Статус нацыянальнай спадчыны праз прызму UNESCO
04.03.2022 У № 9 штотыднёвай грамадска-асветнiцкай газеты “Культура” апублікаваны артыкул “Напрацаванае чалавецтвам павінна жыць”, які змяшчае інтэрв’ю карэспандэнта Надзеі Кудрэйкі з экспертам ад Беларусі ў Міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, старшым выкладчыкам кафедры культуралогіі БДУ Алай Сташкевіч. Гаворка ідзе і пра ролю сайта “Жывая спадчына Беларусі” ў справе інвентарызацыі нематэрыяльных культурных каштоўнасцей. — Апошнім часам у актыўны ўжытак у Беларусі ўвайшлі словазлучэнні “нематэрыяльная культурная спадчына” і “статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці”: навіны пра тое, што нейкая народная традыцыя атрымала статус ці трапіла ў спіс UNESCO, з’яўляюцца бесперапынна. Але што стаіць за падобнымі тэрмінамі і што азначае наданне статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці? Думаю, акрамя неспецыялістаў далёка не ўсе да канца разумеюць, што гэта ўвогуле за паняцце — нематэрыяльная культурная спадчына і ў чым сэнс надання яе асобным элементам афіцыйнага статусу. Давайце паспрабуем расказаць самыя базавыя рэчы, на чым гэтая справа — з аховай падобнай спадчыны — базуецца. — Само паняцце нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) з’явілася ў 2003 годзе з прыняццем адпаведнай канвенцыі UNESCO. Яно ўвабрала ў сябе такія вядомыя тэрміны, як фальклор, традыцыйная культура, у пэўным сэнсе масавая культура. Да пачатку новага тысячагоддзя ўсе ўяўленні пра культурную спадчыну ў асноўным зводзіліся да яе матэрыяльных здабыткаў: помнікаў архітэктуры, археалогіі, твораў мастацтва і г. д. Менавіта матэрыяльнай спадчыне былі прысвечаны і большасць міжнародных нарматыўных актаў, уключаючы канвенцыі UNESCO. Але ў 1970-х гадах урад Балівіі выступіў з ініцыятывай падрыхтоўкі міжнароднага акта, які б ствараў сістэму аховы і для нематэрыяльнай культуры. Бо ў гэтай краіне, як і шмат дзе ў Лацінскай Амерыцы, аўтахтоннае насельніцтва — індзейцы — на працягу гісторыі не мела пісьменства, і ўся яго культурная спадчына наступным пакаленням перадавалася вусным чынам: дакументаў і помнікаў матэрыяльнай культуры амаль не захавалася. Як вынік разваг і даследаванняў экспертаў у 1989-м годзе з’явіліся рэкамендацыі UNESCO аб захаванні фальклору, дзе асаблівая ўвага надавалася той спадчыне, якая не мае матэрыяльнага ўвасаблення: творчым практыкам, якія вельмі ўразлівыя і паступова знікаюць, калі знікаюць іх стваральнікі і носьбіты. А ў 1999 годзе UNESCO разам са Смітсанаўскім інстытутам у ЗША распрацавалі дадатак да раней існуючага спіса “Шэдэўры вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва”: пасля аб’екты з гэтага спіса аўтаматычна перанесліся ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які дзейнічае і па сёння. Такім чынам, у 2003 годзе міжнароднай супольнасцю быў падрыхтаваны новы міжнародны заканадаўчы акт — Канвенцыя UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дарэчы, Беларусь падпісала Канвенцыю ў ліку першых 26 краін свету — у лютым 2005 года. На сёння гэта другая па папулярнасці канвенцыя UNESCO: яе падпісалі 180 краін са 195 краін-удзельніц. Большая лічба толькі ў Канвенцыі 1972 года аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны: яе ратыфікавалі 192 краіны. — Што менавіта можна адносіць да НКС? — Паводле Канвенцыі, “нематэрыяльная культурная спадчына — гэта звычаі, формы прадстаўлення, веды і вопыт, а таксама звязаныя з імі прадметы, артэфакты і культурная прастора, якія прызнаюцца пэўнымі супольнасцямі, групамі альбо асобнымі людзьмі ў якасці іх культурнай спадчыны і перадаюцца з пакалення ў пакаленне”. То-бок гэта спадчына, якая пастаянна развіваецца і аднаўляецца яе носьбітамі і практыкамі. У агульным сэнсе НКС падзяляецца на дзве вялікія катэгорыі: традыцыйныя веды і практыкі і культурныя экспрэсіі. Да першай, напрыклад, адносяцца народная медыцына, кулінарыя, рамёствы і промыслы, такія як бортніцтва і рыбалоўства, баявыя майстэрствы, а таксама светапогляд людзей, веды пра міграцыю жывёл і ўласцівасці раслін, агратэхнічныя прыёмы і інш. Усе яны маюць вялікі патэнцыял да развіцця і інтэграцыі ў сучасную культуру, становяцца асновай для стварэння розных ноу-хау і сучасных крэатыўных індустрый. Тая ж тыбецкая медыцына, сучасная ёга заснаваныя менавіта на традыцыйных ведах. Другая катэгорыя НКС — так званыя культурныя экспрэсіі. Да іх адносяцца ўсе вусныя традыцыі і формы выражэння: тое, што звыкла вызначаецца як фальклор. Істотна, што сюды ўваходзіць і мова з рознымі сваімі дыялектамі. А яшчэ гэта выканальніцкія мастацтвы — песні і танцы. І гэта гульні, абрады і святы. — Як ахоўваць нейкі старажытны будынак — зразумела. А калі гаворка пра нематэрыяльную каштоўнасць? — Для матэрыяльнага аб’екта спадчыны асноўнымі крытэрыямі з’яўляюцца аўтэнтычнасць і цэласнасць (матэрыялу, асяроддзя, тэхнік). Для яго захавання існуюць заканадаўча вызначаныя інструменты: гэта кансервацыя і, калі патрэбна, рэстаўрацыя. У дачыненні да нематэрыяльных каштоўнасцей падобныя метады не падыходзяць, паколькі ў дадзеным выпадку мы маем справу са спадчынай, якая пастаянна развіваецца, змяняецца і аднаўляецца носьбітамі, і таму любая кансервацыя пагражае яе існаванню. У гэтым сэнсе і паняцце “аўтэнтычны” не адпавядае духу Канвенцыі. Часта можна пачуць, што ладзіцца “аўтэнтычны” абрад. А што гэта значыць? Што ён — сапраўдны і адпавядае пэўным гістарычным узорам? Тым не менш першыя пісьмовыя запісы большасці абрадаў адносяцца да другой паловы ХІХ стагоддзя, а аўдыя- і відэазапісы з’яўляюцца толькі ў 1960—1970 гадах. У такім разе аўтэнтычнасць павінна вымярацца менавіта гэтымі датаванымі крыніцамі? З пункту гледжання Канвенцыі 2003 года лепей карыстацца іншым паняццем, заснаваным на пэўных устойлівых архетыпах, — цэласнасці кантэксту. Менавіта архетыпы і складаюць той самы прадмет аховы ў дачыненні да канкрэтных элементаў НКС. Такім чынам, асноўным спосабам захавання НКС з’яўляецца забеспячэнне належных умоў для яе жыццядзейнасці, падтрымка носьбітаў традыцыі, павышэнне інфармаванасці грамадства пра яе. — Можна сказаць, што такая спадчына павінна быць “жывой”… — Так, яна павінна развівацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне. Асноўнымі бенефіцыярамі гэтай спадчыны з’яўляюцца датычныя да яе супольнасці, групы і асобныя людзі, бо менавіта яны звязваюць з ёю сваю ідэнтычнасць і адказныя за яе перадачу. Гэтая з’ява гістарычна абумоўлена і існуе аб’ектыўна ў пэўным асяроддзі, абапіраецца на памяць канкрэтных людзей. А любая тэатралізацыя і фалькларызацыя ёй шкодзіць: гаворка пра выпадкі, калі традыцыі пачынаюць аднаўляць і дэманстраваць па спецыяльна распрацаваных культработнікамі сцэнарыях, без сувязі з кантэкстам, без удзелу саміх носьбітаў. — Як, на ваш погляд, ідуць справы з аховай НКС у Беларусі? — Я думаю, у нас НКС надаюць значную ўвагу, і ў параўнанні з іншымі краінамі мы выглядаем вельмі прыстойна. Калі ўсё толькі пачыналася, нават пытання такога не ўзнікала — падпісваць Канвенцыю ці не: зразумела — падпісваць. Бо было разуменне, што беларуская культура без уліку аспекту НКС будзе непаўнавартаснай. Беларусь у ліку першых 26 краін свету стала членам Міжурадавага камітэта UNESCO па ахове НКС, і ў 2009-м мы правялі наш першы элемент у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (адзін са спісаў Канвенцыі UNESCO 2003 г.): гэта быў абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Патлумачу, што UNESCO на міжнародным узроўні мае два спісы: згаданы, і яшчэ Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. На гэты момант ад Беларусі ў першым спісе, акрамя “Калядных цароў”, прысутнічае і веснавы абрад "Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, а ў Рэпрэзентатыўным спісе — “Культура бортніцтва" (Польшча і Беларусь) і Будслаўскі фэст. У 2009 годзе Беларусь атрымала ад Фонду НКС UNESCO фінансавую дапамогу на стварэнне Нацыянальнага інвентара НКС, які з’яўляецца вельмі важным інструментам у працэсе аховы нематэрыяльнай спадчыны. У выніку інвентарызацыі ў Беларусі ўтварылася міжрэгіянальная сетка: былі вызначаныя рэгіянальныя каардынацыйныя цэнтры, ролю якіх на гэты дзень выконваюць абласныя метадычныя цэнтры народнай творчасці. Зразумела, да справы была далучана экспертная супольнасць з навуковых устаноў, а ўзначаліў гэты працэс аддзел аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Інстытуце культуры Беларусі. У 2014-м утварылася база даных НКС “Жывая спадчына Беларусі”, увасобленая і ў форме сайта. І на сённяшні дзень у беларускім Інвентары НКС знаходзіцца 105 элементы. Інфармацыя пра іх забяспечваецца адпаведнымі дакументамі, экспертнымі заключэннямі, навуковым апісаннем. Рашэнне прымаецца Рэспубліканскай радай. — А многа гэта ці мала — 105 элементаў культурнай спадчыны з афіцыйным статусам? — Нехта можа сказаць, што ў нашай краіне больш за 5 тысяч аб’ектаў культурнай спадчыны, а элементаў НКС — толькі 105. Аднак працэс інвентарызацыі НКС — працяглы і мэтанакіраваны. Ён адбываецца знізу ўверх. Ініцыятыва сыходзіць ад саміх носьбітаў і практыкаў традыцыі: менавіта яны запаўняюць так званую намінацыйную форму. Гэта могуць быць самыя розныя людзі: спецыялісты з галіны культуры, настаўнікі, проста мясцовыя актывісты. Далей дакументы праходзяць складаную экспертызу: спачатку ў навукова-метадычных цэнтрах народнай творчасці, далей — у службе Нацыянальнага інвентара НКС. Пасля разглядаюцца на Рэспубліканскай радзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзе элементы НКС атрымліваюць ахоўны статус. То-бок гэта складаны і доўгатэрміновы працэс. Яго сутнасць у тым, як да працэдуры інвентарызацыі далучыць як мага больш зацікаўленых людзей. Гэта важна, паколькі менавіта ў такой калектыўнай працы адбываецца ацэнка гэтай спадчыны, выяўляецца яе культурнае і інтэлектуальнае значэнне, фарміруюцца адпаведныя адносіны да яе з боку грамадства. — Вырашэнне якіх праблем зараз стаіць на парадку дня? — Існуе шмат рызык для існавання НКС, напрыклад, ад няўстойлівага турызму, ад фалькларызацыі і звышкамерцыялізацыі гэтай спадчыны. Таксама мы працуем над тым, каб забяспечыць ахову чалавечых і інтэлектуальных правоў носьбітаў НКС. Да прыкладу, гэта звязана з выкананнем пэўных правіл для турыстаў і прэсы пры наведванні мясцовасцей, дзе адбываецца народны абрад ці праходзіць свята. Ці з забеспячэннем аўтарскага і калектыўнага права рамеснікаў і носьбітаў традыцыйных ведаў і практык (арганізацыя продажу вырабаў, аплата ўдзелу ў фестывалях і г. д.). Сёння гаворка павінна ісці і пра распрацоўку асобнай міждысцыплінарнай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да НКС, якая б закранала не толькі сектар культуры, але і іншыя галіны — адукацыю, ахову прыроды, сельскую гаспадарку, турызм… Бо НКС па сваім характары звязана з усімі сферамі чалавечага жыцця і таму патрабуе да сябе асаблівага падыходу. Аўтар: Надзея КУДРЭЙКА Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета “Культура” № 9 (1552) 26.02.2022 - 04.03.2022 г Форум для отзывов 1 не существует. |

