Этнавандроўкі: калядныя спеўкі ў Палескай глушы

Этнавандроўкі: калядныя спеўкі ў Палескай глушы

21.12.2022 

У марозную зімовую суботу 17 снежня 2022 г. вялікая група прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры з г. Мінска выправілася ў Ганцавіцкі раён, каб разам з носьбітамі традыцый паглыбіцца ў мясцовыя спевы, музыку, танцы, узгадаць пра таямнічыя абрады, пакаштаваць мясцовыя прысмакі.

Прымаў гасцей сельскі дом культуры аг. Хатынічы і тры фальклорныя калектывы, што дзейнічаюць пры ім. Гэта славуты аўтэнтычны гурт “Хатовічы”, фальклорны ансамбль “Надзея” і дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка”. Пра дзейнасць калектываў носьбітаў і пераемнікаў ужо шмат гадоў клапоціцца іх кіраўнік Буйкевіч Таццяна Іванаўна, якой не ўпершыню прымаць шматлікіх гасцей, што едуць дакрануцца да жывой спадчыны Беларускага Палесся.

Распачалася імпрэза ў адмыслова падрыхтаванай вясковай хаце, дзе спачатку сталічныя госці прэзентавалі вынікі сваіх папярэдніх вандровак па Ганцавіцкім Палессі – чарговую серыю відэапраекта “Традыцыйны строй”, прысвечаную народнаму адзенню Ганцавіцкага раёна і відэафільм ”Ульяна Віннік – носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый”. Неўзабаве з'явіцца і новы фільм Калядня спеўкі ў Палескай глушы

320618077_1949675962064899_5078378681617792864_n.jpg

Пасля за імправізаваным вясельным сталом старэйшыя жанчыны паказалі, як “застрыгалі маладых” на вяселлі – спачатку благаслаўлялі дзвюма свечкамі, кожная з каторых была скручана з трох асобных, пасля злучалі невялікія пасмы валасоў маладой і маладога, крыху падстрыгалі іх, а краёчкі абальвалі полымем свечак. Усё гэта для таго, каб два розныя роды надзейна спляліся ў адзін і сям’я была моцная і дружная. Свечкі не гасілі, а адразу ставілі ля абраза на покуці, пераплятаючы адзіным танюткім паяском. Навіванне наміткі маладой і вясельныя спевы завяршылі абрадавую дзею.

Традыцыйнае застолле з адметнымі мясцовымі стравамі чакала ўдзельнікаў калядных спевак у Хатыніцкім сельскім доме культуры. Стол быў багаты і разнастайны, гаспадыні не толькі шчодра частавалі гасцей, але і дзяліліся рэцэптамі страў і напояў. Грыбны квас, калдуны і чырвоны кісель упадабалі ўсе, дамашняга сыра, бліноў і хрушчоў хутка не засталося. З нецярпеннем свайго ўдзелу ў імпрэзе чакалі дзеці і падлеткі гурта “Крынічка”, якія распачалі танцы. Гэта іх любімы жанр фальклору, таму яны танчылі не толькі між сабой, але і з гасцямі, сярод якіх таксама аказалася многа спрытных танцараў.

320880388_528408075880318_7862758308868218486_n.jpg

Варта расказаць крыху і пра гасцей, якія імкнуцца паспытаць каларытнай вясковай народнай культуры, што захоўваецца таленавітымі людзьмі ў розных куточках нашай краіны. Гэта ўдзельнікі Школы традыцыйнага мастацтва, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, фальклорна-этнаграфічных гуртоў “Гуда”, “Варган”, “Астроўна” і іншых суполак. Даведаліся яны пра багацце традыцый Ганцавіцкага раёна ад Уладзіміра Кандрацені, – хлопца, што нястомна збірае адметныя артэфакты, якія сведчаць пра неверагодна багатую фальклорную спадчыну яго радзімы. Ён жа выступіў ініцыятарам гэтай сустрэчы, якую арганізаваў супольна з дырэктарам Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Алай Васільеўнай Занька.

Ала Васільеўна расказвала пра творчую дзейнасць усіх удзельнікаў сустрэчы – носьбітаў, пераемнікаў, майстроў,–  з глыбокім веданнем мясцовай культуры і вялікай павагай да традыцый свайго краю. На наступны дзень яна ўсіх запрасіла ў раённы дом рамёстваў, дзе гасцей чакала многа новых дзівосаў.

Пасля пачастункаў і танцаў нарэшце пачаліся тыя калядныя спеўкі, дзеля якіх і ладзілася гэтая сустрэча. Калядаванне на Шчадрэц 13 студзеня – жывая і запатрабаваная традыцыя ў Хатынічах. Аграгарадок гэта вялікі, больш 20 вуліц раскінуліся на некалькі кіламетраў у даўжыню і шырыню, таму многа людзей чакае калядоўшчыкаў. І кожны можа паспрабаваць сябе ў гэтай ролі, прынесці ў дом аднасяльчан добрыя песні і цёплыя зычэнні. Удзельніцы аўтэнтычнага гурта “Хатовічы” заспявалі свае любімыя калядкі “Дзе б мы не ходзілі”, “Ой за сеньмі за сенечкамі”, “Ой ці ты дома, пане госпадарэ?, “Просіў месяц ясну зору”, а госці падхапілі, старанна ўглядаючыся ў тэксты з асаблівасцямі мясцовага маўлення. А паколькі ўся імпрэза адбывалася за шчодра накрытым традыцыйным сталом з-за якога выходзілі толькі паскакаць, то вывучылі і цэлы шэраг бяседных песень, сярод якіх чаграваліся то лірычныя, то жартоўныя. У чарговы раз пусціўшыся ў скокі пад гучны яскравы гармонік Ярашэвіч Кацярыны Сцяпанаўны заспявалі прыпеўкі. Тут ужо і госці спраўна далучыліся і нават крыху паспаборнічалі з мясцовымі спявчакамі, бо вядома, што прыпеўка – самы дэмакратычны і творчы жанр спеўнай традыцыі. Часу паспяваць хапіла ўсім тром пакаленням удзельнікаў вечарыны, бо мясцовая моладзь, што церпяліва чакала сучасную дыскатэку, добра ведала пра фальклорны прыарытэт у рабоце мясцовага клуба. Для начлега гасцям вылучылі вольны вясковы дом, у якім ля добра прапаленай печы спевы і танцы не сціхалі да глыбокай ночы.

320801227_5639615216114753_2374976951216503016_n.jpg

Назаўтра выправіліся ў Ганцавічы, дзе былў запланаваны шэраг майстар-класаў з адметнымі мясцовымі майстрамі. Вандроўнікаў гасцінна прымалі дырэктар Ганцавіцкага раённага цэнтра рамёстваў – Ала Васільеўна Занька і майстры Алена Мікалаеўна Цялушка і Наталія Анатольеўна Васіленка. Толькі экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі цэнтра заняла больш за гадзіну, бо за кожным экспанатам разгортваліся неверагодна цікавыя гісторыі, якія старанна збірае і захоўвае ўжо многа гадоў Ала Васільеўна. Майстар-клас па ткацтву пачынаўся з самых першых крокаў па апрацоўцы лёну, які трэба было мяць, трапаць, часаць, затым пад кіраўніцтвам вопытных ткачых усе паспрабавалі снаваць і запраўляць кросны, і толькі тады можна было сесці за стан. Ткалі простым двухнітовым ткацтвам ходнікі, якія сёння карыстаюцца вялікім попытам на кірмашах, бо лёгка знаходзяць прымяненне ў сучасных дамах і кватэрах.

IMG_20221218_120131.jpg  IMG_20221218_120357.jpg

 IMG_20221218_144803.jpg  321276504_832927791153600_7384822324720430988_n.jpg

На наступны раз запланавалі павучыцца мясцоваму роспісу, якім дасканала валодае Вольга Паўлаўна Івановіч і робіць традыцыйныя маляванкі на шкле, тканіне, дрэве. Вяртаўся дадому кожны з калядным сувенірам, падарункам або з адметнай прыгожай рэччу для ўласнай гаспадаркі, шырокі выбар якіх прапануецца майстрамі ў доме рамёстваў.

Удзельнікі Калядных спевак выказваюць шчырую падзяку за выдатную магчымасць дакрануцца да багаццяў мясцовай традыцыйнай культуры ўсім арганізатарм праекта “У Палескай глушы”, сярод якіх ДзУК “Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў”, Хатыніцкі сельскі дом культуры ДзУК “Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма", культурныя ініцыятывы “Палескі палын”, “Традыцыя”, Школа традыцыйнага мастацтва (г. Мінск)

Алена Каліноўская,
вядучы спецыяліст ІПКіПК БДКУМ
"Краязнаўчая газета" № 5 (922), люты 2023 года


IMG_20221218_122359.jpg

IMG_20221218_153324.jpg

Асаблівая падзяка аўтарам відэа- і фотаальбомаў падзеі:

Мікалаю Міцюшыну
Калядныя сьпеўкі ў Хатынічах 18.12.2022 (відэаальбом)
Калядныя сьпеўкі ў засьнежаных Хатынічах *17.12.2022 (фотаальбом)

Алене Паўлоўскай
Краявіды аг.Хатынічы
Ганцавіцкі дом рамёстваў (фотаальбом, ч.2)
Ганцавіцкі дом рамёстваў (фотаальбом, ч.1)
Калядныя спеўкі: танцы з гуртом “Крынічка” (відэа)



Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.