанне элемента:

Аднабаковае пераборнае ткацтва вядома з канца ХІХ ст. Ажыўленне ткацкага рамяства прыпадае на 20-30-я гг. ХХ ст., калі разбураная ў гады Першай Сусветнай і грамадзянскай вайны гаспадарка не магла забяспечыць насельніцтва неабходнымі таварамі. Посцілкі, зробленыя ў тэхніцы аднабаковага перабору, у 20-30 гг. ХХ ст. адрозніваюцца прастатой арнаментальных матываў, стрыманасцю каляровых і кампазіцыйных вырашэнняў. Пазней дэкор іх ускладняецца, насычаецца колерам. З’яўляюцца сеткавыя і дывановыя кампазіцыі, якія, дзякуючы светлай контурнай абрысоўцы матываў, набываюць мажорны святочны характар. Такія посцілкі часта выкарыстоўвалі ў вясельным абрадзе, імі засцілалі вясельны вазок, вешалі на сцены. У другой палове ХХ ст. характар пераборных посцілак мяняецца, паступова знікае непасрэднасць аўтарскіх арнаментальных распрацовак, адчуваецца моцны ўплыў прамысловых тэкстыльных вырабаў, запазычанасць узороў. Уводзяцца даволі натуральныя, мала стылізаваныя кветкава-распісныя матывы, якія складаюць пышныя дывановыя кампазіцыі. Іншы раз яны спалучаюцца з матывамі жывёл і птушак. Поле посцілак і дываноў больш шчыльна запаўняецца арнаментам, узрастае каляровая насычанасць вырабаў. А ў канцы 50-х гг. мінулага стагоддзя практычна перасталі ткаць палатно для адзення, на першае месца выйшлі дэкаратыўныя вырабы: посцілкі, абрусы. [1;6;7] На Лепельшчыне посцілкі, выкананыя ў тэхніцы аднабаковага перабору, з’явіліся пазней. Са слоў Галіны Савельеўны Фокінай, 1929 г.н., з в.Стаі Лепельскага раёна: “Адзіялы накладаныя” з’явіліся пасля вайны, дзеля таго, каб зрабіць такое “адзіяла”, яна, разам са сваёй сяброўкай, хадзіла ў суседнюю вёску, дзе былі на той час ужо гатовыя ўзоры. Галоўнае было заправіць кросны, а ткаць, як кажа майстар было “нясложна”. Калі гаварыць пра тое, як падбіралася кампазіцыя, то адказ у майстрых просты: “убачылі, спадабалася, зрабілі”. На колькі трэба мець вялікае жаданне, каб, прыйшоўшы з працы і ўправіўшыся дома па гаспадарцы, садзіцца вечарам за кросны, і зрабіць тое, што спадабалася, тое, што займае думкі! Калі звярнуцца да экспедыцыйных матэрыялаў 1998-2008 гг., то тканыя вырабы Лепельшчыны можна падзяліць на дзве асноўныя групы па часе вырабу: тканіны даваенныя (1-пал. ХХ ст.) і пасляваенныя (2-пал. ХХ ст.). Кожная група адрозніваецца адна ад другой. Даваенныя, больш старыя тканіны, сціплыя ў каляровым вырашэнні, аднак валодаюць большай разнастайнасцю рэгіянальных і лакальных рысаў, вылучаюцца багаццем асартыменту і тэхнік выканання. На тэрыторыі Лепельскага раёна ў ХІХ-ХХ ст. дзейнічалі ткацкія школы-майстэрні, у такіх майстэрнях навучалі ткачых (5,6,8,16- нітоваму ткацтву). Вядомы складаныя вырабы пачатку ХХ ст., якія выкананы вясковымі ткачыхамі, што прайшлі навучанне на курсах ў майстэрнях. У пасляваенных тканінах, наадварот, сціпласць змяняецца шырокай паліхромнасцю, аднак асартымент звужаецца, у асноўным, да посцілак і ручнікоў. У 50-я г.ХХ ст. папулярнай тэхнікай амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і на Віцебшчыне, становіцца пераборнае ткацтва. Шматколерным “выкладаннем” дэкаруюцца посцілкі, ручнікі, абрусы. Даступнымі становяцца фабрычныя фарбавальнікі, якія ствараюць новы вобраз традыцыйнага народнага стылю. [3] Лепельская экспедыцыя 1998 года прынесла невялікую колькасць знаходак традыцыйных тканін. Па-першае, на той момант асноўную зацікаўленасць сяброў таварыства выклікаў песенны фальклор, абрады. Тэкстыльныя вырабы фіксаваліся паралельна, ім не надавалася належнай увагі. Па-другое, не была распрацавана метадалагічная база па даследванні народнага тэкстылю. Крыху пазней склаліся творчыя кантакты з вядучымі навукоўцамі ў гэтай галіне, студэнты сталі карыстацца апытальнікамі, распрацаванымі лабараторыяй традыцыйнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Асноўную частку зафіксаваных тэкстыльных вырабаў Лепельскага раёна складаюць посцілкі 50-х гадоў і пазнейшага перыяду вырабу. Сярод тэхнік ткацтва распаўсюджаны аднабаковы і двухбаковы перабор. Двухбаковыя пераборныя посцілкі выкананы з двух тыпаў пражы кантрасных колераў: чорнага (фарбаваны лён, фабрычная бавоўна) і каляровага (жоўтая, ружовая ці чорная воўна, сінтэтычныя ніткі). Уздоўж доўгіх бакоў перыметру ідзе палоска арнаментальнай каймы (напрыклад, “дубкі”), сярэдзіна запоўнена сеткавым арнаментам з ромбаў, зорак, кветак. Абодва тыпы посцілак сшыты з дзвюх полак. Посцілкі з аднабаковым пераборам уяўляюць сабой вырабы дывановага тыпу, дзе малюнкі выкладаюцца на цёмным (чорным) фоне рознакаляровай пражай. Арнаментацыя часцей носіць раслінны (кветкавы) характар. [3] Са слоў носьбіта, Тухта Галіны Рыгораўны (1933-2017), в.Стаі: “Каб здзелаць такое “адзіяла”, цвятныя ніткі падторківалі пад строчачкі. Палатно ткалася “ў проста”, а ўзор накладаўся. А дзелалі іх патаму, што прасцей і красівей, чым сплашным ткаць. Запраўлялі кросны ў ніты 1,3 – палатно, 2,4 прыціскныя ніткі (страчавыя). А калі на дошчачку, то ніты 1,3,2,4. У клетачцы нітка кідаецца 4 разы – во тады палучыцца клетка. А ўжо ўзор – які табе нада. Глядзіш на адзіяла, якое панаравілася і робіш. А калі сваё хочыш – дзелай як табе нада. Во як сатчэм – паложым на краваць ці на сцяну – во і красіва”. Пра тое, як фарбавалі і рыхтавалі пражу даўней, падчас экспедыцыі расказала Міхно Ульяна Ісакаўна (1919-памерла) жыхарка в. Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна: “У маладосці? ..Тады ж купленага мала было, усё свойскае было. Палатно адбельвалі залой, а потым яго расцілаеш, каб і на сонцы адбельвалася. Ніткі красілі альхой, кару на бярёзе сдзірешь, закіпяціш, тады яны карычневыя такія, з рабіны – рабінавы цвет, мучанік (больш вядомы сучасніку як талакнянка) збіралі ў лясу, каб пакрасіць у розавы, буракі церлі красные, тожа красілі. Шэрсць ад авечак белых красілі ўжо краскай: і галубая была, і зялёная, і сіняя. Ткала сама і ўзорамі і кветкамі. Красіва так выходзіла. Усё ж раньше было саматканае, усё… І вот лён, яго ж ужо траплом выб’еш, на кужаль, прама ён блісціць, як шолк. Делалі і сукно сваё”. З цягам часу ручное ткацтва стала саступаць месца прамысловым вырабам. У 60 гг. ХХ ст., калі на паліцах крам з’явіліся рэчы прамысловай вытворчасці, усё больш жыхароў стала прывабліваць пакупная прадукцыя. Старыя саматканыя рэчы, у лепшым выпадку, траплялі ў скрыню. Былі і такія выпадкі, калі іх проста выкарыстоўвалі ў быту да поўнага зношвання, а кросны за непатрэбнасцю палілі (“Пасеклі і спалілі (кросны), нашто яны? У магазіне ўсяго поўна” – са слоў Тухты Галіны Рыгораўны (1933-2017), в. Стаі). На працягу многіх стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі ткацтва з’яўлялася хатнім заняткам, набываючы значнасць народнага мастацтва. “Лепельскі Цэнтр рамёстваў” на працягу вось ужо амаль 30 год збірае, зберагае і перадае назапашаныя веды падрастаючаму пакаленню, тут можна пазнаёміцца з разнастайнымі тэхнікамі ткацтва, якія бытавалі на тэрыторыі Лепельскага раёна. Калекцыя тканых вырабаў налічвае шмат “адзіял накладаных”, посцілак, выкананых у розных тэхніках, ручнікоў, абрусаў і шмат чаго іншага. Майстры Цэнтра працуюць над калекцыяй ручнікоў “Беларускі ручнік”, калекцыяй нацыянальных касцюмаў “Белая Русь”. Скарбы, назапашаныя майстрамі, з’яўляюцца прывабнымі для жыхароў горада і турыстаў.

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Лепель – горад, адзін з раённых цэнтраў Віцебскай вобласці. Край сівых валуноў і жоўтых гарлачыкаў, край блакітных азёр. Горад з’яўляецца вельмі прывабным для турыстаў. На тэрыторыі раёна працуюць два санаторыі (для дзяцей і дарослых), пансіянат “Ладэ”, Бярэзінскі біясферны запаведнік, шэраг аграсядзіб. Лепельскі раён багаты на майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пры Лепельскім Цэнтры рамёстваў ужо многа год дзейнічае Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны клуб народных майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка”. Пры Цэнтры рамёстваў працуе салон-магазін “Скарбонка”, дзе прадстаўлены шырокі асартымент сувенірнай прадукцыі, выкананай майстрамі горада і раёна, які карыстаецца вялікім попытам сярод жыхароў і гасцей горада. У Лепельскім Цэнтры рамёстваў прыкладаецца шмат намаганняў, каб народны майстар быў захавальнікам самабытнай нацыянальнай культуры. Галоўная мэта – аб’ядноўваць людзей, зацікаўленых прыкладнымі ведамі народнай творчасці, захаванне самабытнай нацыянальнай культуры, стварэнне ўмоў для вывучэння і адраджэння традыцыйнай культуры. Адметны від ткацтва бытаваў і часткова захаваўся ў вёсках Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Ткацтва Лепельшчыны было больш простае па свайму выкананню, па сваёй тэхніцы прыёмаў, чым на іншай тэрыторыі Беларусі (уласцівы больш насычаныя дэкорам паверхні, якія амаль не маюць фону). У выніку спусташэнняў, якія прынесла Лепельскай зямлі апошняя вайна, дзе ішлі найбольш буйнамаштабныя ваенныя дзеянні і меўся моцны партызанскі рух, каштоўны пласт традыцыйнай матэрыяльнай культуры і народнага мастацтва – узоры адзення і традыцыйныя тканіны – месцамі амаль цалкам былі знішчаны. Супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў правялі вялікую экспедыцыйную работу, каб выявіць тыя рэшткі тканых вырабаў таго часу, а затым зрабіць рэканструкцыю знойдзеных скарбаў. Выраб посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору бытаваў у вясковым асяроддзі. У некаторых жыхароў вёсак захаваліся прылады для ткацтва, а таксама веды па наладжванні ткацкага станка, якія яны перадалі майстрам Цэнтра рамёстваў г.Лепель. Дзеля таго, каб зберагчы традыцыі ткацтва, Цэнтр рамёстваў займаецца асветніцка-прапагандысцкай дзейнасцю, адраджае і развівае традыцыйныя рамёствы, робіць рэканструкцыі аўтэнтычных рэчаў, стварае калекцыі сучасных вырабаў на аснове народных традыцый. Для функцыянавання элемента забяспечвае работу ткацкай майстэрні, падтрымлівае майстроў, якія валодаюць тэхнікамі ткацтва.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Кросны, чаўнок, аснова, ніткі (ільняныя, шарсцяныя, паўшарсцяныя, баваўняныя, мулінэ)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Ткацтва ручнікоў, посцілак у тэхніках 2-х (у проста) і 4-х нітовае, падвоенае, перабор, бранае, ажурнае, “у матузы”.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Па-ранейшаму, асноўным спосабам перадачы інфармацыі, навыкаў і ўменняў ад майстра – носьбіта тэхналогіі – да новага пакалення творцаў з’яўляецца вусная форма перадачы. Мастацкая спадчына старэйшых членаў роду альбо сям’і абудзіла цікавасць да ткацтва спадкаемцаў. Напрыклад, Святлана Залатуха вучылася ў сваёй цёткі, а тая – у бабулі. У цяперашні час перадача элемента ідзе праз гурткі пры Цэнтры рамёстваў. Значным фактарам для развіцця ткацтва з’яўляецца ўдзел у выставачнай дзейнасці, дзе майстры знаходзяць паразуменне, назапашваюць інфармацыю, набываюць вопыт параўнання сваіх твораў з іншымі. Дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” на працягу многіх год займаецца вывучэннем традыцыйных рамёстваў, сярод якіх і ткацтва, як вынік – правядзенне абласных святаў, конкурсаў, выстаў, такіх, як абласны агляд-конкурс сярод Дамоў рамёстваў па развіцці традыцыйнага ткацтва (2012-2013 гг.), абласное свята-конкурс майстроў ткацтва “Палатняныя пераплёты” ў рамках Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” (2013 г.), абласная выстава “Народныя тканіны і адзенне Віцебшчыны” (2013 г.), абласная навукова-практычная канферэнцыя “Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны” і абласная выстава “Традыцыі народнага ткацтва Віцебшчыны” (г.Лепель, 2013 г.), абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” (г.Сянно, 2015 г., г.Віцебск, 2016-2018 гг.), выстава-конкурс народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Ад майстра да вучня” (г.Віцебск, 2016 г.), абласная выстава-конкурс рэдкіх і забытых рамёстваў “Традыцыя ў сучаснасці” (г.Віцебск, 2018 г.), этнаграфічная выстава артэфактаў з фондаў Дамоў рамёстваў Віцебскай вобласці “Рэліквія” (г.Віцебск, 2019 г.). Пастаяннымі ўдзельнікамі дадзеных мерапрыемстваў з’яўляюцца майстры па ткацтве з Лепельскага Цэнтра рамёстваў. Майстры па ткацтве Віцебскай вобласці праводзяць майстар-класы для ўсіх жадаючых падчас правядзення розных мерапрыемстваў: кірмаша рамёстваў “Горад майстроў” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ”Вясновы букет“ (г. Мінск), Рэспубліканскага свята Купалля “Александрыя збірае сяброў” (Магілёўская вобласць), абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці “Дажынкі”. Такім чынам, ткацтва на Віцебшчыне мае працяг і развіццё побач з іншымі традыцыйнымі рамёствамі.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

На жаль, у жывым асяроддзі элемент практычна не існуе, ёсць некалькі майстроў, якія валодаюць тэхнікай аднабаковага перабору і маюць дома станкі, але практыкуюць яны мала. Таму можна меркаваць, што, калі не развіваць ткацтва ў Цэнтры рамёстваў, існуе пагроза да яго поўнага знікнення. У апошні час інтарэс на вырабы, выкананыя ў тэхніцы аднабаковага перабора, карыстаюцца попытам сярод турыстаў і мясцовых жыхароў. Асноўны попыт на вырабы складаюць пано, сумкі, элементы дэкору. Прывабліваюць карыстальнікаў і адзіялы накладаныя, але з-за высокай цаны гатовага вырабу і доўгага працэсу выканання, па часе выканання, адзіялы накладаныя папаўняюць толькі фондавыя калекцыі Цэнтра рамёстваў. Мяркуем, што ў бліжэйшы час сітуацыя з развіццём ткацтва на Лепельшчыне зменіцца, бо ў 2021 годзе Цэнтр рамёстваў атрымаў Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на развіцце ткацкай мастэрні па вырабе ўзорыстага ткацтва.

Ключавыя словы

Ткацтва, аднабаковы перабор

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае_заключэнне_І.В.Мазюк_2021.pdf

Экспертнае_заключэнне_І.В.Мазюк_2021.pdf

Фотафіксацыя