Асноўныя падзеі ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2022 годзе

Асноўныя падзеі ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2022 годзе

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2022 годзе былі ўключаны 8 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС). Гэта 6 рэгіянальных традыцый прыгатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы, традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна ў в. Перароў Жыткавіцкага раёна і традыцыйная калядная батлейка "Віцебскі жлоб" у г. Наваполацку і г. Віцебску. Па выніках года ў Дзяржспісе знаходзяцца 164 нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, сярод іх 47 традыцыйных рамёстваў, 23 традыцыйныя цырымоніі, 15 выканальніцкіх мастацтваў, 17 рэгіянальных праяў традыцыйнай кухні, 11 праяў светапогляду, міфалогіі, вусных традыцый, 51 геральдьчны і тапанімічны аб’ект. Статыстычныя звесткі пра нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці за 2022 год апублікаваны ў раздзеле сайта Рэсурсы - Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы

У Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўключаны элемент НКС “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні” (Straw weaving in Belarus, art, craft and skills). Такое рашэнне прынята на пасяджэннні XVII сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 1 снежня 2022 года. Гэта пятая беларуская каштоўнасць у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Міжнародны навукова-практычны семінар “Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў” прайшоў у Мінску 15-17 лістапада 2022 года. У семінары прынялі ўдзел каля 60 спецыялістаў, даследчыкаў і практыкаў у сферы аховы НКС, у тым ліку 15 навукоўцаў з краін СНД.. Для шырокага кола зацікаўленых у межах семінара 15 лістапада быў арганізаваны канцэрт “Традыцыі і пераемнікі” ў спартыўна-культурным цэнтры БДУКМ і працавала выстава “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі” з 12 да 20 лістапада ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Матэрыялы семінара апублікаваны на інфармацыйных рэсурсах БДУКМ

Рэспубліканскі семінар-практыкум “Гісторыка-культурная спадчына як рэсурс устойлівага развіцця Гродзенскага рэгіёна” прайшоў 19-20 кастрычніка 2022 года ў Гродзенскім, Лідскім, Слонімскім раёнах і г. Гродна. Асаблівая ўвага ў межах семінара была нададзена прэзентацыі работы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай, багаты практычны вопыт якой назапашаны на Гродзеншчыне. 

З удзелам спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прайшлі рэгіянальныя адукацыйныя мерапрыемствы:

абласны семінар-практыкум “Праца з элементамі НКС: актуальныя падыходы да выяўлення, выкарыстання і захавання” 30 сакавіка ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці;

абласны семінар-практыкум “Актуальныя пытанні аховы нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей” 12 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы;

абласны семінар "Актуальныя пытанні аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гомельскай вобласці" 25 лістапада ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці.

Курсы павышэння кваліфікацыі “Вывучэнне, захаванне і выкарыстанне нематэрыяльнай культурнай спадчыны” ўпершыню прайшлі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” з 6 па 10 чэрвеня. Адукацыйная праграма прызначана для кіруючых работнікаў і спецыялістаў арганізацый культуры, абласных, раённых гарадскіх выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Група павышэння кваліфікацыі для спецыялістаў у сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны будзе працаваць штогод.

Фальклорна-этнаграфічны летнік “Карагоднае кола” прайшоў у Жыткавіцкім раёне з 1 па 7 жніўня 2022 года. Летнік быў арганізаваны ў межах рэалізацыі гранта ЮНЕСКА на падтрымку жыццядзейнасці элемента НКС “Вясновы абрад “Юраўскі карагод”, уключанага ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая патрабуе тэрміновай аховы. Да культурнай спадчыны вёскі Пагост і іншых мясцін старажытнай Тураўшчны падчас дзейнасці летніка змаглі далучыцца больш 50 чалавек з розных мясцін Беларусі.

Напярэдадні Новага году 29 снежня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці яшчэ двум элементам НКС: “Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра "Мірская батлейка" у Карэліцкім раёне і "Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя" ў Крычаўскім раёне і г.Магілёве. Але пастанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай кашоўнасці гэтым элементам будзе прынята ў 2023 годзе.

2022.jpg
Чым 2022-і быў адметны ў плане аховы гісторыка-культурнай спадчыны?
 (Культура, 13.01.2023)








Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.