Дайджэст падзей у жніўніСёлета апошні месяц лета стаўся багатым на розныя падзеі ў сферы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, сярод іх – шматлікія фестывалі і святы. Яны адрозніваліся па статусах – раённыя, абласныя, рэспубліканскія, а таксама па месцах правядзення – ад сядзібы ў невялікай вёсачцы да вялікіх пляцовак ў гарадах і не толькі . Узгадаем некаторыя з іх. Жнівень распачаўся у Мінскай вобласці рэгіянальным фэстам «У Пласток на квасок», які штогод праводзіцца ў Любанскім раёне ў вёсцы Пласток. Месца правядзення мерапрыемства выбрана не выпадкова. Заўзятымі арганізатарамі фэста выступаюць прыхільнікі традыцыйнай культуры розных мястэчак Любаншчыны – загадчык мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі Соф’я Міхайлаўна Каток, жыхарка в. Пласток, і загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Георгіевіч Выскварка, ураджэнец в. Пласток. Фэст ладзіцца на вясковай сядзібе Паўла і Марылі, дзядулі і бабулі Сяргея Георгіевіча. Цёплую, утульную атмасферу, у якой звычайна праходзіць свята, яшчэ больш падкрэслівае непасрэдна сам прадмет фэсту – традыцыйная, сапраўды народная страва з адметнай мясцовай назвай «квас», якая гатуецца з капуснага расола, крупы і грыбоў. Кожная пластокская гаспадыня валодае сакрэтамі прыгатавання гэтай улюбёнай стравы і гатова пачаставаць усіх удзельнікаў свята сваім арыгінальным «супам». Здавалася б даволі простая і шырока распаўсюджаная страва стала цэнтральнай падзеяй фестывалю – яна згуртавала вакол сябе шматлікіх аматараў народных традыцый і стала выдатнай нагодай для сустрэч і жывога камунікавання.
Тэма кулінарных традыцый на Беларусі атрымала працяг у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Тут 22 жніўня прайшоў бульба-фэст «Воранаўскi дранiк», прысвечаны сапраўды народным стравам з таркаванай бульбы. Тэхналогія іх прыгатавання, як і культура іх ужывання ў Беларусі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і прапанавана нашай краінай для ўнясення ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА). Падрабязна пра мерапрыемства ў Воранаўскім раёне можна даведацца на сайтах дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і раённага выдання «Воранаўская газета».
22 жніўня аграгарадок Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці стаў пляцоўкай для правядзення свята ткацтва «Кросенцы», асноўнай мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя традыцыйных тэхналогій вытворчасці неглюбскіх ручнікоў. Нагадаем, што Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і ў 2025 годзе была прызнана часткай сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА).
На пляцоўцы Няглюбскага цэнтра ткацтва разгарнулася выстава работ таленавітых мясцовых майстрых - Людмілы Кавалёвай, Алены Дзёмчыхінай і Таццяны Суглоб.
Праграма свята атрымалася насычанай. На рамесных пляцоўках можна было не толькі ўбачыць працу майстроў, а гэта – ткацтва ручнікоў, разьбу па дрэве, выраб традыцыйнага абутку і галаўных убораў, але і паспрабаваць зрабіць штосьці ўласнаруч сваімі рукамі.
Сярод шматлікіх музычных гуртоў, якія сваёй творчасцю ўпрыгожвалі свята, можна было паслухаць спявачак з вядомага народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Стаўбунскія вячоркі", а таксама патанчыць пад найгрышы знанага аматара традыцыйнай культуры Гомельшчыны Віктара Шыпкова.
У аграгарадку Опаль Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці адбыўся шосты рэгіянальны фестываль «Опальскі фальварак вітае гасцей». Традыцыйнае свята прайшло 23 жніўня. Культурны змест праграмы фэста аздаблялі каларытныя опальскія гаворкі. Сёння практыка выкарыстання гэтага лакальнага моўнага дыялекту прэтэндуе на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Адной з цэнтральных падзей месяца стаў IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які адбыўся 15 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Гэта маштабнае свята аб’яднала носьбітаў традыцыйнай культуры, народных майстроў, фальклорныя калектывы і шматлікіх гасцей. Фестываль стаў яркай падзеяй культурнага жыцця Беларусі і прадэманстраваў багатую і самабытную спадчыну Беларускага Палесся. Падзеі фестывалю шырока асвячаліся рознымі інфармацыйнымі рэсурсамі краіны.
Фота і інфармацыйныя матэрыялы з рэсурсаў БелТА, установы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці», раённае выданне «Воранаўская газета», газеты Іванаўскага раёна «Янаўскі край», гзеты Любанскага раёна «Голас Любаншчыны»
Форум для отзывов 1 не существует. |






















