Пра традыцыю праз падзеі
У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” традыцыйна праходзіць свята-конкурс майстроў выцінанкі “Ажурныя мары”. У гэтым годзе 10 і 11 ліпеня можна было пабачыць выдатныя папяровыя працы і пазнёміцца з беларускімі майстрамі, якія прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі. Увогуле, на сёняшні дзень выцінанка, як традыцыйнае рамяство, захоўвае сваю актуальнасць і запатрабаванасць, займае пачэснае месца на ўзроўні “высокага мастацтва” не толькі ў беларускай культурнай прасторы, але і сусветнай. Элемент НКС "Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" як частка нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў 2024 г. уключана ў адпаведны Спіс ЮНЕСКА.
Таленавітасць і пладавітасць беларускіх майстроў уражвае. Так, напрыканцы мая бягучага года на базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага прайшоў IV Рэспубліканскі творчы форум “Выцінаем разам”.
На мерапрыемства з’ехаліся майстры "нажніц і паперы" з усёй Беларусі. Прастора форуму была насычана рознымі складнікамі: выступы ўдзельнікаў на разнастайныя тэмы, прэзентацыі розных праектаў, творы майстроў-удзельнікаў, якія былі прадстаўлены на выставе ў межах форуму, а таксама неверагодная колькасць цікавых выцінанак студэнтаў і выкладчыкаў каледжа, якія аздабляюць кожны квадратны метр будынка ўстановы. У паветры проста “ляталі” творчыя ідэі, а канцэнтрацыя прыгажосці ў часе і прасторы дасягала неверагоднага абъёму.
Маладзечна нездарма стала пляцоўкай для правядзення такога мерапрыемства. Яшчэ напрыканцы ХХ ст., дзякуючы дзейнасці Вікторыі Мікітаўны Чэрвонцавай, пачала зараджацца Маладзечанская школа выцінанкі. Сёння ўжо дзейнічае сямейная дынастыя Чэрвонцавых. Вучні Вікторыі Мікітаўны і іх паслядоўнікі пры дапамозе нажніц і паперы ствараюць неверагодныя па сваёй прыгажосці творы. У Маладзечна працуе аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (далей ДПМ), якое было адкрыта ў 1995 годзе пры Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага. Багаты творчы і педагагічны вопыт Чырвонцавай В.М. дазволіў стварыць абгрунтаваную методыку выкладання выцінанкі і вучэбную праграму, зацверджаную Міністэрствам культуры Рэспублики Беларусь у 2001 годзе. Такім чынам, школа традыцыйнай выцінанкі была створана і на сённяшні дзень паспяхова існуе ў розных фарматах, і тут выпадае гаварыць ужо пра традыцыю выразання з паперы асобна Маладзечанскай школы. Пра выцінанку толькі ў Маладзечна можна распявядаць вельмі доўга. Традыцыйна кажуць:”Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць!”. Таму лепш прыехаць у гэты горад, пазнаёміцца з мясцовымі майстрамі, наведаць музей адзялення ДПМ у музычным каледжы, дзе прадстаўлены разнастайныя па свайму ўвасабленню творчых канцэптаў працы выкладчыкаў і студэнтаў з розных матэрыялаў, у тым ліку з паперы і ў “стылі выцінанкі”. Гэты выдатны збор твораў – адзін з фарматаў рэпрэзентацыі Маладзечанскай школы выцінанкі.
Не паспеў закончыць сваю работу Маладзечанскі форум, як у сталіцы адкрылася выстава майстроў выцінанкі Мінскай вобласці, якая працавала да пачатку ліпеня. Тут былі прадстаўлены работы майстроў Цэнтральнага рэгіёну краіны, а таксама розныя інфармацыйныя матэрыялы і праекты па Мінскай вобласці, звязаныя з мастацтвам выразання з паперы.
Выглядае, што падзеі ў свеце выцінанкі адбываюцца па прынцапу эстафеты – чарговая сустрэча з папяровым мастацтвам беларускіх майстроў прайшла ў Віцебску на Славянскім базары. На прыкладзе толькі трох падзей на працягу дзвух месяцаў бачны маштаб і ўзровень існавання традыцыі беларускай выцінанкі, якую сёння трымае вялікая супольнасць майстроў-выцінаншчыкаў ва ўзаемадзеянні з дзяржанымі ўстановамі і органамі кіравання. І ўсе ўдзельнікі гэтага згуртавання лічаць традыцыйнае выразанне з паперы каштоўнай і важкай часткай культурнай спадчыны краіны, а сярод “ажурных мар” беларускіх майстроў – стварэнне музея выцінанкі, дзе будуць экспанавацца творы выцінаншчыкаў з усёй Беларусі.
Фота старонкі сац. сетак Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнікаў IV Рэспубліканскага творчага форуму “Выцінаем разам”, А.Гумінскай
Форум для отзывов 1 не существует. |






