Народныя вышыўкі вартыя таго, каб іх прасоўваць!
20.01.2022 Імкнучыся вывучаць і захоўваць адметныя праявы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, мы звяртаем асаблівую ўвагу на разуменне каштоўнасці тых ці іншых традыцый іх носьбітамі і пераемнікамі. Сваім бачаннем адметных вартасцей беларускай вышыўкі, што ўпрыгожвае як этнаграфічныя, так і сучасныя беларускія народныя строі, падзялілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку Наталля Ярмалінская – майстрыха са шматгадовым досьведам вывучэння і вырабу беларускага традыцыйнага касцюма. Далей прапануем тэкст аўтаркі, апублікаваны ў сацыяльных сетках пад назвай ШТО НЕ ТАК З ВЫШЫВАНКАЙ? Зараз будзе доўгі тэкст, які трэба было напісаць гадоў пяць, а лепей дзесяць таму. Зрэшты, змест гэтага тэксту шмат разоў чулі вучаніцы гуртка @“ШЫЕМ СТРОЙ”, таму, напэўна, падавалася, што ўсе навокал у тэме. НО НЕТ! (с) Грымнуў вышымаечны бум, і ўсё стала яшчэ горш, чым было. Па парадку. Калі вы глядзіце на сучасную вышыванку-вышымайку-шкарпэткі-ігд, у вас ніколі не ўзнікала ашчушчэніе, што “штотанетак?” Вось тое няўлоўнае адчуванне несапраўднасці, неадпаведнасці, лубочнасці? Узнікала? Вэлкам у мой сусвет, дзе неспадзяваны візіт у сувенірную краму ператвараецца ў фізічны боль, а слова “вышымайка” выклікае спазмы ў вобласці страўніка. Нервовых прашу далей не чытаць, моцныя духам, – зараз я раскажу вам, што не так з сучаснай псеўдабеларускай вышыўкай. З чаго складаецца мастацкі канон беларускага касцюму? Калі паверхнева, давайце спынімся на колеры, арнаментыцы і кампазіцыі. Матэрыял пакінем па-за дыскусіяй, там усё зразумела. 1. КОЛЕР. Традыцыйныя колеры БЕЛАРУСКАЙ ВЫШЫЎКІ – чырвоны і чорны. Жоўты і зялёны пакіньце гуцулам. Паліхромная вышыўка існавала, але ў больш позні перыяд і канцэптуальна моцна адрознівалася ад таго, што ў масавай свядомасці называецца “народным строем”. Чырвоны колер дамінуе, чорны выкарыстоўваецца як акцэнт (у некаторых рэгіёнах замест чорнага выкарыстоўваецца цёмна-сіні). Адценне чырвонага – халоднае і насычанае. Той чырвоны, што па RGB – гэта не ён. Гэта больш складаны колер. ЯкІ? Ідзем у музей і фарміруем нагледжанасць. Заўвага: большасці вышытых музейных экспанатаў добра-такі выгарэлі на сонцы, таму чырвоны падаецца разбеленым. Але гэта не значыць, што вышываць сучасную традыцыйную кашулю трэба ружовым. Выхоўвайце сваё вока. 2. АРНАМЕНТ. У этнаграфічным касцюме можна вылучыць два асноўныя тыпы арнаменту, якія могуць выкарыстоўвацца як паасобку, так і разам: гэта ГЕАМЕТРЫЧНЫ (больш архаічны) і ўмоўна РАСЛІННЫ (і жывёльны, і антрапаморфны) – вышыты крыжыкам па ўзорніках спадара Бракара. Каму цікава пра Бракара – пачытайце В. Лабачэўскую “Белорусский народный текстиль». У двух словах – апошнія арнаменты не ёсць ісцінна беларускія, яны прыйшлі звонку і гарманічна ўпісаліся ў народную арнаментыку, але не маюць рэгіянальнай прывязкі і паспяхова сустракаюцца і ў Расіі, і на Украіне. Яшчэ адзін “страшны” тэзіс – не існуе значэнняў арнаменту тыпу “багацце”, “жаночая доля”, “любоўная песня" і г. д. Безумоўна, калі вы не можаце прадаць вашую вышыўку, не задурыўшы кліенту галаву “сімволікай”, то маеце права казаць што заўгодна, этнаграфічнай паліцыі не існуе. Але калі вы спрабуеце сваёй працай несці праўду – не нясіце лухты. Пры спалучэнні геаметрычнага процягавага і бракараўскага арнаментаў варта звярнуць увагу, што яны не супадаюць па маштабе. Аб гэтым пагаворым у наступным пункце. 3. КАМПАЗІЦЫЯ. Чым найперш адрозніваецца беларуская “вышыванка” (не люблю гэтае слова) ад украінскай? Правільна, месцамі вышыўкі. Ну няма ў нас у этнаграфіі вышытытых на грудзях палосак, а калі і ёсць, то гэта выключэнне, а не сістэма. З мужчынскімі кашулямі тое самае – рукавы мужыкам ніколі не вышывалі. Але ў іншых краінах, напрыклад, Расіі, вышывалі. Кампазіцыя непасрэдна арнаменту – гэта ўвогуле бяда ўсіх “стылізатараў”. Як толькі вы кранулі геаметрычны арнамент – пачніце разумець, як ён увогуле ўтвараўся ў арыгінале. А рабілася гэта так: па ўсё шырыні тканіны ці дэталі ўздоўж пракладаецца нітка шыўкамі ў пэўным рытме. У наступным радзе шыўкі ссоўваюцца на 1-2 ніткі ў адзін з бакоў – і гэтак далей. Атрымліваецца арнамент, складзены з дыяганальных ліній, якія падзяляюцца, скрыжоўваюцца, ўтвараючы самыя разнастайныя арнаменты. Мінімальны крок паміж шыўкамі 1-2 ніткі, а гэта максімум 1 мм. І вокам такая пабудова арнаменту не ўспрымаецца як “зубчатая”, вока бачыць суцэльную дыяганальную лінію. А на сучасных вышыўках часта прыходзіцца бачыць “пікселі” памерам з добрую гарошыну. Ну адкуль тут эстэтыка і тонкасць? Грубыя непрыгожыя квадраты. Гэта я да таго, што найперш геаметрычныя арнаменты трэба ўспрымаць і трансляваць як суцэльны бардзюр, бо гэта абумоўлена тэхналагічна. А па-другое, сачыце за маштабам. Нездарма кажуць “тонкая работа”. Яна сапраўды вельмі тонкая. Пра крыжыкавыя ўзоры. Вы ж памятаеце, што яны запазычаныя? Але ж гэта не значыць, што трэба ляпіць абы-што і абзываць гэта “беларускай” вышыўкай. Ізноў жа, фарміруем нагледжанасць, звяртаем увагу, якія ўзоры найбольш прыходзіліся даспадобы нашым прапрабабулям. Дарэчы, нават бракараўскія ўзоры кампанаваліся ў звыклыя бардзюры і сеткі. А адвольна складзеныя кампазіцыі з не звязаных між сабою элементаў – гэта не “па-беларуску”. І пра маштаб: вышыўка крыжыкам не павінна выглядаць як вышыўка крыжыкам. Вышыты элемент мусіць выглядаць як суцэльная колеравая пляма, без белых прасветаў. Для гэтага крыжык мусіць садзіцца на 2х2 ці 3х3 ніткі, не больш, а нітка для вышыўкі мусіць быць дастаткова тоўстай. ВЫНІК. Выхоўвайце густ і нагледжанасць!!! Музеі, альбомы, кнігі, узорнікі. У гугле вы мала што знойдзеце, у нас агромністая дзірка ў інфапрасторы. А вось кніг шмат, і музеяў шмат. Рабіце праўдзівыя вышыўкі. Народныя вышыўкі вартыя, каб іх прасоўваць!
Кашуля Магілёўская. Крамны лён, мулінэ. Вышыўка процягам, крыжыкам, касічкай.
Кашуля Ігуменская. Даматканы вінтажны лён, мулінэ. Вышыўка гарызантальным і вертыкальным
Кіраўнікі і ўдзельнікі гуртка “Шыем строй” РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства"
Форум для отзывов 1 не существует. |



