Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласціСёлета адзначаецца 20-годдзе Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай ў 2003 годзе. У Рэспубліцы Беларусь амаль адразу пасля далучэння да Канвенцыі пачалася актыўная дзейнасць па ідэнтыфікацыі і ахове адметных праяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС). Першымі ідэнтыфікаванымі і вылучанымі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементамі НКС былі традыцыйныя каляндарныя абрады вясновага цыклу святаў Усходняга Палесся. Сярод іх быў абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” ў в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны аб неабходнасці надання яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці было прынята 5.11.2006, а ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь абрад быў Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14.05.2007. Шмат гадоў вадзілі стралу славутыя аўтэнтычныя спявачкі з вёскі Казацкія Балсуны, мясцовыя жыхары цанілі і чакалі гэту падзею, з радасцю далучаліся і ўдзельнічалі ў абрадавых дзеях. Штогод у вёску ехалі даследчыкі, этнографы і фалькларысты, студэнты і аматары фальклору, была зроблена вялікая колькасць этнаграфічных запісаў. Але колькасць жыхароў вёскі ад сярэдзіны да канца ХХ ст. зменшылася больш чым на 1000 чалавек, сёння ў Казацкіх Балсунах пражывае каля двух соцен чалавек. Таму ў справе падтрымкі жывых традыцый неабходна было шукаць новыя падыходы. Пасля 2016 практыка абраду стала перапыняцца, здаралася, што ў старэйшых жыхароў вёскі не ставала моцы ладзіць карагодныя шэсці. Але пры гэтым практыка абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” працягвалася і нават пашыралася за кошт гасцей ў іншых населеных пунктах раёну. Таму спецыялістамі ўстаноў культуры Веткаўскага раёна пры падтрымцы экспертаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў была праведзена інвентарызацыя практык правядзення абрада па ўсім раёне і падрыхтавана прапанова аб удакладненні звестак пра месца лакалізацыі традыцыі ў Дзяржспісе. Такім чынам, упершыню для нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у Дзяржспіс былі ўнесены змены у раздзел “Месца знаходжання” і цяпер, адпаведна пастанове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2022 № 83 абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў в. Казацкія Балсуны і аграгарадках Стаўбун, Неглюбка і Янова. Падрыхтоўка дакументаў дла гэтага, на першы погляд, даволі фармальнага рашэння, на самай справе, садзейнічала дадатковаму вывучэнню сучаснага стану традыцый спецыялістамі раёна, актывізацыі цікавасці да надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў мясцовых супольнасцях, правядзенню экспертнага аналізу захавання культурных традыцый. Паступова знайшлося добрае рашэнне і па падтрымцы практыкі абраду ў Казацкіх Балсунах, куды на свята прыязджае фальклорны гурт з суседняй вёскі Свяцілавічы і дапамагае ладзіць свята, да якого з радасцю далучаюцца мясцовы жыхары, дзеці і моладзь. Таму сёлета на Ушэсце 25 мая ўпершыню ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці пройдуць абрады “Ваджэнне і пахаванне стралы” у в. Казацкія Балсуны, аг. Стаўбун, аг. Неглюбка і аг. Янова Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці!
ДУК “Веткаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці” Форум для отзывов 11 не существует. |
|

