Гармонія свету неглюбскіх ткачых7 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «Гармонія свету неглюбскіх ткачых», якая прысвечана традыцыйнаму ткацтву в. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 50 твораў тэкстылю з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Выставачную пляцоўку дапоўняць экспанаты з калекцый Беларускага дзяржаўнага музея народнай культуры, архітэктуры і побыту і Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава: інструменты для апрацоўкі льну, фотаздымкі, а таксама прадметы тэкстылю, сярод якіх – традыцыйны касцюм в. Неглюбка і шэраг яго элементаў. Наведавальнікі музея ўбачаць і разнастайныя творы мастацкага ткацтва сучасных неглюбскіх майстрыц. У неглюбскім ткацтве да сённяшняга дня захаваліся архаічныя рысы і сімволіка. Ручнікі, прадметы адзення і інтэр’ера зроблены з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Нягледзячы на сучасныя вызавы і пагрозы, з якімі сутыкаецца адметная ткацкая традыцыя, яна працягвае сваё існаванне і развіццё. Трэба адзначыць, што напрыканцы мінулага года на 20-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА ў г. Нью-Дэлі (Індыя) было прынята рашэнне аб уключэнні неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, з мэтай яе падтрымкі на міжнародным узроўні. З матэрыяламі фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі традыцыйнага неглюбскага ткацтва можна азнаёміцца ў Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Выстава «Гармонія свету неглюбскіх ткачых» будзе працаваць да 27 ліпеня 2026 года.
Паводле установы «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь»
Форум для отзывов 11 не существует. |
|




