Этнавандроўкі на Каляды: незвычайны Шчадрэц у Рычоўскай школе

Шчадруюць у Жыткавіцкім раёне паўсюль! Калі паглядзець Каляндар падзей Жыткаўшчыны, убачым, што Шчадрэц – усеагульнае свята, якое адзначаюць больш 20 населеных пунктаў раёна. 

Сёлета спецыялістам ІПКіПК БДУКМ, якія займаюцца пытаннямі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, давялося наведаць Жыткавіцкі раён напярэдадні Шчодрага вечара, пабываць разам з гуртом шчадроўшчыкаў на свяце ў Рычоўскай сярдняй школе і пабачыць шмат цікавых падыходаў да арганізацыі традыцыйнага святкавання. 

Напярэдадні да ўдзельнікаў народнага фальклорнага аўтэнтычнага калектыву “Дубравіца” прыехала невялікая група маладых людзей з Мінску. Яны натхніліся спевамі гурта падчас папярэдніх сустрэч у летніку “Карагоднае кола”, на Міхайлаўскі кермашы ўвосень, а зараз мелі намер шчадраваць разам. Таму ў гурце шчадроўшчыкаў на наступны дзень былі дзве козачкі, два мядзведзікі, пара цыганак і іншыя цікавыя персанажы. А калі гурт завітаў у школу, то да свята далучыліся дзеці і настаўнікі, колькасць традыцыйных калядных масак і персанажаў вырасла яшчэ больш, і ніхто не быў падобны адзін на аднаго.

IMG_20230113_132159 (2).jpg

IMG_20230113_131011 (2).jpg

Школьная імпрэза прыемна ўразіла сваёй разнапланавасцю і багаццем святочных сюжэтаў. Падрыхтавала яе Наталля Рыгораўна Каляда ў межах факультатыўных заняткаў духоўна-патрыятычнага выхавання для 5 класа, але ўдзельнічалі ў ёй вучні ўсіх узростаў разам з настаўнікамі, а таксама шматлікія запрошаныя госці. Спачатку гасцей прывітаў айцец Аляксандр, настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы ў Рычове. Пасля дзеці паказалі пяшчотную інтэрмедыю з анёламі і галоўнымі персанажамі гісторыі Божага нараджэння, якая не завяршылася прыходам вешчуноў з дарамі, а працягнулася шчадраваннем. Распачаў яго гурт “Дубравіца”, галоўная песня якога на свята – гэта ўзнёслая гісторыя пра Божую Маці, пасля якой пачынаюцца вясёлыя скокі з казой і мядзведзем. Шчадроўнікаў гаспадыня запрасіла за стол з пачастункамі, і, калі старэйшыя госці селі на покуці, пайшлі гурты школьнікаў і настаўнікаў. Скакалі вясёлыя козачкі, спаборнічалі між сабой мядзведзікі, а ў завяршэнне прыйшлі цыганы з канём, разам з якімі пачаліся танцы і гульні. Такім чынам, на невялікай школьнай пляцоўцы адзін за другім прайшоў цэлы карагод калядных звычаяў, паступова сцерлася мяжа паміж дзецьмі і дарослымі, вучнямі і настаўнікамі, носьбітамі традыцый і пераемнікамі зблізку і здалёку.

Але жыхары аграгарадка Рычоў не былі ў школе і чакалі гурт шчадроўшчыкаў у сваіх дамах, куды і накіраваліся спявачкі “Дубравіцы” разам з мінскімі гасцямі, якія адмыслова вывучылі мясцовыя песні, мелі з сабой адметныя маскі казы і мядзведзя, добрую цыганку і музыку. Усім было цікава паглядзець і паслухаць адзін аднога, добра паспяваць і пабыць разам! А вечарам іх яшчэ чакала паездка ў Жыткавічы на “Калядны карагод”.

Пасля свята яго ўдзельнік з Мінска Аляксей Піскун, зрабіў відэфільм Каляды ў Рычове і Жыткавічах пра ўсе адметныя падзеі гэтай этнавандроўкі: супольныя спевы і размовы з рычоўскімі спявачкамі, падрыхтоўку гурта шчадроўшчыкаў і дзіцячы спектакль, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі падчас абыходу двароў, раённае свята і многія іншыя моманты, якія застануцца дарагімі ўспамінамі. 

Сапраўды, вопыт паказвае, што традыцыйныя народныя святы, лепш не назіраць, а святкаваць разам!

IMG_20230113_144357 (2).jpg

IMG_20230113_142146 (2).jpg

Больш пра традыцыйны Шчадрэц і багатую культурную спадчыну вёсак Жыткавіцкага раёна чытайце ў артыкулах:

С “козой”, гармонистом и “цыганкой”. Как полесская деревня Щедрый вечер отмечала (Смартпресс, 14.01.2023)

"В 73 года поехала покорять Берлин". Как баба Катя сделала деревню известной на весь мир (Смартпресс, 27.01.2023)

У вёсцы Рычоў адгулялі Міхайлаўскі кермаш (Новае Палессе, 30.11.2022)

Рычоўская “Дубравіца” здзіўляе ўнікальным рэпертуарам і “вянкамі” песень (СБ, 21.12.2016)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.