Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны
Вобласць:
Раён:
Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага ПадзвінняШыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БК000142
Дата ўключэння: 22/10/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 14.10.2020 № 04-01-02/8. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22.10.2020 № 75
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210927
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск; Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): “Аршанскія цацкі”, “Бешанковіцкая свісцёлка”, “Віцебскія цацкі”, “Марачоўская цацка”; “Бабінавіцкая свістулька”, “Полацкія цацкі”, “Глухараўская свістулька”. Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): У працэсе адраджэння і зберажэння традыцыйных вобразаў і тэхналогіі вырабу керамічных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння прымаюць удзел майстры, якія ўваходзяць у склад народных аматарскіх калектываў: народнае аматарскае аб’яднанне “Натхненне” (ДУК “Аршанскі раённы Дом рамёстваў”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка” (Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Традыцыя” (Віцебскі раённы Цэнтр рамёстваў “Адраджэнне”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў “Дубрава” (Дубровенскі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Крыніцы” (Лёзненскі раённы Дом рамёстваў), народны клуб народных майстроў і мастакоў “Майстар” (ДУК “Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Натхненне” (ДУК “Сенненскі Дом рамёстваў”). Арэал распаўсюджвання:
Кароткае апісанне элемента: Традыцыйная керамічная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, які звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, засяляўшых вярхоўе рэк Днепр і Заходняя Дзвіна. Па тэрыторыі праходзіў гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”. У познія часы праз дадзены рэгіён праходзілі водныя транзітныя шляхі,з сярэдзіны ХІХ – чыгуначныя дарогі, што абумовіла сувязь з гарадамі Расіі і Балтыі, блізасць традыцыйных формаў і вобразаў керамічных цацак, а таксама рапаўсюджванне па-за межамі лакальных цэнтраў. У гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна керамічная цацка адыгравае значную ролю, бо выступае сродкам захавання культурнай памяці, этнакультурнай ідэнтычнасці і сродкам выхавання дзяцей. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя рамёствы » Ганчарства Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Традыцыйныя вобразы глінянай цацкі і тэхналогія яе вырабу з’яўляецца каштоўнасным матэрыялам у рамеснай вытворчасці, спрыяюць адраджэнню і развіццю народнага керамічнага мастацтва, з’яўляюцца сродкам мастацкага і гісторыка-патрыятычнага выхавання дзяцей. Як і раней гліняныя цацкі паспяхова выкарыстоўваюцца ў правядзенні каляндарных абрадаў веснавога – летняга цыклу, а таксама для гульнёвых забаў і развіцця крэатыўных здольнасцей дзяцей. Традыцыйная гліняная цацка сінтызуе ў сабе вобраз края і яго гісторыю, з’яўляецца адметным сувенірам і спрыяе развіццю экскурсійна-турыстычнай справы. Гліняная цацка пры ўвядзенні ў прадметнае-эстэтычнае асяроддзе набывае характар дэкору, робіцца элементам дызайна, сродкам эстэтызацыі побыту. Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Традыцыйная гліняная цацка ў сацыяльна-культурнай прасторы выконвае комплекс універсальных функцый: выхаваўчую, камунікатыўную, пазнавальную, псіхатэрапеўтычную – якія прысутнічаюць ва ўсіх культурных практыках і таксама ўласцівы для яе. Апроч таго гліняная цацка выконвае спецыяльныя функцыі: гульнёвая функцыя звязана з рытуальна-сімвалічнымі і гульнёвымі практыкамі, кумулятыўная – з фальклорна-рамесніцкай і музейна-калекцыйнай, этнадыферэнцыруючая функцыя прысутнічае пры міжэтнічным узаемадзеянні. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Аддзел культуры Аршанскага райвыканкама, Аршанскі Дом рамёстваў, УК “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”, Бешанковіцкі краязнаўчы музей, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры “Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры”; ДУК “Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці”, Віцебскі раённы цэнтр народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”, Віцебскі раённы краязнаўчы музей, УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей” Краязнаўчы музей г. Дуброўна, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна”; ДУК “Лёзненскі ваенна-гістарычны музей”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры “Лёзненскі раённы цэнтр культуры”, Аддзел культуры Полацкага райвыканкама, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Полацкі краязнаўчы музей, Полацкі раённы центр рамёстваў і нацыянальных культур; Сенненскі краязнаўчы музей, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры “Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Паходжанне элемента: Мастацтва керамікі зарадзілася ў неаліце, яе тэхналогіі развіваюцца на працягу ўсёй сусветнай гісторыі. Ганчарнае рамяство і спадарожнае яму мастацтва глінянай цацкі развіваецца на Беларусі з часоў ранняга сярэднявякоўя. У гарадах і мястэчках керамічная вытворчасць дасягнула росквіту ў ХVІ-ХVІІ стст. і паспяхова развівалася да пачатку ХХ ст., на вёсцы ганчарнае рамяство і выраб глінянай цацкі было найбольш распаўсюджана ў другой палове ХІХ – першай палове ХХ ст. У старажытныя часы свісцёлкі і бразготкі мелі рытульнае значэнне: гукам і свістам выклікалі вецер і дождж, адганялі злых духаў. Найбольш сцісла яны былі звязаны з вясновымі святамі, якімі распачыналіся земляробчыя рытуалы і працы. У гарадской культуры гліняная цацка мае характар рамеснага прадукту, дзіцячай забавы, звязана з культурай гарадскіх кірмашоў і народнай смехавай культурай. У ХІХ ст. гарадская і мяшчанская цацка папаўняецца вобразамі-тыпамі гарадскога мяшчанства. Цацкі Аршанскага Падняпроўя. У Аршанскім Падняпроўі буйнымі ганчарнымі цэнтрамі былі г.Орша, г.Копысь, г.Дуброўна, г.Шклоў, мястэчка Ляды, в.Смётанка, в.Дрыбін, в.Бабінавічы ды інш.. У ХVІ-ХVІІ стст. ў Оршы з’яўляюцца рамесныя цэхавыя арганізацыі, на беразе ракі Куцеінка будуецца Куцеінскі Богаяўленскі манастыр з рамеснымі майстэрнямі. У гэты час у горадзе з’яўляюцца вуліцы Кавальская, Гаршэчная, завулак Гаршэчны. У сярэдзіне ХVІІ ст. з гарадоў Падняпроўя, былі вывезены ганчары і кафляры ў Маскоўскую дзяржаву, дзе паўплывалі на развіццё рамеснай і мастацкай культуры. На працягу стагоддзяў Орша мела гандлёвыя сувязі з Маскоўскай дзяржавай і гарадамі Еўропы, была буйным гандлёвым цэнтрам, што спряла росту рамесных промыслаў. У другой палове ХІХ ст. будуюцца прыстань і чугуначны вузел, Орша ператвараецца ў буйны транзітны вузел, што спрыяе развіццю цагельнай, ганчарнай і кафельнай вытворчасці. У гэты час у Аршанскім павеце ганчарным промыслам займаліся ў 17 паселішчах. Паўсюль разам з ганчарствам ляпілі гліняную цацку. Дубровенская цацка. У 1920-я гг. у Дуброўне працавала 20 ганчароў. Ва ўсіх ганчарных сем’ях Дуброўна вырабляліся цацкі і вывозіліся ў Оршу, Смаленск, Пецярбург. Па ўспамінах мясцовага жыхара г.Дуброўна Лысянкова Міхаіла Міхайлавіча (1959 г.н.), яго дзед Шляпаў Акім Карпавіч (1887-1971 гг.) быў знатным печніком у акрузе. У 1927 г., калі будавалі цагляны завод, Акім Карпавіч быў вядучым майстрам-каменшчыкам. Пра свайго дзеда М.М. Лысянкоў кажа так: “Для ўласнага побыту рабіў ганчарны посуд і дзецям ляпіў свістулькі, якія я памятаю з дзяцінства. Гэта быў маленькі карышневаты свісток у выглядзе птушкі на ножцы-падстаўцы с высокім, звонкім гукам. Каб дзеці не гаманілі ў хаце, нас выпускалі гуляць на вуліцу, там была воля ўсялякаму свісту”. У 1950-1970-я гг. ганчарствам займаецца некалькі майстроў: Міхаіл і Гаўрыіл Пацецька, Міхаіл і Вера Парфіновічы, Мікалай Сіманькоў. Цацкамі больш за ўсіх займалася Ганна Марачова (1887-1976), творы якой у 1960-70-я гг. экспанаваліся на Усесаюзных выставах народнай творчасці ў Маскве. Унучка Ганны Стэфанаўны Марачовай – Раіса Сямёнаўна Бурава (1946 г.н.) на сустрэчах з майстрамі раённага Дома рамёстваў распавядала, што яе бабуля на Вялікдзень адорвала дзяцей сваімі свістулькамі і фарбаванымі яйкамі. Памятае, што яе вырабамі (цацкамі і свістулькамі) цікавіліся людзі з Мінска, а потым прывезлі вялікую кнігу, якая сведчыла пра ўдзел на выставе УДНГ (ВДНХ). Па літаратурным крыніцам і пошуковай працы сярод жыхароў Дуброўна выяўлена 16 традыцыйных дубровенскіх цацак. Найбольш архаічнымі з’яўляюцца гетэраморфная свістулька “птушка/конь” і “вершнік” ў выглядзе абагуленай цыліндрычнай постаці на кані. Свістулькі: “вершнік у картузе”, “конік”, “баран”, “сабака”, “салавей”, “жаўранак”, “гусь” таксама маюць абагуленыя лаканічныя формы і належаць да вясковай традыцыі. Антрапаморфныя цацкі “баба з дзіцяці”, “лялька”, “гарманіст”, “хлопец”, “гаспадар з птушкай”, “дзед з унукам” і сюжэтная цацка “пара” (пан вядзе пад руку пані) не маюць свісткоў. Па характару вобразаў яны адносяцца да позняга этапу развіцця дробнай народнай пластыкі местачковага характару мяжы ХІХ-ХХ стст. Калекцыя дубровенскіх цацак захоўваецца ў Расійскім этнаграфічным музеі (Санкт-Пецярбург). Пра іх адметнасць Я.М. Сахута піша: “Мастацкае аблічча іх такое ж, як ў творах Г. Марачовай. Тулавы паненак і кавалераў масіўныя, статычныя, рысы твараў вельмі ўмоўныя. Вылучае іх і характэрная дэталь, якая захавалася ў вырабах Г. Марачовай: замест ног – своеасаблівыя дугападобныя падстаўкі, кароценькія ў жанчын, непамерна масіўныя – у мужчын” . Фотаздымак дубровенскай цацкі ”пара” пачатку ХХ рэпрадукаваны ў кнігах Я.М.Сахута “Беларуская народная кераміка” і Міхася Ржавуцкага “Беларуская гліняная цацка” , дзе відавочна размалёўка мінеральнымі фарбамі і стылізацыя строяў пад моду пачатку ХХ ст, калі ў мужчынскім адзенні былі папулярны фрэнч і галіфэ. Паводле слушнага меркавання Я.М.Сахуты практыка размалёўкі па выбеленаму паперад фону чырвонамі, сінімі, зялёнымі фарбамі магла ўзнікнуць пад уплывам расійскіх цацачнікаў падчас кантактаў майстроў на кірмашах у Пецярбургу. Бабінавіцкая цацка. Бабінавічы з ХVІ ст. вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу, які дасягнуў росквіту ў канцы ХІХ – першай палове 20 ст. Значная колькасць майстроў займалася ганчарствам і ў паслярэвалюцыйным часе. Так, у 1926 годзе ў Бабінавічах працавала 40 ганчароў (без уліку вучняў і дзяцей майстроў, якія таксама займаліся рамяством). Бабінавіцкія майстры выраблялі розны ганчарны посуд, уталітарна-мастацкія вырабы, цацкі-свістулькі. Пастаянна гэтым рамяством займалася Арына Рыжкова (1893 - 1945). Яна ляпіла конікаў, качак, козлікаў. Глазураваныя як посуд цацкі вывозіліся на рынкі г. Орша і г. Дуброўна, дзе яны паспяхова канкурыравалі з мясцовымі абварнымі і задымленымі вырабамі. У ДУК “Лёзненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Бабінавіцкай сельскай бібліятэкі-музеі сабрана багатая калекцыя ганчарных вырабаў і глінянай цацкі. Матэрыялы біблятэкі-музея сведчаць пра высокі ўзровень рамяства бабінавіцкіх майстроў. Дзякуючы высокім уталітарным і мастацкім якасцям бабінавіцкі посуд карыстаўся попытам на значнай тэрыторыі Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Па ўспамінах мясцовых жыхароў: “У 30-ыя гады ХХ ст. у Бабінавічах працавала і ганчарная арцель ”Чырвоны паліўнік”. Пасля вайны арцель была адноўлена. Ганчары, якія працавалі ў арцелі, выраблялі розны гаспадарчы посуд. Посуд глазуравалі і рабілі роспіс “белай глінкай”. Пасля закрыцця арцелі многія майстры пакінулі ганчарства. Даўжэй за ўсіх займаўся рамяством Апанас Траяноўскі, Мікалай Арэхаў, Міхаіл Шчадзінскі, Міхаіл Траяноўскі. Як расказвае Ала Маікалаеўна Іванова – дачка майстра М.Ю.Арэхава: “Мой бацька займаўся ганчарнай справай да канца 1970-ых гадоў. Рабіў розны глазураваны посуд і вельмі любіў майстраваць мастацкія вырабы: цікавыя вазоны для кветак, бочачкі з маленькімі фігуркамі людзей наверсе. Таксама вырабляў цацкі-свісцёлкі. Памятаю, гэта былі качкі, птушкі, сабачкі, пеўні і курачкі. Мы, дзеці, не разумелі, як адрозніць пеўніка ад курачкі, а бацька казаў, што ў курачкі маленькі грабенчык, а ў пеўня вялікі. Яшчэ бацька любіў майстраваць вершнікаў-салдацікаў у пілотках. Яго цацкі выглядалі як адзінае цэлае і былі глазураваныя. Бацька любіў, каб яны зіхацелі і былі яркімі.” З ўспамінаў Траяноўскай Таццяны Міхайлаўны: “Мой бацька, Траяноўскі Міхаіл Мікалаевіч 1927 года нараджэння, у сям’і быў самым малым з сыноў. Па расказах бацькі – ганчарнай справе вучыўся разам з братамі каля бацькі Траяноўскага Мікалая Пракопавіча. Яго дзед і прадзед таксама былі ганчарамі. Старэйшыя браты – Апанас і Пракоп, выраблялі ганчарны посуд, а мне гэта справа давалася цяжка і бацька паказаў як ляпіць свістулькі. Перад вайной бацька памірае. Дом, у якім жыла сям’я, быў спалены фашыстамі. Цяжкае матэрыяльнае становішча прымусіла ўзяцца за рамяство. Мой бацька разам са сваяком ездзілі па вёсках і выменьвалі хлеб на посуд і цацкі. Пасля вайны ўсе Траяноўскія працавалі ў ганчарнай арцелі. Пасля закрыцця арцелі ў 1953 годзе старэйшы брат Апанас меў свой горн і яшчэ шмат часу займаўся рамяством. Бацька таксама меў свой горн, але рамяством займаўся нядоўга. Вырабляў ён розны посуд: гаршкі, жбаны-спарышы, маслабойкі і інш. У канцы 1950-ых гадоў дырэктар мясцовай школы І.І.Мармер прапанаваў бацьку пайсці працаваць у школу настаўнікам працоўнага навучання і малявання. Але бацька адмовіўся, таму што яго адукацыя складала ўсяго 5 класаў. Усё астатняе жыццё ён працаваў у будаўнічай брыгадзе птушкафабрыкі імя К.Заслонава. З выхадам на пенсію зусім пакінуў сваё рамяство. Вырабляць ганчарны посуд стала цяжка, не ладзілася са здароўем. І толькі ў 1985 годзе бацька зноў пачынае займацца вырабам цацак-свістулек. Да нас прыязжала шмат людзей, якія цікавіліся народнай творчасцю і гэта натхніла яго аднавіць рамяство. За гады сваёй мастацкай працы бацька быў удзельнікам выставы на ВДНГ у Маскве, лаўрэатам ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987 год), быў дыпламантам рэспубліканскіх выстаў народнай і самадзейнай творчасці. Ганчарства ў Сенненскім раёне найбольшае развіццё атрымала ў другой палове XIX –першай палове ХХ стагоддзя. У вёсках Ледневічы, Папоўка, Казлоўка да 50-60-ых гадоў ХХ стагоддзя вырабляўся ганчарны посуд і цацкі. Элемент даўжэй існаваў ў вёсцы Папоўка, пасёлку Труд Сенненскага раёна, дзе працаваў цагляны завод. Матэрыялы Сенненскага краязнаўчага музея сведчаць, што ганчарны цэх выпускаў шырокі асартымент глінянага посуду, аднак свістулькі вырабляліся майстрамі як прадукт уласнай творчасці для забавы мясцовых дзяцей, а не на продаж. З успамінаў Дзегалевіч Галіны Віктараўны: “Мой бацька, Дзегалевіч Віктар Ігнатавіч 1923 года нараджэння, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў вядучым майстрам цаглянага і ганчарнага цэха. ... Пасля вайны у ганчарным цэху працавалі Асташка Дзмітрый Архіпавіч і Асташка Васіль Архіпавіч. Памятаю, бацька казаў, што яны са сваёй прадукцыяй: посуд, цацкі, свістулькі, – прымалі ўдзел у выставе ВДНХ і прывезлі граматы. ….Пасля выставы прыязджалі з Польшчы за прадукцыяй ганчарнага цэха. А яшчэ, з Гарадка для абмену вопытам прыязджаў Уладзімір Іосіфавіч Татарыс – майстар ганчарнага цэха. Глухароў прыйшоў вучнем да братоў Асташка. Вельмі яму падабалася працаваць на ганчарным крузе, рабіць посуд і цацкі. Але на продаж, наколькі я памятаю, іх не рабіў. Шмат проста раздаваў дзецям. Таксама памятаю, што яшчэ ў 1984 годзе ганчарны цэх выпускаў посуд”. У канцы 1990-х гадоў завод і цэх былі закансерваваны. У 1983 г. па заказу Віцебскага АНМЦНТ Глухароў Г.П. зрабіў для ўстановы калекцыю традыцыйных вобразаў. Захоўваецца адна свістулька Г.П.Глухарова і ў фондах Сенненскага краязнаўчага музея. У наступныя 5 гадоў майстар прымаў удзел у выстаўках і святах-конкурсах народных рамёстваў . У 1990-я гг. мясцовая ганчарная вытворчасць і выраб свістулек прышлі ў заняпад. Цацкі Віцебскага Падзвіння. Ганчарны промысел і гліняныя цацкі Падзвіння звязаны з цэнтрамі і традыцыямі Аршанскага Падняпроўя агульнымі рынкамі і гандлёвымі шляхамі, гісторыяй развіцця. У гарадах Віцебску, Полацку, мястэчках Сянно, Бешанковічы, Суражы, Янавічы, Экімань, вёсках Ледневічы, Папоўка, Казлоўка, Бачэйкава ды інш. ганчарнае, цаглянае і кафлярнае рамяство развівалася разам з ростам эканомікі і было даходным накірункам дзейнасці. У вясковым асяродку ганчарнае рамяство і выраб глінянай цацкі дасягнулі росквіту ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Буйным цэнтрам мястачковага ганчарства ў сучасным Віцебскім раёне з’яўляліся Сураж і Янавічы. Выраб глінянанага посуду быў ў Янавічах на першым месцы сярод кустарнай вытворчасці. У даваенны час у мястэчку Янавічы працавалі сем’і ганчароў: Брукоўскія, Дроздзік, Крэстоўскія, Паўленка, Разважныя, Пчолка. Ганчары Разважныя і Пчолка выраблялі паліваны посуд. Янавіцкі краязнаўца А.Я. Каланіцкі ў сваіх артыкулах апісаў гісторыю ганчарнага промыслу. Асновай палівы быў перапалены ў парашок свінец, якім пасьшалі посуд, ці аблівалі яго сценкі растворам парашку ў вадзе. Пры абпале свінец плавіўся і пакрываў паверхню бліскучым слоем. Майстры Разважныя рабілі паліву зеленаватага колеру. У 2018 годзе на беразе рэчкі Вымнянка ў Янавічах дзецьмі і ўнукамі мясцовай жыхаркі Тамары Сцяпанаўны Абраменкавай (1935 г.н.) была знойдзена часткова пашкоджаная гліняная свістулька “конік”. Недалёка ад месца знаходжання свістулькі ў даваенны час была сядзіба з майстэрняй і печ для абпальвання Якава Якаўлевіча Разважнага (1872-1947). Сын Якава Якаўлевіча Павел і дачка Валянціна (па мужу Любец) таксама былі ганчарамі і актыўна працавалі з моманту вызвалення Янавіч у 1943 годзе да 1950-х гадоў. Бацька Т.С. Абраменкавай Сцяпан Нікіфаравіч Ткач пасля вайны заснаваў у Янавічах Прамкамбінат, дзе асноўнымі майстрамі былі брат і сястра Разважныя. Іх посуд быў якасны і карыстаўся вялікім попытам сярод жыхароў Янавіч і навакольных вёсак. Па ўспамінах жыхаркі Янавіч Марыі Міхаўлаўны Варахобка (1931 г.н.): “На левым беразе ракі Вымнянкі былі землянкі, якія засталіся з вайны, калі тут стаяў фронт. Пасля вайны Разважныя выкарыстоўвалі іх як абарудаваныя печы для абпальвання посуду. Гліну дабывалі ў вёсцы Лазаватка. Для дзяцей майстры рабілі гліняныя цацкі –“конікаў”, ”петушкоў”, былі яшчэ ”ванькі-встанькі”. У Суражы ў даваенны час працаваў ганчар Свіловіч Раман Лук’янавіч. З ўспамінаў яго ўнучкі Свіловіч Людмілы Васільеўны: “Дзядуля быў багаты, у яго была свая майстэрня па вырабу глінянай чарапіцы. Знаходзілася яна на вуліцы Дзвінска-Набярэжнай. У майстэрні працавалі наёмныя рабочыя. Чарапічныя крышы ў Суражы былі ў заможных жыхароў. Таксама дзядуля вырабляў прыгожы посуд, які я бачыла ў радзіцельскім доме: некалькі відаў жбаноў, гаршкі светла-кірпічнага колеру, са светлай жа палівай унутры. Распісаны яны былі ўручную кропачкамі, роўнымі і хвалістымі лінеечкамі светла-серага колеру. У такіх жбанках доўга захоўвалася і не пракісала малако. Паміж сабой суражане называлі нашу сям’ю “гаршэчнікамі”. Пасля вайны дзядуля ўжо не займаўся ганчарствам. Памёр ў 1966 годзе амаль у 90 гадоў. Свістулькі вырабляў таксама для сваіх дзяцей, але ж ніводнай не захавалася. З ганчарнага посуду захаваўся адзін часткова пашкоджаны жбан”. У Янавічах знойдзена пакуль 1 цацка- вершнік, які стаў пачаткам для стварэння калекцыі віцебскіх традыцыйных цацак. Астатнія цацкі Віцебска адноўлены па археалагічным узорам. Бешанковічы атрымалі Магдэбугскае права ў 1634 годзе, і гэта адразу дала магчымасць на правядзенне 2 кірмашоў у год, спрыяла развіццю гандлёвых сувязяў і разнастайных рамёстваў. Больш важкую ролю ў эканамічным і культурным жыцці мястэчка набыў Петра-Паўлаўскі кірмаш, які быў адным з найбольш буйнейшых на Беларусі (29 чэрвеня – 27 ліпеня). На кірмаш з’яджаліся беларускія, расійскія і замежныя купцы. Бешанковічы былі буйным ганчарным цэнтрам, цэнтрам мылавытворчасці і вытворчасці гонта. У паслярэвалюцыйны час ў мястэчку працавала 36 рамеснікаў-ганчароў. Побач у Астроўне, Уле, Бачэйкаве таксама ўзніклі аб’ядананні ганчароў-умельцаў. Паводле ўспамінаў ганчароў Я.К. Кіселя і В.А. Валадзько ў 1930-я гг. у Бешанковічах працавала арцель “Надзея”, дзе разам з іншымі рамеснымі цэхамі існаваў і ганчарны. “У цэху працавала каля 30 чалавек. Большасць з іх выдатна ведалі сваю справу, таму прадукцыя не залежвалася, а тут жа ішла на продаж. Попыт на яе быў вялікі. Прадавалі ў Бешанковічах, Полацку, Лепелі і нават у Віцебску. Бешанковіцкія майстры паспяхова канкурыравалі з ганчарамі гэтых гарадоў. У распараджэнні рабочых была ганчарная печ агульнай ёмістасцю 3 тысячы літраў, 5 нажнога прываду гачарных колаў. Пасля вайны ў арцелі было ўжо 2 печы на 3 тысячы кожная і 15 ганчарных колаў. Аднак добрых майстроў не хапала. Тады пачалі браць у цэх вучняў. Сярод іх Мефодзій Дзмітрыевіч Селява, Іван Фёдаравіч Саф’янік. Працэс навучання працягваўся тры гады. З 12 вучняў першага набора толькі Уладзімір Міхайлавіч Жукоўскі, Міхаіл Ісаевіч Барсукевіч і Іван Аляксеевіч Валадзько паспяхова закончылі вучобу і сталі працаваць самастойна”. Сярод надомнікаў высокім прафесійным майстэрствам вырабу посуду вызначаліся Леанід Гатоўка, Яўхім Радзюк, Аляксандр. Бельскі, Цімох Балтовіч. Вырабляўся не толькі посуд. У тагачаснай дзетвары вялікім поспяхам карысталіся розныя гліняныя цацкі – “конікі”, “вершнікі”, “жаўранкі”, ”пеўні”, “дзеўкі”, “бабы”, “медвядзі”, розныя “камедыянты”. Даследчыкі згадваюць, што з працаваўшых у 1950-70-я гг. майстроў прыгожыя ўзоры традыцыйнай свісцёлкі вырабляла А.Саф’янік з Бешанковічаў . Я.М.Сахута піша: “Гэта самабытная майстрыха ляпіла мініяцюрныя, даўжынёй 3-5 сантыметраў “свісцёлкі”, надзвычай выразлівыя. У іх увасобіліся лепшыя рысы творчай манеры папярэднікаў з Падзвіння”. “А. Сафьянік з Бешанковічаў ляпіла цацкі з характэрнымі для 20 –х гадоў прычоскамі, з коцікамі-свісткамі ў руках, хоць увогуле яе творчасць надзвычай традыцыйная.” На жаль у нашчадкаў А. Саф’янік не засталося ні воднай “свісцёлкі”, не засталося іх і ў Бешанковіцкім краязнаўчым музеі. Паводле ўспамінаў пляменніцы В.П.Качанавай: “Помню, што была свісцёлка вутачка на нізкаваценькай ножке”. На месцах былых сядзіб і ганчарных майстэрняў на вул.Хараборкіна, вул.Першамайская, вул.Полацкая былі знойдзены свістулькі “баранчык”,”конік” “конік з сядлом”, “вершнік” канца 19 – пачатку 20 ст. У прыватнай калекцыі краязнаўцы А.А.Мачульскага захоўваецца ўнікальны артэфакт: антрапаморфная свістулька-бразготка. Знойдзена яна на беразе Зах. Дзвіны ў аг.Ула разам з манетамі 1560 года. Падчас знаходкі падзьмуховая адтуліна была закрыта кавалкам дрэва, калі яго выцягнулі, са свістулькі пасыпаліся шарыкі. Другая антрапаморфная свістулька была знойдзена на беразе ракі Зах. Дзвіна каля в. Быстры. На тэрыторыі Полацка выяўлены экспанаты на месцах былых асабістых сядзіб у цэнтральнай частцы горада –гэта вуліца Скарыны, тэрыторыя каля Верхняга замка, у Запалоцці, у Задзвінні, раён Экімані. Бурны рост Экімані пачынаецца з пачатку ХVІІ ст.. Найбагацейшыя паклады ганчарнай гліны і блізкасць лясных масіваў спрыялі развіццю Экімані як аднаго з буйных ганчарных цэнтраў. Непасрэдная блізкасць Полацкага рынка таксама спрыяла развіццю і рачнога транспарту. Такім чынам былі створаны ўмовы з’яўлення невялікіх драўляных грузавых судоў і яшчэ цёплыя керамічныя вырабы перавозіліся на полацкія рынкі. Нароўні з посудам і кафлямі пашыраецца выраб гліняных цацак. Адзінкавыя фрагменты свістулек з прыкметамі перапал былі знойдзены ў гэтым раёне. У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя пачалося ператварэнне Экімані ў адзін з найбуйнейшых ганчарных цэнтраў Рэчы Паспалітай і да пачатку ХХ стагоддзя Экімань працягвае заставацца буйным ганчарным цэнтрам . Каштоўную інфармацыю аб развіцці ганчарнага промыслу ў першай палове ХХ стагоддзя атрымалі ад экіманскіх старажылаў В.П.Зелянкевіч і М.Г.Лісава. На аснове прыватных ганчарных майстэрняў да 1930 года ствараецца арцель “Чырвоны горн” (фатаграфіі яе ўдзельнікаў знаходзяцца ў Полацкім краязнаўчым музеі). Горны, па словах В.П.Зелянкевіч, стаялі і ў самым мястэчку і на востраве. Гліна, як для арцелі, так і для прыватных патрэб здабывалася на беразе безыменнага (раней Салавіна) ручая каля вёскі Жабіна. Там да гэтага часу бачныя калдобы. У вайну і ў пасляваенныя гады аж да 1970-х бацька В.П.Зелянкевіч “гаршкі круціў” і аддаваў іх у краязнаўчы музей у Полацку. Да таго часу ганчарства прыйшло ў заняпад, вучняў не было, паколькі рамяство гэта цяжкае, цярпення і вытрымкі патрабуе, збыць посуд няма куды было. Памёр экіманьскі ганчар у 1969 годзе. Па словах Экіманскага старажыла М.ГЛіса (1917г.н.), экіманская пасуда была вядомая ў Рызе, куды яе мясцовыя ганчары вазілі на лодках. Пасля вайны ў Экімань вярнуліся нешматлікія майстры. У той жа час паспрабавалі ўзнавіць арцель “Чырвоны горн”. Доўга яна не праіснавала, на прадукцыю ўпаў попыт. За шматвяковую гісторыю Экімань з невялікага паселішча на левым беразе Заходняй Дзвіны ператварылася ў значны ганчарны цэнтр і рачны порт, аднак зараз гэта невялікая вёска, якая пераважна заселена гараджанамі-дачнікамі. Стан бытавання: менш распаўсюджаны Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Узнікненню і развіццю керамічнай справы ў Аршанскім Падняпроўі і Віцебскім Падзвінні спрыялі прыродныя ўмовы. У Віцебскай вобласці налічваецца 56 радовішчаў глін і суглінкаў прыдатных для будаўнічай справы, а таксама вытворчасці парцэляны, фаянса, керамічных вырабаў і цэглы. На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна знаходзіцца 3 радовішча глін і суглінкаў, у тым ліку Бачэйкаўскае. У Дубровенскім раёне маюцца 4 радовішчы глін і суглінкаў з запасамі 8,8 млн.м³ (Макараўскае, Асінторфскае, Валькоўшчынскае, Рэдзькаўскае). На тэрыторыі Сенненскага раёна размешчана 5 радовішчаў глін і суглінкаў, Балансавыя запасы гліны – 3895 тыс. куб.м. для вытворчасці цэглы і камянёў керамічных (найбольшыя ва ўрочышчах “Ракіта”, “Папоўка”). Наяўнасць значных запасаў сыравіны, адносна простыя спосабы ганчарнага рамяства і спадарожнай яму глінянай цацкі спрыялі развіццю керамічнай вытворчасці. На працягу тысячагоддзяў развівалася керамічная рамесная тэхналогія і яе росквіт прыпадае на ХVІ-ХVІІІ стст., калі ў гарадской культуры гарадоў ВКЛ працавалі цэхі ганчароў, кафляроў, і вытворчасць паліванай керамікі мела вялікі попыт. На вёсцы захоўваліся старажытныя тэхналогіі задымленай і гартаванай керамікі, якія развіваліся ў стане хатняга рамяства. У ХІХ ст. тэхналогія паляванай керамікі была засвоена вясковымі ганчарнымі промысламі. Разам з імі шырока бытавала гліняная цацка: бразготкі, зааморфныя свістулькі, антрапаморфныя цацкі. Іх рабілі жанчыны для дзяцей і на продаж, а таксама іх ляпілі дзеці. У выніку няроўнай канкурэнцыі з прамысловым вырабам посуду развіццё ганчарнага промыслу спынілася ў 1960-1970-я гг., а цацкі яшчэ ў 1980-я гг. вырабляліся для забавы дзяцей, і для выставак народнай творчасці па замове ўстаноў культуры. Высокая эстэтычная вартасць традыцыйнай свістулькі стала прычынай узрастаючай цікаўнасці да яе напрыканцы ХХ ст. Адраджэнне керамічнага рамяства ў Бешанковіцкім раёне распачалася ў другой палове 1980-х гадоў, калі быў арганізаваны раённы клуб народных майстроў, а ў 1995 г. – Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў. Пэўным стымулам для гэтага працэса стала правядзенне ў 1987 годзе І Нацыянальнага свята-конкурсу ганчарнага рамяства “Ганчарнае кола-87” у Бачэйкаве. Для яго правядзення быў закладзены земляны горн, дзе адбыўся працэс абпалу посуду, вырабленага для свята бешанковіцкім ганчаром Барсукевічам М.І. Зараз на базе Бешанковіцкага Дома рамёстваў працуюць гурткі па кераміцы: 2 дзіцячых і адзін для дарослых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Майстры Дома рамёстваў арганізуюць майстар класы для школьнікаў і дарослых, практыкумы для майстроў-керамістаў, супрацоўнічаюць з музем, ладзяць выставы, чытаюць лекцыі. Майстрамі Дома рамёстваў распрацавана серыя майстар-класаў для выхаванцаў дзіцячага садка №1, праводзяцца практыкумы ў межах раённага культурна-асветніцкаа праекта “Зберажом для нашчадкаў” для школьнікаў. Аднаўленне традыцыйнай цацкі супрацоўнікамі Дубровенскага Дома рамёстваў распачынаецца ў 2010-я гг. Сумеснай працай майстры-керамісты Давыдава І.М., Чэрвінская Л.Б., Аляквеева В.С. змаглі даць другое жыццё амаль што знікламу віду рамяства. Падчас экспедыцыйнага даследавання раёна і апытання жыхароў на вуліцах роднага горада майстры сабралі матэрыял аб самабытнай дубровенскай цаццы, аб жыцці і творчасці апошняга носьбіта традыцыі Г.С.Марачовай. Да папулярызацыі яе спадчыны былі прыцягнуты СМІ. З 2015 года ў межах Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, праходзіць конкурс традыцыйнай свістулькі “Салавейка” (2015-2017). Пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Традыцыйная гліняная цацка” ў 2017 годзе стала майстар па кераміцы Дуцбровенскага Дома рамёстваў Чэрвінская Л.Б., у 2019 г. – Аляксеева В.С., якія прадставілі калекцыі рэканструкцыі марачоўскай цацкі. Вывучэнне і папулярызацыя глухараўскай цацкі ў Сенненскім раёне праводзяцца з 2008 г майстрамі Сапроненка І.Л., Квашко У.І. У 2017 г. на свяце-конкурсе “Салавейка” Квашко У.І. атрымаў Гран-пры. На сённяшні дзень выраб “Глухароўскай свістулькі” з’яўляецца адным з важнейшых накірункаў дзейнасці Сенненскага Дома рамёстваў. З другой паловы 1980-х гадоў ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” праводзіць мэтанакіраваную працу па адраджэнню ганчарства і традыцыйнай глінянай цацкі вобласці. Былі праведзены экспедыцыі па былых ганчарных цэнтрах вобласці, тры абласныя семінары-практыкумы па народнай кераміцы (1985, 1986, 1988 гг.), абласная выстава “Ганчарны круг-89” У выніку гэтых мерапрыемстваў майстры Г.П. Глухараў, М.МТраяноўскі, В.М.Шэкін, В.П.Кленавы, В.І.Семянкоў зноў вярнуліся да вытворчай дзейнасці і пачалі супрацоўнічаць з установамі культуры. У 1990-я гг. адбыліся абласное свята “Ганчарнае кола-95” і Рэспубліканскае свята “Ганчарны круг-96”, а таксама абласныя пленэры ганчарства (2006, 2010). Напачатку 2000х гг. былі праведзены абласныя святы-конкурсы па кераміцы “Гліна спявае” (2004, 2006). З мэтай папулярызацыі народнай глінянай цацкі былі праведзены: агляд-конкурс народнага сувеніра ”Цвяток радзімы васілька“(2010-2011), выстаўкі народнай цацкі і лялькі ”Кірмаш цудаў“ (2013), ”Забава“ (2018), абласныя святы-конкурсы майстроў глінянай свістулькі ”Салавейка“ (2015, 2016, 2017, 2018) у межах Міжнароднага фестывалю ”Дняпроўскія галасы ў Дуброўна“. У межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбыліся святы-конкурсы народнай цацкі і лялькі ”Забава-2015“, майстроў па кераміцы і ганчарству ”Гліна спявае-2018“, майстроў глінянай свістулькі ”Салавейка“ (2019). Гэта дазволіла прадэманстраваць месца традыцыйнай глінянай цацкі ў сістэме беларускай народнай культуры, спрыяць росту цікаўнасці майстроў і аматараў народнай культуры да лакальных адметнасцяў мастацтва керамікі. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Віцебска-магілёўскія гаворкі паўночна-ўсходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Для вырабу свістулек выкарыстоўваюцца наступныя матэрыяльныя рэчы: прыродная кар’ерная гліна, ангоб (разведзеная вадой гліна іншага колеру), “стэкі”(драўляныя завостраныя палачкі- праколкі) Гліна нарыхтоўваецца ў сваёй мясцовасці, яе якасці абумоўліваюць адметнасці тэхналагічнага працэсу і пластычна-стылёвыя характарыстыкі цацак. Пераважна гліну знаходзяць на схілах узвышшаў, ў абрывах вадасховішчаў. Прыдатная для лепкі гліна павінна мець аднародны састаў, не быць забруджанай зямлёй. Яна павінна добра ўмінацца, захоўваць нададзеную форму, пры тэрмічнай апрацоўцы не даваць расколін. Свае вартасці гліна раскрывае пры яе размінанні ў руках. Найбольш пластычнымі з’яўляюцца цёмныя тлустыя гліны, яны мяккія і масляністыя на вобмацак. Аднак пры абпале 600-700 градусаў маса спякаецца, форма дэфармуецца. Посная гліна мае больш светлы колер, і хоць дрэнна фармуецца, але вытрымлівае высокую тэмпературу абпалу, добра глазуруецца. Панізіць тлустасць гліны можна праз увод ў яе збедняючых дамешак. Стэкі скарыстоўваліся для праколвання адтуліны ды ігравых дзірачак. Гэта палачкі даўжынёй 10-25 см, якія могуць мець розныя па форме зрэзы на канцы: круглыя, авальныя, трохкутныя. прамакутныя, у выглядзе сігмента. Кожны майстар робіць праколкі для сябе сам. Для зрэзу гліны і для выразкі глыбокіх месцаў патрэбны стэкі з металічнымі навершнікамі. Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Традыцыйная гліняная цацка ўтрымлівае старажытную сімволіку. Сам матэрыял – гліна – здаўна ў многіх народаў атаясамлівалася з зямлёй і разглядалася як касмічны пачатак, з дапамогай якога ствараецца свет. Згодна з беларускімі этыялагічнымі легендамі чалавека і жывёл Бог зляпіў з гліны , таксама як майстар лепіць цацкі. Таму антрапаморфная гліняная цацка лёгка асацыіруецца з антрапагенезам. Свіст глінянай цацкі з’яўляецца абярэгам, сродкам абароны, магічным сродкам, звязаны з богам вятроў Похвістам . Лічылася, што рэзкім свістам можна выклікаць вецер, нават наклікаць віхор, які можа “скруціць” чалавека, паралізаваць яго. У слоўніку І.І. Насовіча слова “свістаць” тлумачыцца блізкім па сэнсу словам “біць”, “сцягаць”, “лягаць”, “імкліва бегчы”, “піць залпам”, “хутка страціць маёмасць” Архаічны пласт сімвалічных вобразаў нясуць усе традыцыйныя гліняныя цацкі, аднак на працягу гістарычнага развіцця іх сакральная сімволіка трансфармавалася. У вясковым асяродку гліняная цацка захоўвала сувязь з земляробчымі абрадамі вяснова-летняга цыклу, у мястэчках і гарадах цацка функцыянавала ў якасці забавы, ўспрымала новыя вобразы, звязаныя з тэмай кірмашу, матывамі гуляння, якія нясуць пачуццё еднасці гарадской грамады. У ХХ ст. цацкі набываюць наіўна-рэалістычную вобразнасць, якая ілюструе сувязь чалавека з прыродай, ідэалізуе паўсядзённасць, з’яўляецца сродкам самапазнання і самаідэнтыфікацыі. Архетып жаночага вобраза ўзнік падчас неаліту і мае непасрэдную сувязь са старажытным культам Вялікай Багіні, Багіні Маці, Берагіні. Гэта вобраз уладаркі ўсіх стыхій, прастораў, захавальніцы сямейнага ачагу, апякункі звяроў, птушак, рыб, жанчын і жаночых рамёстваў. У местачкова-гарадскім асяродку жаночая цацка трактуецца адпаведна тагачасным сацыяльным ролям жанчыны. Вобраз маладой дзяўчыны з касой вядомы як “Лялька”, “Паненка”, “Дзеўка”, у яе ў руках могуць быць свісцёлкі ў выглядзе птушак альбо котак. Вобраз сталай жанчыны мае назвы “Баба”, “Цётка”, “Паня”, “Настаўніца”, у іх руках могуць быць немаўляты, птушкі, хатняя жывёла, парасоны, партфелі, кветкі. Архетып мужчынскага вобразу звязаны з міфалагічным вобразам Волатаў/Асілкаў, якія былі незвычайна вялікага росту і мелі магутную сілы, так, што “маглі перакідваць адзін да другога стопудовыя камні і схопліваць іх на ляту, як мяч” . Асілкі абаранялі людзей ад цмока, разбівалі молатам вялізныя камні, іграліся з жорнамі, каменнымі сякерамі, булавамі, выкрасалі агонь, ад чаго у небе гром грымеў. Фалькларысты выказваюць меркаванне пра непасрэдную сувязь асілкаў з громавержцам Перуном. Вобраз бажаства на кані (“Вершнік”) звязаны з культам Сонца, агня і бога Ярылы, бога ўрадлівасці, пад апёкай якога знаходзілася зеляніна і плады зямлі. Міфалагічныя функцыі звязваюць яго з трыма сацыяльнымі групамі: святарамі, ваярамі, земляробамі, што дае магчымасць майстрам трактаваць вобраз вершніка як баство, як рыцара, воіна ўсіх гістарычных эпох, як пастуха. На вобраз язычніцкага бога Ярылы наклаліся імя і функцыі хрысціянскага святога змеяборца Георгія (Ягорыя, Юрыя), свята якога спраўлялася 23 красавіка/6 траўня. Святы Юры лічыўся пастухоўскім святым і апякуном вясновых палявых работ і жывёлагадоўлі. З развіццём горада і народнай смехавай культуры звязаны вобраз “камедыянта/скамароха”, які быў вандроўным музыкам, акцёрам і дрэсіроўшчыкам, ладзіў паказы з мядзведзем. Яго выступленні маюць у аснове фальклорныя традыцыі, звязаны з традыцыйнымі абрадамі. Выявы скамарохаў захаваліся на кафлі г. Полацку. Вобразы “Гаспадара з птушкай”, “Гарманіста”, “Кавалера”, сюжэтная гліняная цацка “Пара” адносіцца да традыцыі местачкова-гарадской цацкі, дзе асноўнымі матывамі з’яўляецца шпацыр ў святочным строі, дэманстрацыя сучаснікам тыповых вобразаў мясцовай супольнасці, папулярныя формы забаў, вобразы экзотыкі. Адметнай рысай дадзенай групы з’яўляецца ўзросшая дэкаратыўнасць, забаўляльнасць. Зааморфныя вобразы ў старажытнасці былі ўвасабленнямі татэмаў – міфічных продкаў роду – духаў і жывёл, якіх прыносілі ў ахвяру магутным сілам прыроды. Пасля яны сталі атрыбутамі, знакамі хрысціянскіх святых, культ якіх наклаўся на папярэднія вераванні. У сялянскай абраднасці яны захавалі абярэжную функцыю, дапамагалі вырошчваць ураджай, павялічваць статак хатніх жывёл, абаранялі ад хвароб і суроку. Мядзведзь – найдаўнейшы татэмны продак, сонечнае баство, сакральная, ахвярная жывёла, сімвал магутнасці і дастатку, вясновага аднаўлення прыроды, звярыны двайнік чалавека, перэварацень. У вобразе мядзведзя увасабляўся славянскі бог Вялес, які быў скотнім апекуном і меў дачыненне да воднай стыхіі і падземнага свету. У сярэдневяковай гісторыі Беларусі звязаны з практыкай скамароства. У народнай культуры пераапрануты мядзведзь з’ўляецца абавязковым персанажам калядоўшчыкаў. Конь – адна з самых шанаваных жывёл у беларускай міфалогіі. Ён з’яўляецца пасрэднікам паміж светам багоў і людзей, звязаны з культам продкаў. З культам каня звязаны і блізнечны культ, які спрыяе прадуктыўным сілам у земляробстве і жывёлагадоўлі Сабака ў беларускім фальклоры характарызуецца як абаронца і найлепшы прыяцель чалавека. Паводле міфа два сабакі Стаўры і Гаўры ратавалі ад ворагаў і звяроў родапачынальніка беларускага племені князя Бая, і па яго загаду аббеглі і вызначылі тэрыторыю валадарання малодшага сына Белаполя (зямля паміж Дняпром і Дзвіною). Дзень шанавання пахаваных сабак Стаўры і Гаўры напярэдадні Сёмухі атрымаў назву Стаўроўскіх дзядоў. Казёл, баран – рытуальныя, ахвярныя жывёлы балцкай і славянскай міфалогіі, пра што сведчыць наяўнасць ў калядных песнях матыва забойства/смерці казы. Іх прыносілі ў ахвяру з мэтаю задобрыць багоў, адвесці бяду, наслаці дождж на поле падчас засухі. Сімвалізуюць ўрадлівасць, плоднасць, дабрабыт, прыбытак, багацце. Свіння – ахвярная жывёла, сімвал дастатку, плоднасці, урадлівасці. Птушкі – знак добрага ўраджаю, шчаслівага шлюбу, паветранай стыхіі. У вераваннях шматлікіх народаў здзейсняюць сувязь паміж небам і зямлёй, паміж жывымі людзьмі і памерламі продкамі. Жаўранак. Лічылася, што жаўранак прылятае з Вырая першым, што ён прыносіць вясну. У народных песнях жаўранкі вясной “атпіраюць” нябесную браму. Амаль па ўсяму Паазер’ю і Падзвінню 9/22 сакавіка святкаваліся Саракі (Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх). У народзе лічыцца, што на Саракі дзень з ноччу раўняецца, прырода абуджаецца ад сну, прылятае сорак “птушак-пакутнікаў” (сорак жаўранкаў, выраяў), пасля чаго надыходзіць вясна. У гэты дзень пяклі печава, рабілі цацкі-свісцёлкі ў форме розных птушак, часцей жаўранкаў. Дзеці гулялі з імі, падкідвалі ўгору і крычалі “А дзе вы, жаўранкі?”, гукалі вясну: “Прыдзі, вясна, к нам – гу!” . Певень - сімвал Сонца, святла, агню, жыццёвай сілы, урадлівасці, захавальнік хатняга агменю і дабрабыту. Певень вяшчуе надыход дня і ночы, усход і захад сонца, таму з ім звязана сімволіка ўваскрэсення з мёртвых, вечнага аднаўлення жыцця. Ахвярная птушка. Курыца- ахвярная птушка, увасабленне пладаноснага жаночага пачатку. Паўлін у хрысціянстве з’яўляецца сімвалам вечнага жыцця і бессмяротнай душы. Яго міфапаэтычны вобраз мае шматлікія канатацыі, якія заснаваны на яго знешніх асаблівасцях: форме і яркай афарбоўцы хваста, манеры паводзін. Пышны хвост нагадвае німб і сімвалізуе святых, жывапісны малюнак “вока” на пёрах птушкі сімвалізуе боскае ўсебачанне і скарыстоўвалася ў кафлярстве ў якасці сімвала “ўсёвідушчай царквы”. Апроч таго паўлін паядае змей і таму трактуецца як змеяборца, азначае перамогу святла над цемрай. У беларускую культурную традыцыю паўліны патрапілі ў ХVІ-ХVІІІ стст. і былі звязаны з арыстакратычнай культурай, дзе былі знакам знатнасці, раскошы, фанабэрастасці. Паступова гэты вобраз быў засвоены народам і трывала ўвайшоў у лік традыцыйных казачна-дэкаратыўных вобразаў народнага мастацтва. У мастацтве маляванак паўлін звязаны з вобразам сонца, зорнай ночы, з тэмай райскага саду, ідэальнай красы, шчасця і дастатку. Страта пёраў ды іх адрастанне вясной дазваляе разглядаць вобраз паўліна як сімвал вясновага абнаўлення прыроды, уваскрэсення і бесмяротнасці. У гліняных цацках зафіксаваны гісторыя і вераванні беларусаў, сялянская і гарадская культура паўсядзённасці, ідэя непарыўнасці чалавека з прыродай і месцам свайго жыцця. Цацка выяўляе сэнсавую насычанасць і еднасць духоўных і матэрыяльных пачаткаў. Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Распаўсюджванне элемента здзейсняецца па гарызанталі, і па вертыкалі. Вывучэнне, назапашванне інфармацыі і абмен вопытам ідзе паміж супрацоўнікамі аднаго Дому рамёстваў і паміж калегамі з іншых Дамоў рамёстваў падчас правядзення майстар-класаў на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемтвах, што можа вызначыць як межгрупавую культурную дыфузію. Ва ўсіх Дамах рамёстваў працуюць гурткі па кераміцы і глінянай цаццы, дзе майстры-педагогі навучаюць дзяцей, што кваліфікуецца як стратыфікацыйная культурная дыфузія. Апроч таго, у сям’і майстроў да вырабу цацак далучаюцца члены сям’і, родныя, дзеці, што з’яўляецца ўзорам традыцыйнага функцыянавання рамяства, быўшага некалі адзінай формай яго існавання. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: У якасці пагроз для адраджэння глінянай цацкі трэба вызначыць шырокае распаўсюджанне на спажывецкім рынку дзіцячых цацак кітайскай вытворчасці, што прыводзіць да аслаблення матывацыі для засваення тэхналогіі з боку мясцовых жыхароў. Ключавыя словыГліняная свістулька , Гліняная цацка Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамЭкспертнае заключэнне_Я.М.Сахута_2020.pdf Экспертнае заключэнне_Я.М.Сахута_2020.pdfАрэал распаўсюджання.pdf Арэал распаўсюджання.pdf |

