Жаніцьба коміна і іншыя багацці ПалессяВёска Дзяржынск, якая знаходзіцца ў Лельчыцкім раёне на Гомельшчыне, вядомая ў Беларусі сваёй культурнай спадчынай.
У хуткім часе ў Міністэрстве культуры будзе разглядацца прапанова па вясельных традыцыях в. Дзяржынск Лельчыцкага раёна для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тут жа мясцовыя пчаляры старанна захоўваюць старажытнае бортніцтва, якое ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА).
Чым яшчэ багата гэтая мясцовасць, навошта «жаніць комін» і пра якія палесскія цуды можна даведацца ў Дзяржынску за адзін дзень распавяла карэспандэнт газеты Лельчыцкага раёна «Светлае жыццё» Ганна Юшкевіч у сваім рэпартажы «Дзержинский сельсовет — живая летопись Полесья». Заўсёды цікава паглядзець на адны і тыя ж падзеі вачыма розных удзельнікаў. Прапануем натакі аматараў традыцыйнай культуры, якія зладзілі этнавандроўку на Палессе, каб пабываць на абрадзе «Жаніць комін» ў в. Джяржынск (раней Радзівілавічы) Лельчыцкага раёна і в. Пагост Жыткавіцкага раёна, і разам з журналісткай газеты «Светлае жыццё» знаёміліся з «радзівілацкімі багаццямі»: — Напярэдадні восеньскага раўнадзенства нам пашчасціла ўбачыць унікальны абрад «Жаніцьба коміна», які ладзіўся ў вёсцы Радзілавічы (цяпер Дзяржынск) Лельчыцкага раёна, а таксама ў Пагосце на Жыткаўшчыне. Нас да глыбіні душы кранула тутэйшая гасціннасць — па-вясковаму простая, наіўная, але неверагодна цёплая і шчырая. Пабачыць «Жаніцьбу коміна» на ўласныя вочы і, тым больш, не проста ў выглядзе турыстычнай атракцыі, а менавіта «сустрэцца» з абрадам, прыняць у ім удзел — у наш час варта многага. Нават некаторыя элементы сцэнічнасці, непазбежныя ва ўмовах правядзення абраду ў клубе, выглядалі мілаі і душэўна. Чым больш бываеш у розных мясцінах Беларусі, на розных святах, тым больш пачынаеш любіць і цаніць вясковых людзей. Тое, як яны радуюцца, калі бачаць, што да іх адмыслова едуць людзі, асабліва маладыя ў народных строях, каб наведаць і далучыцца да іх свята, выразіць павагу, — гэта вельмі кранае. Здаецца, што ў такія моманты яны самі пачынаюць адчуваць важнасць свайго свята і захавання традыцый. Моладзь бачыць, як людзі з усёй краіны едуць у іх вёску да іх бабуль, і, напэўна, ў іх сэрцах зараджаецца і расце гонар за сваю малую радзіму. А пажылыя бачаць, што іх справа недарэмная. Асабіста для нас быў вельмі каштоўны досвед быць часткай сапраўднай вясковай бяседы. Нам і раней даводзілася бываць ля вясковых святочных сталоў, але заўсёды не ставала часу, бо трэба вяртацца. А гэтым разам мы заставаліся начаваць у Пагосце, таму было дастаткова часу, каб традыцыйнае свята завяршылася так, як мае быць: танцамі, прыпеўкамі, даўгім застоллем і песнямі. Для нас, як шчырых аматараў этнаграфіі, было вялікім гонарам стаць часткай гэтай падзеі і паспяваць разам з гэтымі жанчынамі, раздзяліць моманты яднання жанчын з усёй вёскі, паўдзельнічаць у самім абрадзе. Асабліва хочацца адзначыць, што такія паездкі даюць значна больш, чым проста знаёмства з абрадам. Тут можна і паспяваць з мясцовымі бабулямі, паслухаць іх гісторыі, даведацца ад мясцовага краязнаўцы пра старажытныя каменныя крыжы, якія захаваліся ў наваколлі і якія наўрад ці знойдзеш без чалавека, што добра ведае свае мясціны, чые продкі жылі тут не адно пакаленне. А яшчэ — патрапіць на экскурсію ад бортніка і пакаштаваць барцявы мёд. Гэта было сапраўды незабыўна: не проста пабачыць нешта цікавае, а адчуць жывую повязь часу, традыцый і людзей, якія іх берагуць.
абрад «Жаніцьба коміна» ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна
абрад «Жаніцьба коміна» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна
Ля каменнага крыжа ў в. Дзяржынск, мясцовыя жыхары называюць яго Родзік
Знаёмства з традыцыяй бортніцтва, в. Дзяржынск
в. Пагост
Выказваем шчырую падзяку ўсім, хто нас прымаў і дапамагаў арганізаваць вандроўку: Бяспалай Таццяне Адамаўне Гамзовіч Рэгіне Станіславаўне Лукашэвічу Валерыю Мікалаевічу Сіваку Васілю Уладзіміравічу Сівак Наталлі Мікалаеўне і ўдзельнікам фальклорнага калектыва «Пралеска» з в. Дзяржынск Торчык Ірыне Ціханаўне і ўдзельнікам фальклорнага калектыва «Міжрэчча» з в. Пагост.
Аўтары нататак Глушко Мар’я, Шаўчэнка Ксенія.
Паводле газеты Лельчыцкага раёна «Светлае жыццё». Фота Гумінскай А.В., удзельнікаў вандроўкі. Не указан форум для отзывов. |













