Як без дудкі, без дуды, ходзяць ногі не туды8 жніўня бягучага года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбудзецца доўгачаканы фестываль, прысвечаны аднаму са старажытных беларускіх музычных інструментаў – дудзе.
Культура беларускай дуды як каштоўны складнік нематэрыяльнай спадчыны і адначасова сучаснай культурнай прасторы праяўляецца ў разнастайных формах, ведах і практыках. Яны ўключаюць сам інструмент, яго выраб, выканальніцтва, навучанне, тэрміналогію, народныя звычаі і фальклор. Рэгіянальныя традыцыі дударства на Віцебшчыне, Міншчыне, Гомельшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і ў г. Мінску ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйныя матэрыялы пра дударства на Беларусі можна паглядзець у Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Для наведвальнікаў дударскага фэсту прадугледжан шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Так, у прасторы Свята-Пакроўскай царквы а 13:00 гадзіне адбудзецца лекцыя-дыскусія вядомага эксперта, дудара Алеся Лася «Гісторыя беларускай дуды: ад сярэднявечча да адраджэння ў XXI стагоддзі». На Малай сцэне з 13:00 да 14:20 будзе працаваць інтэрактыўная зона «Як без дудкі, без дуды, ходзяць ногі не туды», дзе кожны жадаючы паспрабуе авалодаць майстэрствам ігры на беларускіх музычных інструментах на майстар-класах пад кіраўніцтвам вядомых музыкаў Уладзіміра Берберава, Віктара Кульпіна і Ігара Адасіка. На міні-выставе кожны ахвочы зможа бліжэй пазнаёміцца з народнымі інструментамі. На працягу трох гадзін (13:00 – 16:00) будзе працаваць кірмаш рамеснікаў «Горад майстроў», дзе можна набыць сувеніры і музычныя інструменты. Таксама пройдзе практычны майстар-клас па вырабе дудак і жалеек. Кульмінацыяй фестывалю стане святочны канцэрт «Адчуй голас беларускай зямлі!», які адбудзецца на Галоўнай сцэне музея ў 14:30 з удзелам творчых калектываў «Гасцінец», «Дударыкі», «Самагуды» і інш.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Гасцінец» (г. Ракаў)
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Дударыкі» (г. Мінск)
Узорны ансамбль народнай музыкі «Самагуды» (г. Маладзечна)
Уладзімір Бербераў і Яна Патапенка (г. Мінск)
Па матэрыялах дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур»
Форум для отзывов 11 не существует. |
|






