Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Велікодны карагод

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БЛ000152
Дата ўключэння: 20/04/2021
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 19.04.2021 № 04-01-02/2. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2021 № 25
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210927

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці.. Адрас: 220000, г. Мінскі, Незалежнасцi 23;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Велікодны карагод

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Вясновы карагод “Лука”, "Луку" вадзіць

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

жыхары аграгарадка Маркава Маркаўскага с/с Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

Арэал распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Маладзечанскі раён » аг. Маркава;  

Кароткае апісанне элемента:

Штогод у аграгарадку Маркава на першы дзень Вялікадня адбываецца ваджэнне “Велікоднага карагода “Лука””.  Лука – гэта дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Жыхары аграгарадка ладзяць карагод каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы. (У дадзены момант месца правядзення абрада ўдакладняецца). Самая старэйшая жанчына Маркава Віктарава Марыя Пятроўна ў цэнтры карагода растаўляе “качаны”. Яны ўяляюць сабой асобныя групы дзяцей (ад трох да дзесяці). Вакол “качаноў” водзяць карагод адмысловым чынам. Вадзіць карагод першапачаткова дазвалялася толькі асобам жаночага полу. У цяперашні час да карагода далучаюцца мужчыны і дзеці. Удзельнікі карагода спяваюць песню “Ой, Лука, мая Лука”.
  У ДУА “Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна” мясцовымі настаўнікамі вядзецца праца па перадачы традыцыі. Шмат маладых людзей удзельнічаюць у карагодзе на Вялікдзень.
  “Велікодны карагод “Лука”” з’яўляецца ўстойлівым элементам лакальнай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Больш у раёне такая традыцыя нідзе не прадстаўлена.
Мясцовая супольнасць прызнае вартасць карагода і вызначае яго як частку сваёй культурнай спадчыны, якую неабходна перадаць будучаму пакаленню.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Звычаі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Элемент спрыяе ўмацаванню ролі мясцовай супольнасці ва ўзаемадзеянні з лакальнай спадчынай. Жыхары Маркава праз актыўны, жывы ўдзел у мясцовым карагодзе актуалізуюць традыцыю рэгіёна. Сучасным спажыўцам у эру развіцця інфармацыйных тэхналогій будзе карысна далучыцца да традыцыйных каштоўнасцей свайго народа праз удзел у карагодзе. Удзел у абрадзе розных пакаленняў будзе карысны як вопыт узаемадзеяння старэйшага і малодшага пакаленняў у публічнай прасторы. “Велікодны карагод “Лука” ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці” можа выступіць асновай для развіцця падзейнага турызму ў аграгарадку Маркава.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

“Велікодны карагод “Лука”” выконвае інтэграцыйную функцыю, якая прадугледжвае ўзаемасувязь чалавека з кантэкстам месца, у якім ён нарадзіўся і вырас. Абрадавы карагод спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Сакральная функцыя элемента звязана з магчымасцю кожнага ўдзельніка карагода не проста выконваць пэўныя дзеянні абрада, але і асэнсоўваць агульнасць чалавечага быцця. Да таго ж абрад першапачаткова прадугледжваў высокую ступень рытуальнасці, якая была выражана ва ўдзеле дзяўчат, якія дасягнулі паўналецця. “Велікодны карагод “Лука”” з’яўляецца прыкладам актуалізацыі падзейнага турызму. Жывая традыцыя можа стаць “кропкай прыцягнення” турыстаў, чым паспряые турыстычна-рэкрэацыйнаму развіццю рэгіёна. Таксама абрад паспрыяе знаёмству з культурнай спадчынай усяго раёна (аграгарадок Лебедзева, в. Беніца, в. Лешна, в. Плябань, аграгарадок Палачаны і інш.)

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама.

Паходжанне элемента:

Дакладны час з’яўлення “Велікоднага карагода “Лука”” ў аграгарадку Маркава не вызначаны. Аднак, па словах носьбітаў, карагод існаваў ужо ў даваенны час. Звестак пра ваджэнне карагода падчас ваеннага часу не захавалася. Вядома, што ў практыцы элемента існаваў перапынак, звязаны з савецкім перыядам, калі была пашырана забарона на правядзенне царкоўных службаў, а разам з ім і абрада “Велікодны карагод “Лука””. Захаванасць абрада, нягледзячы на перапынак ў савецкі перыяд, сведчаць не пра што іншае як жыццяздольнасць і адаптаванасць дадзенай традыцыі. Мясцовыя жыхары аграгарадка Маркава ўзгадваюць Сарачынскую Соф’ю (Зосю) Міхайлаўну (1904-1989 г.н.) як завадатара “Велікоднага карагода “Лука””, ад якога далей і перанялі традыцыю ваджэння карагода ў аграгарадку Маркава. Ад жыхароў аграгарадка вядома, што першапачаткова “Велікодны карагод “Лука”” вадзілі каля ракі Гадзея, на першы дзень Вялікадня пасля службы ў храме. На дадзены момант карагод водзяць каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы. Падчас карагода вылучаюць тых, хто хадзіў у агульным карагодзе, і тых, хто стаяў у цэнтры. Адразу ішлі маладыя дзяўчаты, пасля жанчыны і бабулі сталага ўзросту. Першапачаткова ў цэнтры карагода асобна стаялі мужчыны, якія доўга не бралі шлюб. Пазней – мужчын замянілі групкі дзяцей (ад трох да дзесяці). Іх называлі “качаны”. Гістарычна мужчыны і дзеці не вадзілі карагод, аднак ужо ў 1994 годзе Ірына Мячыкава ў сваім артыкуле “Абрад “Ваджэнне Лукі” ў сістэме земляробчых абрадаў вясенне-летнага цыклу беларусаў” зафіксавала ўдзел не толькі жанчын і дзяўчат, але мужчын і дзяцей. Мячыкава зазначае рудыментарнасць карагода “Лука”, прыводзячы ў прыклад сітуацыю, калі апошнія куплеты песні спявалі маладому хлопцу, які збіраецца жаніцца. У песні называюць яго імя, а за гэта хлопец павінен пачаставаць усіх спевакоў (жанчын, дзяўчат). Менавіта дзеянне частавання аўтар звязвае з увасабленнем шлюбных матываў. [1] Падчас ваджэння карагода спяваюць песню: Ой, лука мая лука, Ой, лука мая лука, Лука мая ды зялёная. Лука мая дай зялёная, Лука мая дай зялёная, Трава мая дай й шалковая. Ой, цячэ муравей, цячэ, Ой, цячэ муравей, цячэ, Ой, нясе муравей, нясе. Ой, нясе муравей, нясе Ой, нясе муравей, нясе На дзявочую красу, (На дзяцюцкую расу.) Была ў маці ды й адна дачка, Была ў маці ды й адна дачка, Тая была самавольніца. Як паслала яе маці, Як паслала яе маці, Ды й у вір ваду браці. Яна вады не брала, Яна вады не брала, Каля віру скакала. Каля віру скакала Каля віру скакала, Ды й у вір ускочыла. Як пайшла яе маці, Як пайшла яе маці Каля віру шукаці. Ой, віру мой віру, Ой, віру мой віру, Як жа цябе назваці? Ці назваці цябе зяцем, Ці назваці цябе зяцем, Ці назваці патапельнічкам. Не заві мяне зяцем, Не заві мяне зяцем, Заві мяне патапельнічкам, Зялёненькім муравейнічкам. А на нашай вуліцы А на нашай вуліцы Гордапышный малойчык (Ды й няма пышнейшага, чым наш Іванька.) Ён на вуліцу не выходзіць, Ён на вуліцу не выходзіць, На кані выязджае, Бізуном паганяе. У аграгарадку Маркава раней апошнія куплеты песні спявалі маладым нежанатым хлопцам -“бабылям, каторыя доўга не жаніліся”. Мужчына, якому спявалі песню, павінен быў адарыць спявачак – “плаціць барыш” (інтэрв’ю носьбітаў дадаецца). Узгадка пра карагод “Велікодны карагод “Лука”” ў Маркаве была зафіксавана ў выданні “Беларуская народная творчасць”. Да песні дадаецца апісанне: “Карагод “Лука” водзяць і цяпер на першы дзень Вялікадня. Жанчыны, дзяўчаты, мужчыны бяруцца за рукі і ўтвараюць ланцужок. У трох месцах становяцца дзеці. Адна жанчына вядзе ўсіх, выпісваючы ўзоры паміж дзецьмі. Усе спяваюць “Луку” і яшчэ песню. Песню пяюць маладому хлопцу, які збіраецца жаніцца. У песні называюць яго імя, а за гэта ён павінен пачаставаць усіх песельнікаў.” [2] Маюцца звесткі з “Традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў”, запісаныя Аленай Боганевай і Тамарай Варфаламеевай у суседняй вёсцы ад Маркава Заскавічы ад Зінаіды Бабёр, 1923 г.н. Яна ўспамінае наступнае: “У цэнтры вёскі збіралася, пераважна, моладзь, дзяўчаты станавіліся ў круг, браліся за рукі і ўтваралі ланцужок. У цэнтр або ставілі хлопца, або садзілі на зямлю некалькі малых дзетак. Адна з дзяўчат вяла ўсіх удзельнікаў паміж дзецьмі, пры гэтым вырысоўвалася як бы змейка: “Бальшы круг зробюць, за рукі пабяруцца, і хлопцы, бывае. А тут тады дзяцей насадзюць, тут адно сядзіць, там другое, там дзе трэццяе. Тады неяк выкручвалі кругамі, ля дзяцей круг наш”. Як змейкай? Да, да. Не бяромся ж усе за рукі, нада ж, каб канец быў. Во так во выхаджвалі”. [3] Элемент НКС быў выяўлены падчас прафесійнай дзейнасці метадыстаў ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” ў пачатку 2000-х гадоў. Вывучэнне і сістэматызацыю матэрыялаў па элементу НКС распачала вядучы метадыст В.І. Трубач вясной 2020 г. У чэрвені 2019 г. аматарскім аб’яднаннем “Этнаграфічны клуб “Кола”” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” была праведзена этнаграфічная экспедыцыя па Маладзечанскім раёне. Кіраўнікі: Г.Э. Шакель, В.І. Трубач. Падчас экспедыцыі ўдзельнікамі былі зафіксаваны ўзгадкі пра ваджэнне “Велікоднага карагода “Лука”” ў некаторых населеных пунктах Маладзечанскага раёна: аграгарадок Маркава, в. Беніца, аграгарадок Заскавічы, в. Якавічы, в. Кучкі (інтэрв’ю дадаецца). Аднаўленнем абраду каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы прыкладана каля 2010 г. пачалі займацца Дорах Вера Мікітаўна (1923 г.н.) – былая настаўніца ДУА “Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна”, былы кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Маркаўчанка” Маркаўскага СДК і Пешко Мікалай Іосіфавіч - настаяцель царквы Святой Жываначальнай Троіцы ў аграгарадку Маркава.

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Першая згадка пра Маркава датуецца 1415 годам. Яно ўзгадваецца як Вялікакняжацкае сяло і двор, які ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта праз Маркава пралягаў знакаміты Старавіленскі шлях, які і даў штуршок для развіцця мястэчка. У Маркаве яго называлі Чорным шляхам. Гістарычны цэнтр мястэчка якраз і размяшчаўся абапал гэтага шляху і называўся рынкам. Пазней уладарамі Маркава ў розныя часы яго гісторыі былі: Нарушэвічы, Мышкевічы, Хрыптовічы, Забярэзінскія, Радзівілы, Сапегі, Нарбут, Пацы, Коцелы, Агінскія. У 1740 годзе кашталян Ян Шчыт пабудаваў у мястэчку касцёл. Пры касцёле існавала школа, таксама мелася карчма, уніяцкая царква, 2 млыны. У 1831 годзе ў Маркаве была пабудаваная драўляная праваслаўная царква. У 1873 годзе адчынена народнае вучылішча. У пач. 20 ст. двойчы на год (22 мая і 28 жніўня) адбываліся кірмашы. У Маркаве працавалі цэхі: ганчарны, гарбарны, ткацкі, сталярны. Асобныя сем’і займаліся шапавальствам. Кіраванне мястэчкам было вечавае. Пасярод рынку знаходзіліся вечавая званіца і пакрыўджаныя “давалі на званы”. А вінаватых каралі пасярод рынку, прывязваючы да вечавога слупа. Звычай гэты захаваўся да 1920 года. [6] З 1927 года Маркава ў складзе Маладзечанскага павета. У час Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 72 двары. Пасля вайны вёска адбудавалася. У 1949 годзе быў створаны першы калгас, сёння гэта ПУП “Маркава-Агра”. На дадзены момант Маркава з’яўляецца аграгарадком, дзе пражываюць каля 700 чалавек. Тут знаходзяцца Маркаўскі сельскі Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, школа, бібліятэка, дзіцячы сад, крамы. [7] Маркаўскі сельскі Дом культуры арганізоўвае культурнае жыццё аграгарадка. На базе Дома культуры ладзяцца канцэрты, выставы, тэматычныя і тэатралізаваныя праграмы. У СДК на 2021 год працуе 10 клубных фарміраванняў для дарослых і дзяцей. У моладзі карыстаецца запатрабаванасцю пакой адпачынку. Яшчэ ў пачатку 80-х гадоў Дорах Верай Мікітаўнай – першай кіраўніцай народнага фальклорнага ансамбля “Маркаўчынка” – быў створаны этнаграфічны музей, які існуе да нашага часу. Ён уключае ў сабе экспанаты народнага побыту беларусаў. Маюцца эксклюзіўныя артэфакты. Напрыклад, спецыфічныя для Маладзечанскага рэгіёна галаўныя ўборы – чапцы. Народны фальклорны ансамбль “Маркаўчынка” стаіць на варце падтрымання мясцовай традыцыі. Рэпертуар ансамбля складаецца з каляндарна-абрадавах і пазаабрадавых песень, у тым ліку і мясцовых. Калектыў адрадзіў і захоўвае абрады на Маладзечаншчыне. Дзякуючы мясцовым старэйшым жыхарам аграгарадка Маркава, распрацаваны 6 фрагментаў мясцовых абрадаў: масленічны, велікодны, вясельны “Дзявочы вечар”, траецкі, зажыначны, дажыначны. У 2020 годзе народны фальклорны ансабль “Маркаўчанка” пацвердзіў народнае найменне. Большасць ўдзельніц ансамбля з’яўляюцца і носьбітамі “Велікоднага карагода “Лука” ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці”. На дадзены момант абрад ладзяць каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы, гісторыя якой налічвае больш за 160 гадоў. Не меншай славутасцю з’яўляюцца званы на званіцы храма, на якой знаходзяцца 5 званоў вагой ад 13 фунтаў да 13 пудоў. Маркаўскі звон ведаюць далёка за межамі аграгарадка. Некаторыя людзі прыязджаюць спецыяльна яго паслухаць. Побач з царквой знаходзіцца капліца 19 ст. І царква, і капліца знаходзяцца ў выдатным стане. Захаванне мясцовай архітэктуры спрыяе захаванню абрада. Гістарычна абрад належыць да вясковай сацыяльнай практыкі элемента НКС і сёння ён практыкуецца ў вясковым сацыяльным асяродку.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Сярэднебеларускія гаворкі паўночна-заходняй дыялектнай зоны.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Велікодны карагод “Лука” непасрэдна звязаны з традыцыяй святкавання Вялікадня. Звычайна ў Маркава Вялікдзень святкуюць такім чынам: уноч ідуць на “ўсяночную” службу. Яна пачынаецца а 23 гадзіне. Пасля заканчэння службы – асвячаюць яйкі, соль, кулічы. Затым ідуць дадому і рыхтуцюць святочны стол для ўсёй сям’і. На ўсходзе сонца сям’я выходзіць на вуліцу назіраць як “сонца грае”. Пазней за святочным сталом сям’я “разгаўляецца”: адразу з’ядае асвечаныя яйкі з соллю і толькі пасля іншыя стравы. А 14 гадзіне сям’я зноў ідзе на службу ў царкву, пасля якой адбываецца ваджэнне карагода “Лука”. Пасля “Лукі” жыхары Маркава зноў адпраўляюцца да сваіх святочных сталоў. Вечарам, каля 18.00, пачынаецца абрад валачобніцтва: мясцовы народны фальклорны ансамбль “Маркаўчанка” і жадаючыя адпраўляюцца спяваць велікодныя песні і віншаваць маркаўчан па сядзібах аграгарадка. Гаспадары, якіх наведвалі валачобнікі, павінны выказаць удзячнасць гасцям - падараваць прысмакі. Валачобнікі стараюцца абысці як мага больш хат. Пасля абрада валачобны гурт збіраецца ў адной хаце і частуецца сабранымі дарамі. Першапачаткова ў мястэчку валачобнічалі мужчыны. Цяпер мясцовую традыцыю папулярызуе народны фальклорны ансамбль “Маркаўчанка”. Аднак, удзельніцы зазначаюць, што па-ранейшаму валачобнічаюць разам з мужчынамі. “Хоць два, тры мужчыны, але каб былі. Раней жа толькі мужчыны хадзілі,” – кажа кіраўнік “Маркаўчанкі” Асіповіч Людміла Леанардаўна. Валачобнікі запрашаюць музыкаў, каб ствараць святочную атмасферу на вуліцах Маркава. Звычайна ў Маркаве спяваюць наступныя велікодныя песні: “Хрыстос Уваскрос”, “Валачобнікі людзі добрыя”, “Добры вечар, пане гаспадару”. Пасля спеваў і віншаванняў гаспадар або запрашае за стол, або дае пачастункі ў торбу. Пасля гурт валачобнікаў абавязкова збіраецца ў кагосьці з удзельнікаў гурта дома і за святочным сталом частуецца дарамі, якімі адарылі жыхары Маркава. Вядома, што раней ў Маркаве на працягу трох дзён пасля Вялікадня дзеці хадзілі ў “жачкі”. Віншавалі гаспадароў і атрымоўвалі яйкі ды пірагі ў знак падзякі. Цяпер гэта традыцыя падтрымліваецца толькі на сам Вялікдзень – у нядзелю.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Працэс перадачы ведаў і навыкаў пра абрад адбываецца праз традыцыйную (дыяхронную) мадэль перадачы – ад старэйшых да малодшых. Гэта адбываецца праз сумесны ўдзел у правядзенні абрада мясцовай супольнасцю, а таксама праз далучэнне да ваджэння “Велікоднага карагода “Лука” ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці” школьнікаў.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Галоўнымі пагрозамі элемента з’яўляеюцца: • спыненне пераймання ад старэйшага пакалення да малодшага традыцыі ваджэння “Велікоднага карагода “Лука” ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці”; • памяншэнне колькасці сельскага насельніцтва маладога ўзросту ў аграгарадку Маркава; • нізкая інфармаванасць насельніцтва аграгарадка Маркава і Маладзечанскага рэгіёна аб “Велікодным карагодзе “Лука” ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці”; • паглыбленне ў штучны свет інтэрнэта, пагроза страты ўмення рэальнага сацыяльнага кантактавання. Моладзь, а таксама дарослыя, выбіраюць больш сучасныя формы баўлення вольнага часу, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, дзе транслююцца зусім не традыцыйныя каштоўнасці, тым самым адыходзячы ад сваёй каранёвай культуры.

Ключавыя словы

Велікодны карагод, "Лука", Маркава

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае заключэнне_Валодзіна Т.В..pdf

Экспертнае заключэнне_Валодзіна Т.В..pdf

Велікодны карагод Лука.pdf

Велікодны карагод Лука.pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

2021-03-16 - Песня_Лука-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3:

2021-03-16 - Песня_Лука-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3

2021-03-16 - Песня_Хрыстос_васкрэс-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3:

2021-03-16 - Песня_Хрыстос_васкрэс-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3

2021-03-16 - Песня_Валачобныя_людзі_добрыя-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3:

2021-03-16 - Песня_Валачобныя_людзі_добрыя-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3

2021-03-16 - Песня_Добры_вечар_пане_гаспадару-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3:

2021-03-16 - Песня_Добры_вечар_пане_гаспадару-аг_Маркава-Маладзечанскі р-н.mp3